Год: 2023
Выдаўца: Shadow Kingdom Records
Рэйтынг: 8,9 / 10
VOID з штата Луізіана ёсьць гуртом, які, несумненна, каля 40 гадоў таму сеў у “DeLorean”, пераскочыў у нашыя часы і адразу ж пачаў граць свой мэтал. Не тое каб гэта першыя на маёй памяці хлопцы, якія з найглыбейшай павагай ставяцца да ўсіх аспектаў абранага імі стыля, але я рэдка сустракаў гэткую аўтэнычнасьць і якасьць. Імідж, гучаньне, эстэтыка – ўсё дасканала. Скажы людзям, што гэта гурт з 1985-га, і ніхто нават не засумняваецца.
VOID у сваёй музыцы арыентуюцца перш за ўсё на старыя запісы ANNIHILATOR. Гэта адразу відавочна. Але я з усёй адказнасьцю заяўляю, што яны лепей за ANNIHILATOR (да апошніх у мяне ўвогуле вельмі неадназначнае стаўленьне). VOID граюць бадзёры, напружаны, напампаваны адрэналінам Thrash / Speed Metal (менавіта ў гэткім парадку) у чысьцейшай форме. Усё, што псавала-псавала, ды ў выніку сапсавала ANNIHILATOR на гаўно, тут адсутнічае – будзь тое недарэчны “груў”, сьлязьлівыя баляды альбо тэксты пра, выбачце, шахматы. Тут мы маем выбух юнацкай энергіі, спалучаны з фантастычна глыбокім разуменьнем і майстэрствам. Фантастычна таму, што на момант запісу першага дыска VOID былі ну зусім падлеткі – зноў жа, як у 80-х. Гадоў па 17. Але граюць яны так тэхнічна і выбітна, што дадуць прасрацца ўсёй эліце сцэны. Вакаліст, зноў жа, гучыць магутна і надзвычай нахабна. Як і мае быць. І фронтмэн зь яго хоць куды – глядзіце відэакліп ніжэй. Ён з новага альбому, але перадае сутнасьць VOID яшчэ лепей.
Я ня ведаю, што тут яшчэ сказаць, я ў ахуе ад усяго гэтага. Шык, бляск, прыгажосьць!



