Год: 2024
Выдаўца: Handful of Hate
Рэйтынг: 7,4 / 10
Перавыданьне дэбютнага альбому беларускага гурта, які раней выходзіў толькі ў лічбе і мікранакладам на касэтах на лэйбле Out of Kurgan. У дадзены момант хлопцы працуюць над новымі рэлізамі з дапамогай “Ямы” і тых, хто там жыве, але ў 2024-м яны былі цалкам самастойнымі, таму альбом даволі моцна адрозьніваецца ад таго, што можна пачуць на сплітах з PESTILENTIA і ACWEALD.
“Klokatam krumkača…” хутка дае зразумець, што FAUSTBRUHIEL захапляліся перш за ўсё беларускай і тэўтонскай сцэнамі, а таксама гуртамі, прыбліжанымі да правай сцэны і натхнёнымі тымі ж самымі немцамі або французамі. Напружаная мэлядычнасьць і нават пэўная эпічнасьць гучаньня нагадвае пра ABSURD 2000-х, але тут няма характэрнай рабаўніцкай зухаватасьці і злоснай весялосьці. Замест яе музыку FAUSTBRUHIEL ахутвае родная крыўская журбота ў стылі, напрыклад, ZAKLON (у тым ліку дзякуючы чыстагалосым дэклямацыям). На самой справе, “Klokatam krumkača…” цікава вывучаць як канструктар, намагаючыся ўзгадаць, дзе вы ўжо чулі той ці іншы фрагмэнт. Гурт чэрпаў натхненьне з мноства розных крыніц, таму альбому атрымаўся вельмі разнастайным. Паасобку літаральна ўсё тут “чужое”, але FAUSTBRUHIEL удалося вытрымаць музыку ў адным стылі і гуморы, такім чынам зрабіўшы нешта сваё.
Адметна, што ў сваім падыходзе да кампазыцый FAUSTBRUHIEL карысталіся перш за ўсё пачуцьцём мэлёдыкі, а не стандартным мосцікам з “квадратаў”, які абірае пераважная большасьць мэтал-гуртоў. Песьні часьцяком ідуць непрадказальнымі шляхамі ды імкнуцца ўнікаць тыповых структур. Гітары працуюць сьмела і адкрыта. На пачатку трэка можа гучаць адно, а напрыканцы – зусім іншае. І няхай бы ня ўсё атрымліваецца дасканала, за амбітнасьць – залік.
Якасьць запісу, на жаль, не цалкам адпавядае ўзроўню амбіцый. Атрымалася вельмі няблага як для аматарскай працы, але багата ўсяго можна было б палепшыць у гітарах, бубнах, клявішах і асабліва вакале. Асноўны голас амаль залішаны дынамікі, трохі прыглушаны, ды яшчэ й як быццам шапялявы. Чыстагалосыя дэклямацыі ўвогуле як быццам даносяцца з-пад падушкі. На дыск дадана дэма “Medieval Misanthropic Forest”, дзе ўсё яшчэ горай, але на тое яно і дэма. На самой справе, калі б “Klokatam krumkača…” перазапісаць з якасным студыйным гукам ды больш роўным выкананьнем, такі альбом стаў бы сапраўдным падарункам для германскага лэйбла кшталту Purity Through Fire, бо гэта на 100% ягоны стыль музыкі. Але PTF будзе і надалей выдаваць аднастайную плястыкавую тэўтоншчыну, бо слухае збольшага ўсякую хуйню, а слухаць трэба беларусаў.
Дыскавае выданьне альбома ад Handful of Hate мае строгі буклет з усімі тэкстамі, набранымі клясычнай лацінкай, і новую вокладку, што ў разы лепей за забаўны арыгінал з дзікам, мядзьведзікам і зубрам. Зрэшты, гэтая вокладка таксама мала ў чым адпавядае музычнаму матэрыялу, але ж то быў выбар гурта. Падрабязнасьці на відэа.



