Бліц-рэцэнзіі 114: SKELETHAL, ALCEST, OBNOXIOUS YOUTH, SVAMPE ALKEMI, SADISTIK WARFARE

114-ы выпуск кароткіх аглядаў.

SKELETHAL – Within Corrosive Continuums
Год: 2024
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,1 / 10

Французкі гурт SKELETHAL працягвае падтрымліваць узровень і прапаноўваць слухачу Death Metal старой школы з выдатным разуменьнем усіх тонкіх асаблівасьцяў стылю. Акрамя абавязковага замагільнага гуку, тут ёсьць суворыя, налітыя тэстастэронам рыфы, якіх не пасаромеліся б і MORBID ANGEL. Зрэшты, агулам SKELETHAL больш нагадваюць старых швэдаў, але яны амаль не дазваляюць сабе легкадумнай рок-н-рольшчыны, за што ім вялікі дзякуй. Нахуй “Wolverine Blues”!

 

ALCEST – Les chants de l’aurore
Год: 2024
Выдаўца: Nuclear Blast Records
Рэйтынг: срака зліплася

Калі ALCEST перайшлі з Prophecy на Nuclear Blast, апошнія, відавочна, адразу патлумачылі французам, што ліць ваду на млын, як на пустышках “Shelter” і “Kodama”, ім ніхто не дазволіць. Таму ўжо на “Spiritual Instinct” ALCEST павярнуліся да больш канкрэтнага гучаньня, а на новым альбоме крутануліся ў адваротным накірунку больш канкрэтна. “Les chants…” мае мноства агульных рысаў з “Souvenirs…” і “Les Voyages…”, і тут, вы не паверыце, ёсьць песьні, а не чарговае “а-а-а-а” пад паветраную гітару. Neige нават некалькі разоў выкарыстоўвае свой выбітны крык. Гэта ў яго заўсёды атрымлівалася фантастычна, у адрозьненьні ад сьпеву. Песьня “Améthyste” (прысьвечаная, відавочна, усім барацьбітам супраць рэлігіі на прасторах Інтэрнэта) – сапраўдны хіт і аметыст пэрла ўсяго альбому. Карацей кажучы, новы ALCEST варты ўвагі. Гэта прыгожы і няблага напісаны квазі-мэталічны easy listening, у якога толькі адна праблема: месцамі ён занадта салодкі, як бляшанка згушчняў у шакаладным воку.

 

OBNOXIOUS YOUTH – Burning Savage
Год: 2024
Выдаўца: Svart Records
Рэйтынг: 7,6 / 10

Швэдзка-фінскі квартэт, у складзе якога грае басіст з выдатнай мянушкай Shit. Гледзячы на ўсё гэта, вы можаце падумаць, што перад вамі нейкі хуліганскі панк, і не моцна памыліцеся. Але OBNOXIOUS YOUTH насамрэч ёсьць вельмі паскуднай (у станоўчым сэнсе) мікстурай з жанраў, і галоўная мэта гурта – ябашыць! Квартэт не тое што не цураецца, а ўсімі сіламі цягнецца да Шатана, таму яго музыка ня толькі брудная, але й цёмная. Ёсьць некалькі марудных трэкаў, якія гучаць як BLACK SABBATH, заліты “Крыжачком”. Вам спадабаецца.

 

SVAMPE ALKEMI – Schizoteric Rites Vol.1
Год: 2022
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: мухаморавыя танцы

Сьціплы беларускі пражэкт SVAMPE ALKEMI ціха і непрыкметна, як той грыбок пад лісьцем, сядзіць сабе ды грае цудоўны Stoner Rock, які выпускае задарма на Bandcamp (як быццам існуюць нейкія касэты, але я ня ўпэўнены). Стоўнэр ніколі не ўваходзіў і не будзе ўваходзіць у сьпіс маіх улюбёных стыляў, аднак SVAMPE ALKEMI я без усякіх сумневаў называю адным з лепшых узораў стоўнэра, што я чуў. Аўтар пражэкта не стаў нічога мудрыць, а папросту запісаў цудоўныя рытмічныя песенькі з душой, пачуцьцём і нават характэрнай беларускай атмасфэрай, хоць на яе нішто зьнешне не паказвае. Рытмічныя структуры SVAMPE ALKEMI моцна нагадваюць пост-панк – напэўна, таму яно мне й спадабалася. Ёсьць таксама невялікае падабенства да BLACK MAGICK SS. Так ці так, даволі крыўдна, што просты беларускі хлопец з небагатым рыштункам стварае хіты, якія ніхто не слухае, і раздае іх задарма, а ўсякія італьянцы і швэды, да паслуг якіх поўны набор лампавых жалезак з 70-х, запісваюць прэтэнцыёзную хуйню і прыцягваюць слухача выключна цыцкамі на вокладках. Дайце SVAMPE ALKEMI шанц.

 

SADISTIK WARFARE – Seeds of Hate
Год: 2024
Выдаўца: Selvajaria Records
Рэйтынг: 5 / 10

Даволі слабы рэліз ад маладога партугальскага выдавецтва. Дэма швэйцарска-партугальскага гурта, створанае нібыта “In oldschool way”, насамрэч зроблена “In lazy way”. Гэта такі “олдскул” пачатку 2000-х з крыва злепленымі ў адно фотаздымкамі ўдзельнікаў, гаўняным лічбавым гукам і сьвежасьцю забытай у склепе на два гады мокрай бульбы. Асабліва мяне ашчасьлівілі неймаверна арыгінальныя тэксты пра палітыкаў, якія ўсіх нас падманваюць. Магу задарма падкінуць гурту яшчэ некалькі выбітных канцэпцый: лёд – халодны, сонца – гарачае, а мядзьведзь сера ў лесе. Рэліз трошкі ратуе агрэсіўная манера выкананьня і збольшага непаганы тэмбр гітар, аднак гэткі “олдскул” нам не патрэбны.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *