Бліц-рэцэнзіі 127: ABOMINATOR, GEGENENTWURF, VERDALACK, AZATHOTH’S DREAM, LIGNUM MORTIS

127-ы выпуск кароткіх аглядаў.

ABOMINATOR – The Fire Brethren
Год: 2025
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8 / 10

Традыцыйнае аўстралійскае Black / Death Metal-шалёнства з велізарнымі яйцамі з кутага жалеза. Калі вы любіце гэты стыль, то ABOMINATOR яго ўвасабляе!

 

GEGENENTWURF – Høstens fargeglede
Год: 2025
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: цікавостка

Пра GEGENENTWURF я ўжо пісаў у 118-м выпуску Бліца. Большасьць з напісанага можна перанесьці і на гэты альбом, але ня ўсё. “Høstens fargeglede” мае перш за ўсё восеньскую тэматыку, таму ён з самога пачатку робіць выразны акцэнт на мэлянхолію. Зноў жа, тут ёсьць MAYHEM’аўская дысананснасьць, а агульнае адчуваньне па-ранейшаму даволі нездаровае, але ўсё гэта нейкае больш спакойнае, ці што. Месцамі альбом нагадвае позьні BURZUM, месцамі гучыць як саўндтрэк для сумнай крымінальнай драмы, месцамі прымушае ўзгадаць LIK, а то й наогул дае нейкага блюза. Пры тым, што гэта несумненна мэталічны рэліз, “Høstens fargeglede” не працуе ў звыклых формах. Я б сказаў, што гэта, хутчэй, вынік накіраванай імправізацыі. У аўтара была задумка – напісаць песьню пра восень. Адсюль нарадзіўся першы фрагмент, а потым: “А што атрымаецца, калі ўставіць сюды вось гэта?”. І гэтак далей. Таму фінальныя часткі трэкаў мала чым падобныя да свайго пачатку, аднак гучыць усё гэта надзіва суцэльна. Зноў жа, я не магу выставіць рэйтынг гэтаму альбому, бо ён задужа моцна адрозьніваецца ад таго, з чым я працую ў 99% выпадкаў. GEGENENTWURF ёсьць прыкладам таго, як можна пераходзіць межы мэтала, але заставацца мэталам. І рабіць усё гэта без прэтэнцыёзнасьці і напышлівасьці, характэрнай для большасьці тых, хто навучыўся граць штосьці, акрамя стандартнага набору акордаў.

 

VERDALACK – Force from the Grave
Год: 2025
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 7,5 / 10

Дэбютны альбом японскага гурта, які раней насіў феерычную назву ASSAULT ATTACK (выбачце, але не магу стрымацца – чакаю на гурты AUTOMOBILE CAR і IRON METAL!). VERDALACK граюць ультраправільны Speed Metal, у якім няма літаральна ані секунды чагосьці іншага. Аніякіх замаруджваньняў, агідных сярэдніх тэмпаў і гэтак далей. Паўгадзіны шчырай, бадзёрай музыкі старой школы, палітай віртуознымі сола ў некалькі слояў. Адна бяда – вакаліст. Мала таго, што ён сьпявае згодна спрадвечнай японскай традыцыі (то-бок так, нібы ў яго няма паловы языка; незразумела папросту ні-ху-я, аніводнага слоўца), дык яшчэ й робіць гэта нейкім прыдуркаватым рыкам і практычна на адной ноце. Час ад часу ён дэманструе моцны фальцэт і неблагія пераходы, але адразу ж вяртаецца да таго, што можна ахарактарызаваць як забіваньне цвікоў голасам. Заёбывае ўжо на другім трэку. Калі прызвычаіцца, то альбом выдатны!

 

AZATHOTH’S DREAM – Solitary Forest Necromancy
Год: 2025
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7 / 10

Чарговая прадукцыя з Штатаў пра вампіраў, акультызм, ноч, цемру і гэтак далей. Не ў прэтэнзію да Iron Bonehead, але… Хоць традыцыйнасьць заўсёды ёсьць добрым выбарам, да яе таксама патрэбны свой асабісты падыход. Аднаго позірку на тэкставы складнік AZATHOTH’S DREAM дастаткова, каб сумна ўздыхнуць. Колькі іх ужо, такіх гуртоў, што бясконца камбінуюць аднолькавы набор словаў (black, forest, flame, necromancy, ancient, blood, night, magic, evil, nocturnal, infernal і г.д.), за якімі хаваецца бяздонная пустота? Усё гэта выглядае так, нібы гэтыя гурты папросту даюць заданьне ChatGPT (магчыма, менавіта гэта яны і робяць), а самі засяроджваюцца выключна на музыцы. На шчасьце, у выпадку з AZATHOTH’S DREAM музыку варта слухаць. Гэта атмасфэрная і мэлядычная “сьцяна гуку” ў стылі старых французаў, таксама не залішаная дэпрэсіўных эпізодаў. Але штатаўская грунтоўнасьць AZATHOTH’S DREAM не дае музыцы зваліцца ў гідотную сьлязьлівасьць, што часьцяком здараецца з франкамоўнымі актамі. Хто любіць WINTER FUNERAL і BEKHIRA – зьвярніце ўвагу. Яшчэ б з тэкстамі нешта зрабіць…

 

LIGNUM MORTIS – Lignum Mortis II
Год: 2025
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 7 / 10

Незалежны мультыжанравы one-man band з Чылі. Грубы і прымітыўны (часам ледзь не да ўзроўня HELLHAMMER) Doom / Death / Black Metal. Ёсьць таксама трохі змрочных клявішаў у стылі NORTT. Цемра і злоснасьць ва ўсе бакі. Характэрны вакал з грубым лацінаамерыканскім вымаўленьнем толькі ўзмацняе эфект. Я б сказаў, што LIGNUM MORTIS гучыць нават больш па-бразільску ці па-перуанску, бо чылійцам зазвычай уласьцівае ўзмоцненнае пачуцьцё мэлядычнасьці. А тут усё ажно патыхае сьмерцю. Вельмі негатыўная музыка. Не для кожнага.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *