Бліц-рэцэнзіі 126: TRIA PRIMA, FILTH, TUBAL CAIN, FESSUS / KILL THE LORD, PHENOCRYST

126-ы выпуск кароткіх аглядаў.

TRIA PRIMA – The Mortificatio
Год: 2025
Выдаўца: Nocturnus Records
Рэйтынг: 7,5 / 10

Новы украінскі гурт, дзе ўдзельнічае мой стары знаёмы Metal Priest. Умоўна яго можна абазначыць як мэлядычны Thrash / Death Metal з масай традыцыйных для камэрцыйнага мэталу элементаў, але з зусім нетрадыцыйнай алхімічнай тэматыкай. Віртуозныя сола, клявішы, чаргаваньне гроўлу з “опернымі” партыямі вакалісткі фотамадэльнай зьнешнасьці, ну й гэтак далей. Гучыць альбом вельмі якасна, прафэсійна, разнастайна – нічым не горш за якіх-небудзь THERION. Зь іншага боку, гэта і блізка ня мой стыль музыкі, таму ўсіх нюансаў мне зразумець не дадзена.

 

FILTH – Time to Rot
Год: 2025
Выдаўца: Rotted Life Records
Рэйтынг: 4 / 10

Чарговы звышцяжкі Death Metal з характэрным гучаньнем у вене “новай хвалі старой школы”. Пра швэдзкае паходжаньне гурта нішто не кажа; тое ж самае я чуў ад амерыканцаў, гішпанцаў, фінаў, аўстралійцаў… Як звычайна, тут ёсьць асобныя цікавыя фрагмэнты паміж хвілінамі нудоты, але саўнд альбома не тое што неарыгінальны – ён папросту ідэнтычны сотням гэткіх жа самых альбомаў, якія я праслухаў для Багніка за апошнія 10 гадоў. Колькі ж можна?

 

TUBAL CAIN – Slime Abyss
Год: 2025
Выдаўца: Darkness Shall Rise Records
Рэйтынг: 6 / 10

Традыцыйны Heavy / Thrash / Speed Metal з мінімальнай дозай экстрэмальнасьці і звяглівым жаночым вакалам. Нейкі прыпіздак на Metal Archives абазначыў гурт як Black Metal, і я тут магу сказаць толькі тое, што ў нашыя дні ўся музыка з гітарамі, здаецца, лічыцца за Black Metal, а часам і тыя гітары не патрэбныя… Карацей, мы тут маем паўгадзіны даволі мэлядычнага гучаньня, якое ў прэс-рэлізе абазначылі тэрмінам “Raw School Street Metal”. Я цалкам згодны: TUBAL CAIN сапраўды выклікае ў галаве вобразы вулічнай мэтал-шпаны з 80-х – у цёмных акулярах, касухах, з шыпаванымі бранзалетамі і гэтак далей. Тут ёсьць нямала патэнцыйна выдатных момантаў, але для мяне ўсё псуе паскудны вакал і сраненькі дрыготкі гук, у якім начыста адсутнічае акцэнтацыя на хоць якіх асобных элементах. У чарговы раз заўважаю, што Дэні з DSR у выдавецкай дзейнасьці паказвае значна горшы густ, ніж у перавыдавецкай.

 

FESSUS / KILL THE LORD – Decrowned II: Trinity Ablaze / Pilgrims of Morbidity
Год: 2025
Выдаўца: Darkness Shall Rise Records
Рэйтынг: 6,3 / 10

Ізноў “новая хваля мэтала сьмерці старой школы”. Але тут прынамсі ёсьць паўнавартасныя песьні. FESSUS вельмі добра пачуваюцца ў старажытных сярэднетэмпавых Doom / Death-рытмах а-ля AUTOPSY, а KILL THE LORD даюць бадзёрай швэдзяціны. На вакале ў гэтым гурце Андрэас Каўфман, які сьпяваў у IMPENDING DOOM. Абодва гурты запісаныя ў тым самым абрыдлым гучаньні, якое я ўзгадваў у аглядзе на FILTH трохі вышэй, але мастэрынгам тут займаліся два майстры – Патрык Энгель і Дэн Сванё. Таму і FESSUS, і KILL THE LORD маюць хай бы невялічкую, але кроплю арыгінальнасьці, і гэты спліт можна слухаць.

 

PHENOCRYST – Cremation Pyre
Год: 2024
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 5,7 / 10

Партугальскі Death Metal пра вулканы – бо чаму б і не! Вельмі добры ў агрэсіўныя і хуткія моманты, але амаль такі ж нудны, як уся “новая хваля…” (ня буду паўтарацца ў трэці раз за сёньня) у астатнія. Адчуваецца духоўны ўплыў BOLT THROWER і BENEDICTION. Гітарныя ліды і сола таксама заслугоўваюць увагі, але ня ўвесь альбом у цэлым.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *