Год: 2025
Выдаўца: Skon
Рэйтынг: 7,5 / 10
Блізкае знаёмства з рэлізамі юнага крыўскага выдавецтва Skon пачнём адразу з чацьвёртай па чарзе пазыцыі. UDUŠŠA ёсьць новаствораным Death Metal-гуртом, які складаецца з удзельнікаў APRAMIETNAJA, GOATHORNED, VIEDŹMINY PAKUTY і г.д. Таксама да “Karavany ź Juhotu” прыклалі руку M82A1 з VERWÜSTUNG (ён адказвае за “малітоўныя” і “рытуальныя” сьпевы) ды гукаінжэнер Аляксей Седзін (мастэрынг).
“Karavany ź Juhotu” доўжыцца трошкі менш за 11 хвілін і мае ўсяго два трэкі. Як лёгка здагадацца, канцэпцыя гурта заснаваная на творчасьці Лаўкрафта. Акцэнт у тэкстах робіцца перш за ўсё на дэманічным аспекце лаўкрафтаўскае міталёгіі. У гэтым месцы абавязкова трэба адзначыць, што абыходжаньне з Лаўкрафтам у мэтале – справа даволі тонкая. Гуртоў, натхнёных ім, цэлае мора, аднак толькі меншая частка зь іх мае добры густ і разуменьне таго, як мае гучаць “лаўкрафтаўскі мэтал”. Перш за ўсё, ён НЕ мае гучаць як THE GREAT OLD ONES – цалкам залішаны таленту гаўнагурт з ростэра Season of Mist, які выязджае толькі дзякуючы таму, што тэматычна прымазаўся да сусьвету вялікага пісьменьніка. У “лаўкрафтаўскім мэтале” абавязкова мае быць пэўная недаказанасьць, адчуваньне грандыёзнае таямніцы, якую немагчыма ахапіць слабым чалавечым розумам. А таксама нетаропкае, глыбокае гучаньне. Рабіць інтэнсіўную музыку па матывах Лаўкрафта ўмеюць толькі сапраўдныя майстры кшталту NILE ці NECROM. У дасканалым варыянце заадное хацелася б мець пачуцьцё касьмічнага жаху.
На шчасьце, хлопцы з UDUŠŠA не пальцам пханыя, і яны самі ўсё гэта цудоўна ведаюць. Таму “Karavany ź Juhotu” дае Лаўкрафта напоўніцу, нават у дызайне касэты, які атрымаўся папросту выбітным. У гэтай музыцы ёсьць усе пералічаныя вышэй аспекты, акрамя хіба што таго самога жаху. Так, яны рэалізаваныя не на самым элітным узроўні (наўрад ці хтосьці здольны ўвасобіць Лаўкрафта ў мэтале лепей за THERGOTHON і KRAKEN DUUMVIRATE), але на тое яно і дэма. З кампазыцыйнага гледзішча гэта самавіты Death Metal, пабудаваны на выразных і даволі багата аранжыраваных рыфах. Нягледзячы на невысокі тэмп, музыка і вакал вельмі зьменлівыя. Сумаваць не будзе калі, монатоннасьці тут няма і блізка. Мінус – агульнае гучаньне “Karavany ź Juhotu” занадта нагадвае некаторыя іншыя гурты. І з гэтым, мяркую, трэба нешта рабіць на будучым альбоме.
Касэта “Karavany ź Juhotu”, як я разумею, ужо адпраўленая ў друк і паступіць у продаж да сканчэньня гэтага году. Наклад будзе невялікі, таму сачыце за навінамі лэйбла. Усе кантакты і спасылкі можна адшукаць тут.



