Рэцэнзія: CIOMNY DOŁ – Zabytaja karčma

Год: 2025
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 7 / 10

Пражэкт CIOMNY DOŁ створаны сямейным дуэтам з сталічнага гурта SYNARAXIA. Гурт гэты заўсёды праяўляў павышаную цікавасьць да Беларусі і яе гісторыі, але ў пэўны момант, відавочна, вырашыў, што SYNARAXIA ёсьць не самым адпаведным месцам для гэтай тэматыкі. Так зьявіўся CIOMNY DOŁ.

Альбом “Zabytaja karčma” цалкам заснаваны на вершах Янкі Купалы і, калі верыць кароценькаму прэс-рэлізу, намагаецца ўвасабіць іх зьмесьціва ў форме Black Metal. Зразумела, што сама гэтая заява ёсьць аксюмаронам, бо Купала пра Шатана ніколі не пісаў, але няма сэнсу патрабаваць ад людзей, што прыйшлі з індустрыяльнага року і готыкі, разуменьня гэткіх тонкіх матэрый. На самой справе гэта цёмны мэтал з выразным сучасным гучаньнем и разнастайнымі песьнямі. Калі мая інфармацыя верная, Ślepowron (вакал / гітара / бас) працуе на студыі, таму з гукам тут усё файна. Увесь багаты набор эфектаў і бразготак цудоўна інтэграваны ў базавы матэрыял. Клявішныя часьцяком надаюць музыцы амаль што сымфанічны характар. Адзін з пакупнікоў альбома на Bandcamp адзначыў, што “Zabytaja karčma” нагадвае яму WINDIR, і я цалкам згодны. Гэта той самы тып мэтала – атмасфэрны, але не монатонны, а якраз наадварот.

З запісам альбома дапамагалі Terr (VOX MORTUIS і ZAKLON, бубнач) і Daemethar (VOX MORTUIS, WOODLAND HAZE – ён выканаў гасьцявы вакал у адным з трэкаў). Сам Ślepowron у якасьці вакаліста гучыць, бадай, кампетэнтна, але недастаткова дынамічна для гэткай музыкі. “Zabytaja karčma” ёсьць моцным альбомам сярэднеэўрапейскага ўзроўня з усімі атрыбутамі (акрамя хіба што краіны паходжаньня), неабходнымі для поспеху сярод аматараў нерадыкальнага андэграўнда. У яго маецца яскравае гучаньне, мноства сумных адрэзкаў, мноства вясёлых, эпічныя клявішы, лёгкія для ўспрыманьня рыфы, куплеты-прыпевы і гэтак далей. На 100% пасуе якому-небудзь Napalm Records, асабліва з улікам таго, што CIOMNY DOŁ зрэдку дэманструюць ўласьцівую для гэтага лэйбла, гм, наяўнасьць адсутнасьці добрага густу: вакаліст крычыць “ГОЎ!” у песьні, нагадаю, на вершы Купалы, а яшчэ ў гурта ёсьць жудасны кліп на песьню “Rusałka”.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *