Рэцэнзія: ACWEALD / FAUSTBRUHIEL – U Zmroku

Год: 2026
Выдаўца: Skon
Рэйтынг: 7,1 / 10

Знаёмімся з новай тройцай рэлізаў Skon. Пра адзін з гэтых рэлізаў, дэбютны запіс новага гурта UDUŠŠA, я напісаў ужо даўно, а цяпер слухайма ўжо знаёмых таварышаў у новай камбінацыі.

ACWEALD (пражэкт волата Bauglir’а, стваральніка BONEHAMMER і PINEBLOOD), на гэтым рэлізе прапануе свой бадай што найбольш “панкаўскі” па якасьці гучаньня матэрыял. З прыгожай выразнай акустыкай, якая гучыць ва ўступе і фінале першага трэку, вельмі моцна кантрастуе шумны і нібы размяклы гук. У вакале ўвогуле амаль нічога немагчыма пачуць, а ў музыцы не тое каб каша, але гітара трохі паглынае ўсё астатняе.  Нават на дэма ўсё было значна чысьцей. Але можа так і трэба, бо гэта, як у нас кажуць, па пэнку. Песьня “Śmierć prychodzić z zołkam” ёсьць традыцыйным для ACWEALD дынамічным трэкам з мэлядычнай лініяй і доўгім тэкстам пра лясное ліха. “Tonučy u ahulščynie” – вострасацыяльны кавэр на легендарны гурт DOOM, у якога я ня чуў аніводнай песьні. Гучыць вельмі злосна і шалёна. Калі браць агулам, бок ACWEALD на гэтым спліце знаходзіцца на ўзроўні двух выпадковых трэкаў, узятых з таго ж самага “Archaic”. Гэта добра, але можна лепей, тым болей што спліты крыўскай сцэны за апошні час прывучылі нас да вельмі высокай якасьці. Зь іншага боку, у нас з Bauglir’ам вельмі рознае разуменьне музыкі, таму не выключана, што менавіта такі падыход для яго ёсьць найбольш правільным, а я чагосьці не разумею.

Што датычыцца FAUSTBRUHIEL, то тут хуткі рост не заўважыць папросту немагчыма. Гэты гурт у апошнія паўгады я па зразумелых прычынах слухаў вельмі часта, і таму магу лёгка прасачыць яго разьвіцьцё. Дэма і дэбютны альбом былі ўзорам буйных, але неадпаліраваных амбіцый. На спліце з PESTILENTIA хлопцы – відавочна, пад уплывам больш дасьведчаных жыхароў “Ямы” – адкінулі ўсё лішняе і запісалі доўгі трэк, заснаваны на чыстых рыфах і залішаны будзь якіх дадатковых элементаў. Атрымалася найвыдатна – я слухаў той спліт у лістападзе мінулага году, і песьня FAUSTBRUHIEL па-ранейшаму круціцца ў мяне ў галаве. На “U Zmroku” гурт паспрабаваў зрабіць тое ж самае, але ўжо з сваімі улюбёнымі аздобкамі: багатымі партыямі лід-гітары, прасторавымі эфэктамі, інтэрлюдыямі й гэтак далей. І я скажу, што зноў атрымалася вельмі добра! Як толькі FAUSTBRUHIEL навучыліся граць роўна, іхная музыка набыла велізарную моц. Базавыя фрагмэнты абодвух трэкаў вызначаюцца магутным напорам, які немагчыма стрымаць. Відавочна, супрацоўніцтва з PESTILENTIA не прайшло дарэмна, бо менавіта P умеюць стварыць з, падавалася б, стандартнай трэмольна-бластбітнай кампазыцыі хуткасны цягнік, які стралой нясецца скрозь чорны тунэль, не адхіляючыся ад курсу ані на сантыметр. FAUSTBRUHIEL працуюць больш шырокімі мазкамі, але цяпер іхная музыка значна больш мэтанакіраваная, ніж на дэбютным альбоме. Тэксты, на шчасьце, пазбавіліся славяншчыны. Абодва гурты цяпер сьпяваюць выключна па-беларуску, што грэе душу і вушы.

“U Zmroku” выйшаў на pro-tape невялікім накладам, які пакуль яшчэ не распраданы. Вокладку стварыў Vaiug, астатнім дызайнам займаўся Грэк. Укладка, выкананая ў зялёным колеры, выглядае адметна, толькі я не зусім зразумеў, чаму на апошнім згібе ўнутры раптам знаходзіцца фрагмэнт нейкага іншага арта. Падазраваю, што падчас вёрсткі ў дызайн “всралась досадная очепятка”… У астатнім касэта выглядае цудоўна. Падрабязнасьці на відэа.

ACWEALD & FAUSTBRUHIEL - U Zmroku

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *