Год: 2024
Выдаўца: Заиндевевшая Рябина
Рэйтынг: 4,1 / 10
У далёкія часы, калі рух WotanJugend быў яшчэ не забароненай справай, вельмі папулярнай сярод моладзі, у яго афіцыйным пабліку ва Ўкантакце быў апублікаваны допіс нейкай паненкі, дзе яна доўга і грунтоўна тлумачыла, чаму юным НС-гуртам трэба рабіць нешта сваё, а не намагацца паўтарыць BBH. Калі скарочана: бо ўсё адно не атрымаецца.
Але гэтыя мудрыя словы мала хто пачуў. Таму, напрыклад, сёньня мы маем справу з чарговым гуртом, якому, відавочна, вельмі хочацца хоць бы пастаяць на ніжняе прыступцы Залы, Дзе Нараджаюцца Маланкі. Аднак нават да гэтага SLAVIC FRONT яшчэ вельмі далёка. Перш чым пачаць разнос, я адразу хачу падкрэсьліць, што ў SLAVIC FRONT ёсьць апраўданьне: гурт, як я разумею, ва ўсіх сэнсах вельмі юны, і таму за душэўным імпэтам не бачыць сваіх шматлікіх хібаў. Хутчэй за ўсё, праз гадоў 5-6 хлопцы альбо пасталеюць і пераглядзяць свой падыход, альбо пачнуць граць нешта іншае і рабіць выгляд, што SLAVIC FRONT ніколі не існаваў. Але на дадзены момант мы маем тое, што маем.
Падсумаваць усё, што няправільна з SLAVIC FRONT, можна адным сказам: гэты гурт спазьніўся гадоў на 20. Нават калі не чытаць інтэрвію з удзельнікамі, адразу можна сказаць, што хлопцы натхняліся дзейнасьцю The Pagan Front, творамі BRANIKALD і FOREST (таксама яны ўзгадваюць Рамана Саенка, але яго ўплыву ў музыцы я не пачуў) і ўсімі гэтымі мудрагелістымі канцэпцыямі “духоўнага НС”, якія асабіста мне таксама шмат у чым блізкія. У сярэдзіне 2000-х і нават у пачатку 2010-х гэта было б зразумела. Але не ў 2025-м, калі даўно высьвятлілася, што The Pagan Front, мякка кажучы, быў не настолькі грознай сілай, як удаваўся, а ідэя (пан)славізма тысячу разоў сябе дыскрэдытавала (і папросту не кладзецца на славянамоўныя народы на ўсход ад Польшчы праз сваю відавочную штучнасьць). SLAVIC FRONT зьвяртаецца да канцэпцый, якія даўно выявіліся нежыцьцяздольнымі. І будзьма шчырымі: “SLAVIC FRONT” – прыдуркаватая назва, асабліва ў сучасным сацыяпалітычным клімаце (але аддаю належнае: гурт нідзе ані словам не закранае “палітычныя” тэмы ці нават расавае пытаньне – што, маім меркаваньнем, ёсьць верным падыходам). Яна нагадвае пра бразільцаў, якія выдумляюць сваім пражэктам гучныя імёны кшталту “ARMORED PANZER DIVISION SONNENRAD 666”, а потым высьвятляецца, што “дывізія” складаецца з 40-кілаграмовага падлетка з дабітай гітарай і ноўтбукам. У SLAVIC FRONT удзельнікаў двое, і яны, здаецца, даволі дужыя, але гэта нічога не мяняе. Ну які Славік, які фронт? Гэткая назва мае на ўвазе наяўнасьць нейкага грамадскага руху, але ж зразумела, што аніякага руху няма і не будзе. Першапачатковы варыянт “WIKING” гучаў больш удала і дарэчна.
Яшчэ адна праблема SLAVIC FRONT у тым, што нават у музыцы яны крочаць па сьлядох гуртоў, якія ўваходзілі ў The Pagan Front. І я кажу не пра ABSURD ці KRISTALLNACHT, а, напрыклад, пра WINETA, ULFHETHNAR і PANZERGREIF. Калі вы слухалі культавыя зборнікі серыі “The Night and the Fog”, то вы маеце памятаць, што там было багата запісаў, зробленых немаведама як і на што, пад кашмарную драм-машыну, з няўцямнымі вакаламі, і ўсё гэта як быццам мела кампэнсавацца выбітнай ідэйнасьцю стваральнікаў. SLAVIC FRONT пастараліся трошкі больш, аднак “вайбы” ў іх тыя ж самыя. Тут стукае паскудная драм-машына, вакал ідзе як быццам скрозь падушку, гітара прапісаная з усім брудам і шумамі, гук дрыжыць і плавае, сінхранізацыя партый прынцыпова адсутнічае… нават для майго вуха гэта занадта. Запісвацца гэткім чынам у 2020-х недаваравальна, бо сэмплы ў сучасным дармавым музычным софце і то гучаць лепей. Гук у кожным трэку адрозьніваецца – напэўна, матэрыял пісаўся ў розны час. Можна было б зрабіць зьніжку, калі б гэта было дэма, але рэліз прэзэнтуецца як міні-альбом.
Тым ня меней, за карузласьцю і сырызнай усё ж праглядаецца музыка. З пяці трэкаў фактычна толькі два ёсьць паўнавартаснымі песьнямі, і першая зь іх можа пахваліцца добрым рыфам у стылі позьніх NITBERG, а другая нагадае вам слынны штатаўскі пражэкт VEIL. Я ўключыў альбом “Голос штормов” 2025-га году, дзе прысутнічаюць тыя ж самыя песьні, толькі запісаныя разы ў 3 лепей, і па іх бачна, што пэўны талент у SLAVIC FRONT сапраўды ёсьць. Аднак да яго рэалізацыі яшчэ страшэнна далёка. SLAVIC FRONT моцна пасьпяшаліся, выдаўшы за 2 гады існаваньня два альбомы і два EP. Перш-наперш ім трэба было б навучыцца роўна граць і рабіць нармалёвы запіс. Бо такое выкананьне, як на “Искрами алмазных граней”, можа загубіць нават самую-самую таленавітую музыку.
Фізічнае выданьне “Искрами алмазных граней” зроблена па-сапраўднаму багата. Акрамя звычайнай укладкі, тут ёсьць дадатковая, на якой разьмешчаныя ўсе тэксты (зразумела, у высокім скальдычным стылі!) і даволі падрабязнае інтэрвію з музыкамі. Плюс стыкер. Падрабязнасьці на відэа. На самой справе, гэта цудоўны варыянт падтрымкі маладога гурта: рэліз і прома ў адным пачку. Шкада толькі, што музычны матэрыял не заслугоўвае гэткай пашаны. На дадзены момант SLAVIC FRONT ня здатныя на тое, каб пакінуць нейкі адбітак на сцэне. Каб гэта зрабіць, ім лепш за ўсё засесьці ў цішыні прынамсі на год і працаваць, працаваць, працаваць перш за ўсё над тэхнічным складнікам свайго гучаньня, а не абясцэньваць сваю дыскаграфію недапечанымі рэлізамі ўжо на раньняе стадыі.