129-ы выпуск кароткіх аглядаў.
AGATUS – The Eternalist
Год: 2016
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,4 / 10
AGATUS ёсьць пражэктам братоў Дорыянаў, заснавальнікаў ZEMIAL. Я добра памятаю, што 10 гадоў таму “The Eternalist” атрымаў выдатныя водгукі, але анікому не быў патрэбны праз сваю нестандартнасьць. На той момант сьвет яшчэ не насыціўся “чыстымі” жанравымі формамі, а “The Eternalist” быў ужо далёка наперадзе (або пазаду – тут як паглядзець). Яго можна ўмоўна ахарактарызаваць як грэцкі pre-pre-pre-Black Metal. То-бок, гэта ўсё тое, што нам знаёма па творчасьці тых жа самых ZEMIAL, VARATHRON, ROTTING CHRIST, NECROMANTIA і гэтак далей, але ў форме цёмнага Heavy Metal з традыцыйным грэцкім цёплым гукам і збольшага чыстымі вакаламі. Гэта вельмі разнастайны, глыбокі і прыгожы альбом, які лёгка можна назваць Музыкай зь вялікай літары. Магчыма, нарэшце настаў час для “The Eternalist” нарэшце стаць папулярным.
MAYHEM – Liturgy of Death
Год: 2026
Выдаўца: Century Media Records
Рэйтынг: 5,7 / 10
Слухаўшы “Liturgy of Death” упершыню, я быў чымсьці заняты, таму не адразу зразумеў, што канкрэтна я слухаю. І на працягу амаль усяго альбома я думаў, што ў маіх дынаміках гучаць нейкія другарадныя пасьлядоўнікі MAYHEM. Гэткае меркаваньне ў мяне застаецца і зараз. Калі “Daemon” быў доўгачаканым вяртаньнем нарвэжцаў да іхнага “карэннага” гучаньня без усякіх там выкрутасаў, то “Liturgy…” таксама ідзе ў гэтым накірунку, перыядычна дадаючы да яго элементы негатыўнай энергетыкі геніяльнага “Ordo ad Chao”. Але ўсё гэта ўдва, утрая менш натхнёна. Дзесьці па дарозе “Liturgy…” залішыўся той апраўданай фанабэрыі, грандыёзнасьці, глыбіні, якія былі ўласьцівыя “Daemon”. Нават гук пагоршыўся, хоць гурт зноў выкарыстоўваў паслугі Necromorbus Studio. Нарэшце, я не знайшоў тут аніводнага цікавага трэка. На гэтым альбоме MAYHEM гучаць як ня надта таленавітая пародыя на саміх сябе і адпрацоўваюць стандартную праграму. Для гурта, які заўсёды ганарыўся тым, што на кожным альбоме прапаноўваў нешта сьмелае, гэта папросту ганьба.
DARKTHRONE – Pre-Historic Metal
Год: 2026
Выдаўца: Peaceville Records
Рэйтынг: 5,5 / 10
Зь іншымі старымі нарвэжцамі сітуацыя трохі лепей, бо ад іх я ўжо даўно нічога не чакаю, таму яны не расчароўваюць. DAKTHRONE – як той сабака, што зноў і зноў паядае ўласнае гаўно, якое на самым пачатку было гаўном іншых сабак. Чарговы набор чужых рыфаў і спасылак на старажытныя плыткі, максімальна лянівая і нікчэмная вокладка, унітазны гук (гэтым разам ён зусім не “некратычны” і папросту дрэнны). Усё як мы прывыклі за апошнія 3-4 альбомы. На новыя плыткі DARKTHRONE можна сьмела клеіць стыкер “Падчас стварэньня гэтага альбому не было затрачана аніякіх высілкаў”. Слухаецца “Pre-Historic Metal” месцамі няблага, але марнаваць на яго час сэнсу няма. Як няма тут нічога “дагістарычнага” і сапраўднага. У сьвеце існуюць сотні гуртоў, якія не тое што граюць мэтал старой школы, а жывуць ім, і DAKTHRONE да іх вельмі далёка. На каго ўвогуле разьлічанае гэтае пазёрства? Хіба што на аматараў Wacken-core.
BURNING WINDS – Hell and Damnation
Год: 2025
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 7 / 10
Калі мы ўжо гаворым пра дагістарычны мэтал, то вось вам, напрыклад, альбом старога пражэкта BURNING WINDS, запісаны ў 2020-х, але настолькі брудны, старажытны і барбарскі, як DARKTHRONE ня могуць сабе дазволіць ужо больш за 30 гадоў. Пражэкт амерыканскі, таму тут толькі просталінейнае і нескаламучанае блюзьнерства. NecroDan (адзіны ўдзельнік BURNING WINDS) ніхалеры ня ўмее граць, але гэта не замінае яму выдаваць вельмі пасьлядоўныя і ўчэпістыя сярэднятэмпавыя трэкі а-ля HAVOHEJ, BEHERIT, GOATLORD. Вельмі злосная (анты)музыка – не для вакенкоршчыкаў і неафітаў.
DEMON SPELL – Blessed Be the Dark
Год: 2026
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 8 / 10
Выбітныя італьянскія пасьлядоўнікі MERCYFUL FATE / KING DIAMOND не прымусілі нас доўга чакаць свайго дэбютнага альбому. Амаль усё, пра што я напісаў у аглядзе на іхны дэбютны EP, можна сказаць і пра альбом, але на “Blessed be the Dark” хлопцы трохі прасунуліся ва ўсіх кампанентах і зрабілі яшчэ больш аўтэнтычны гук – зрэшты, як і мае быць на альбоме. Слухайце!



