Год: 2026
Выдаўца: Handful of Hate
Рэйтынг: 7 / 10
Гурт INTHUUL, што існуе з 2022-га, дзеліць удзельнікаў з вельмі прыемным майму вуху FAUSTBRUHIEL, але таксама й з COLDROPE, сэнс існаваньня якога я па сёньня не разумею. “Harbinger of Sorrow” ёсьць ужо трэцім альбомам гурта; папярэднія я ня слухаў, бо выходзілі яны на сумнеўных канторках кшталту Dark East, што само па сабе сур’ёзная нагода да іх не дакранацца. Таму “Harbinger…” стаў маім знаёмствам з INTHUUL.
Пачынаецца альбом з вельмі неблагога старамоднага сінтовага ўступу, а далей ідзе суцэльны халодны чорны мэтал з напружанымі інтанацыямі і просталінейнай структурай. Прэс-рэліз параўноўвае гэта з APHOOM ZHAH, і я згодны. Сапраўды, альбом трохі нагадвае дэбют магілёўцаў “Вечная боль”. Але настрой тут трохі іншы – своеасабовая злосная мэлянхолія, якая найбольш выразна праяўляецца ў трэку “Land of the Dead”. Забясьпечваюць яе шматлікія партыі лід-гітары, награныя ўдзельнікам зь мянушкай Desol.
Больш падрабязна пра музыку INTHUUL на “Harbinger…” напісаць цяжка. Гэта штосьці паміж дзьвюма вышэйузгаданымі бандамі. Ад COLDROPE тут той самы мэлянхалічны складнік, а ад FAUSTBRUHIEL – жорсткі, напорысты “шкілет” трэкаў. У сумесі атрымліваецца… не скажу, што “ані рыба, ані мяса”, але чагосьці гэтаму альбому бракуе, каб ён па-сапраўднаму зачапіў. Усё ў музыцы якасна; нават, не пабаюся гэтага слова, прафэсійна. І нават свой характар ёсьць, але ж нейкі ён невыразны. Увесь час захоўваецца адчуваньне, што трэба толькі трошачкі націснуць, і здарыцца нейкі прарыў, і альбом “клікне”. На жаль, гэтага не здараецца.
Акрамя ўзгаданага вышэй Desol’а, у стварэньні альбома бралі ўдзел Void Serenity (клявішніца гурта OLD BATUR) і Terr (бубнач VOX MORTUIS і ZAKLON). Запісам і міксам займаўся Daemethar з VOX MORTUIS. У апошнім трэку прысутнічаюць нейкія гітарныя партыі расейскага пражэкта MORT FROIDE (ня ведаю, як гэта атрымалася). Мала таго, вакаліст і аўтар лірыкі INTHUUL таксама з РФ (чаму? навошта?), таму тэксты ў іх расейскамоўныя і ня надта сталыя. Торкаю пальцам у выпадковае месца ў буклеце:
И вот мой кровавый навет:
На дне реки моя мать,
На дне реки и мой брат!
Вот мой кровавый навет:
Я – боль!
Я – страх!
Я – злоба!
Я – смерть!
“Навет” – гэта паклёп. Ці то пан Thoryvoss чамусьці намагаецца сам на сябе “панавешаць сабак”, як гавораць у РФ, ці то нейкі дужа глыбокі шматслойны сэнс, якога я не зразумеў – ня ведаю. Але чытаць ягоныя вершы месцамі трохі балюча. Сьпявае ён значна лепей.
Дыск выйшаў на Handful of Hate з стандартным буклетам, дзе ёсьць фотаздымкі ўсіх удзельнікаў і ўсе тэксты. Падрабязнасьці на відэа.



