Год: 2024
Выдаўца: Заиндевевшая Рябина
Рэйтынг: 7 / 10
З усіх прэтэндэнтаў на лаўры BBH, якіх я атрымаў ад выдавецтва Заиндевевшая Рябина, сібірскі гурт GERZOLTH выглядае найбольш пераканаўча. Калі я ўпершыню наторкнуўся на іх у Сеціве, GERZOLTH мне зусім не спадабаліся, але, атрымаўшы касэту, я даў ім яшчэ адзін шанц, і гэта сябе апраўдала.
Па музыцы GERZOLTH бліжэй за ўсё да FOREST узору 3-га і 4-га альбомаў. Некаторыя рыфы настолькі аўтэнтычныя, як быццам іх напісалі ўдзельнікі BBH яшчэ ў тыя далёкія часы. Аднак, калі браць усё цалкам, выяўляецца, што GERZOLTH не цураецца самастойнасьці і спробаў развіваць уласны стыль. У іх – вельмі рэдкая зьява для РФ! – своехарактэрны гук, які знаходзіцца дзесьці паміж раньнім і позьнім BBH. То-бок, у ім ёсьць старажытная хрусткасьць і магія, але таксама і сучасная якасьць. Асобна падкрэсьлю дужа выразны бас! Нездарма гурт моцна крануў вуха гаспадара добрага партугальскага выдавецтва Signal Rex.
Больш за тое, GERZOLTH сапраўды ўмеюць граць. Гледзячы па фотаздымках, я раблю выснову, што хлопцы зусім яшчэ маладыя, гадоў па 20, аднак у іхнай музыцы адчуваецца майстэрства і разуменьне. Без хібаў, на жаль, не атрымалася: напрыклад, у “Герцольта исток” на запіс патрапіла сапсутая партыя лід-гітары. Але ўсё адно гэта, умоўна кажучы, зусім не SLAVIC FRONT. Відавочна, розьніца ў падыходзе: на першых запісах GERZOLTH таксама гучалі жудасна (першае дэма – ўвогуле нейкая сьмяхотная залупа), але яны выявіліся здатнымі да дастаткова хуткай эвалюцыі. Наступны крок – навучыцца пісаць больш цікавыя песьні. Бо з стылістыкай у GERZOLTH ужо ўсё файна, а вось музычны складнік на дэбюце нагадвае асцыляграму: паміж усплёскамі ў выглядзе моцных фрагментаў часта ідуць доўгія секунды і нават хвіліны ня надта натхняльнага матэрыялу. Трэба разумець, што аднастайнасьць музыкі гуртоў BBH працавала шмат у чым дзякуючы яе асабліваму трансцэндэнтнаму гуку. Калі ў вас усё добра чуваць, трэба альбо выдаваць дзесяткі бліскучых рыфаў, альбо неяк хаваць не самыя ўдалыя адрэзкі пад аранжыроўкамі.
Галоўнай адмоўнай рысай “Порывам сердец в ледяную мечту” для мяне стаў вакал. У пана Incusond’а дужа спецыфічная манера, гм, крыку, і яшчэ больш спецыфічны голас. Гэта тое, што называецца “на аматара”. Камусьці спадабаецца, камусьці не. Мне зусім не спадабалася. Ёсьць яшчэ й такі момант, што ён выкрыквае кожную фразу з моцным пачуцьцем, але чамусьці ўся вакальная лінія атрымліваецца аднолькавай, залішанай хоць нейкай дынамікі. Той жа самы Кальдрад, нават калі не сьпяваў, а толькі рычаў, намагаўся разнастаіць свой вакал: там трошкі вышэй, тут трошкі ніжэй. І пра лірыку… Хлопцы й дзяўчынкі, ну ня лезьце вы ў скальдычны стыль, кіньце дурное. У самым лепшым выпадку ў вас атрымліваецца “Nitsanger” NITBERG, то-бок горшае, што Кальдрад напісаў для Залы за ўсю гісторыю яе існаваньня. Аднак нават горшыя вершы Кальдрада мелі ўнутраную сувязь, пасьлядоўнасьць і сэнс у кожным радку, зразумелы ня толькі іх аўтару. Тэксты GERZOLTH гэтым пахваліцца ня могуць, прынамсі ня ўсе. “Молота мочью / Плоть порожая” – гэта як, у сэнсе “трошачкі разрадзіцца плоцьцю”, ці гэта папросту арфаграфічная памылка?
Касэтнае выданьне ад лэйбла Заиндевевшая Рябина атрымалася прыгожым і якасным. На 4-панэльнай укладцы ёсьць усе тэксты ды неабходная інфармацыя. Таксама касэта мае прыемны маленькі эксклюзіў у форме ўступнага і фінішнага трэкаў (г. зн. “Intro” і “Outro”), якіх няма на іншых выданьнях. Падрабязнасьці на відэа.