124-ы выпуск кароткіх аглядаў.
VOID – Forbidden Morals
Год: 2025
Выдаўца: Shadow Kingdom Records
Рэйтынг: 9 / 10
Усе дыфірамбы, якія я прасьпяваў першаму альбому VOID у сваёй рэцэнзіі, можна з роўным поспехам перанесьці на “Forbidden Morals”. Гэтыя хлопцы пішуць, граюць і выглядаюць лепей не тое што за астатнія рэтра-гурты падобнага накірунку, а нават за саміх айцоў. Фантастыка!!!
CENTINEX – With Guts and Glory
Год: 2025
Выдаўца: Black Lion Records
Рэйтынг: 5,5 / 10
Швэды CENTINEX фармальна ўваходзяць у сьпіс клясыкаў Death Metal сваёй краіны, але чамусьці заўсёды заставаліся на другараднай ролі. І зараз, паслухаўшы навінку ад іх, я зразумеў, чаму. “With Guts and Glory” – чысьцейшы Speed Metal з уцяжараным гучаньнем, ды яшчэ й даволі мэлядычны. Гэта, мякка кажучы, далёка не GRAVE і нават не DISMEMBER.
SVAMPE ALKEMI – Raritäten XX-XXV
Год: 2025
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 7 / 10
Зборнік нявыданых кампазыцый цудоўнага беларускага пражэкта. Як заўсёды, душэўны, максімальна просты для ўспрыманьня грыбны рок. Гэтым разам з розным гучаньнем, бо частка трэкаў ёсьць дэма, а яшчэ частка – студыйнымі (?) запісамі. Нічога выбітнага ў SVAMPE ALKEMI няма, але слухаў бы і слухаў.
SARGEIST – Flame Within Flame
Год: 2025
Выдаўца: World Terror Committee
Рэйтынг: 7 / 10
Напэўна, трэба ўжо канстататаваць, што пасьля піка ў выглядзе “Let the Devil In” SARGEIST можа зрабіць толькі нешта ў некалькі разоў слабейшае. Альбомы пасьля 2010-га году можна слухаць, яны добрыя, але прывід магутнага “Let the Devil In” заўсёды будзе лунаць у паветры, і нічога ты з гэтым ня зробіш. Перад “Flame Within Flame” Shatraug у чарговы раз зьмяніў склад гурта, а потым запісаў тыповы альбом SARGEIST з трагічным гучаньнем, якое гэтым разам нагадвае самыя раньнія творы. Трэба адзначыць, што амаль у кожным трэку ёсьць выдатны рыф, але агулам тут усё тое ж самае, што мы чулі ўжо некалькі разоў. Хто як, а я ўжо стаміўся ад SARGEIST. Здаецца, задумка сябе вычарпала.
FINNR’S CANE – Finnr’s Cane
Год: 2025
Выдаўца: Nordvis Produktion
Рэйтынг: 6,8 / 10
Безбасавы атмасфэрны думавы мэтал з Канады. Адсутнасьць баса вельмі моцна б’е па гэтай музыцы, бо адчуваецца, што з нармалёвай рытм-сэкцыяй, шкілетам, песьні атрымаліся б удвая мацней. FINNR’S CANE месцамі моцна нагадваюць AGALLOCH узору “Marrow of the Spirit”, але сутнасна бліжэй да, напрыклад, FEN, бо з пачуцьцём рытму ў іх нешта ня тое. Шкада, бо ў гурта ёсьць патэнцыял для чагосьці большага за вадкі хіпстэрскі мэтал.



