Бліц-рэцэнзіі 113: OFFICIUM TRISTE, DESULTORY, GUTVOID, SEPULKHRAL BAPTISM, CAMOS

113-ы выпуск кароткіх аглядаў.

OFFICIUM TRISTE – Hortus Venenum
Год: 2024
Выдаўца: Transcending Obscurity Records
Рэйтынг: 7,8 / 10

Сёмы альбом старажытнай банды зь Нідэрляндаў. Найтрадыцыйнешы Death / Doom Metal з націскам на прыгожую гітарную мэлянхолію і моцнае, атмасфэрнае гучаньне. Пра такія альбомы пісаць дужа няма чаго, бо ўсё ўжо даўно напісана, але, паверце, гэта вельмі добрая музыка для аматараў SATURNUS, DOOM:VS, MOURNING BELOVETH, позьніх SHAPE OF DESPAIR і г.д. Раю пачаць з трэка “Forcefield”!

 

DESULTORY – Darkness Falls (The Early Years)
Год: 2024
Выдаўца: Darkness Shall Rise
Рэйтынг: клясыка

DSR працягвае перабіраць архівы правільнага старога мэталу і нейкім чынам знаходзіць слынныя гурты, чые раньнія запісы ніхто раней не перавыдаваў. “Darkness Falls”, зьмяшчае ўсе тры дэма швэдаў DESULTORY – “From Beyond” (1990), “Death Unfolds” (1991) і “Visions” (1992). Я раней іх ня слухаў, таму для мяне гэта быў першы досьвед. Зборнік паказвае, як DESULTORY на працягу трох гадоў пераходзілі ад Thrash / Death Metal да чыстага Death Metal з клясычным швэдзкім саўндам і змрочнай тагасьветнай аўрай. Усе тры дэма запісваліся пад кіраўніцтвам Томаса Скогсберга ў легендарнай студыі Sunlight, таму гучаць яны папросту цудоўна. Выдатны зборнік!

 

GUTVOID – Breathing Obelisk
Год: 2024
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 6,7 / 10

Атмасфэрны Death Metal пра фантастыку і Лаўкрафта – гэта я заўсёды вітаю, хоць большасьць гэткіх гуртоў пакідае мае чаканьні няспраўджанымі. З GUTVOID таксама не атрымалася. Хлопцы напісалі вельмі неблагую музыку, але недапрацавалі гук. Асабліва няўдала выступаюць бубны: яны занадта “жывыя”, што ў гэтым стылі адразу разбурае ўсё тагасьветнае адчуваньне. Ды й да астатніх складнікаў ёсьць пытаньні. Альбому бракуе бруднага тлушчу, глыбіні, рэха. 

 

SEPULKHRAL BAPTISM – Sepulkhral Baptism
Год: 2025
Выдаўца: Death in Pieces Records
Рэйтынг: 7,1 / 10

Чорны мэтал сьмерці з Мэксікі, які спалучае мускулістую ваяўнічасьць інструмэнтальных партый з крыважэрным вакалам, цёмным інфернальным характарам і дынамікай язды на ровары. Тут усё як у лепшых дамах, то-бок у гуртоў, назвы якіх вы самі ведаеце, акрамя гуку: ён шкварчыць, шыпіць, і яму бракуе пругкасьці і дакладнасьці. У астатнім вынік даволі неблагі, як для першага EP. Калі вам мала новага TEITANBLOOD, зьвярніце ўвагу. Рэліз, дарэчы, можна задарма сьцягнуць на Bandcamp.

 

CAMOS – Hide from the Light
Год: 2024
Выдаўца: Murder Records
Рэйтынг: 5,8 / 10

Бразільцы CAMOS называюць сябе “Obscure Heavy Black Metal”. Нічога па-сапраўднаму obscure тут няма (мяркую, у дадзеным выпадку “obscure” – гэта дыпляматычны эўфэмізм, якім музычная прэса называе гурты, на якія ўсім пахую), а “black”, напэўна, тлумачыцца наяўнасьцю лірыкі пра Д’ябла, уцяжараным гучаньнем гітар ды вакалістам, які ня ўмее / не жадае сьпяваць хэві. Вельмі шкада, што гэты немалады, дасьведчаны і ідэйны дзядзька вырашыў выціскаць зь сябе аднастайныя скрыготкія гукі, бо менавіта як Heavy Metal гэты альбом месцамі атрымаўся даволі прыстойным. Паслухайце толькі “When Love ends in Blood”! Але спробы падагнаць партыі інструмэнтаў пад нетрадыцыйны вакал занадта моцна яго псуюць.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *