Бліц-рэцэнзіі 112: DEMON SPELL, TEMPESTOUS zine, PUKEWRAITH, POUNDER, SEID

112-ы выпуск кароткіх аглядаў.

DEMON SPELL – Evil Nights
Год: 2024
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 7,8 / 10

Гэты італьянскі гурт настолькі не прыхоўвае сваю галоўную і адзіную крыніцу натхненьня, што я ня ведаю, чаму ён не назваўся, напрыклад, MERCYFUL KING, ці там DIAMOND FATE. Зь першых нот хочацца спытаць: “Гэта ты, Мэліса?”. Італьянцы не тое што паглядаюць у бок MERCYFUL FATE, але папросту граюць тое ж самае, што гралі культавыя датчане на пачатку сваёй кар’еры. DEMON SPELL не дацягнулі ў тым пляне, што іхныя гітарныя партыі цалкам залішаныя выкрутасаў і мудрагелістых сола Хэнка Шэрмана. Але гэта нават ідзе ім на карысьць, бо песьні атрымаліся суцэльнымі, пасьлядоўнымі, вельмі ўчэпістымі. Ва ўсім астатнім таксама можа толькі пахваліць: гук цёплы, стары й аўтэнтычны, эстэтыка на месцы, а вакаліст хай бы й не кароль, але дае рады.

 

PUKEWRAITH – Banquet of Scum
Год: 2024
Выдаўца: Sewer Rot Records
Рэйтынг: 7 / 10

Хлопец, які стаіць за гэтым пражэктам, мае яшчэ зь дзясятак падобных яму, і на першы погляд успрымаць сяго сур’ёзна даволі цяжка. Аднак альбом атрымаўся вельмі добрым, і я не магу яго не парэкамэндаваць. Уявіце сабе SIX FEET UNDER узору “Undead” / “Unborn”, дзе сьпявае Крыс Барнс, які займаўся спортам замест таго, каб смаліць марыхуяну, а за гук адказваў таленавіты гукаінжэнер, які фанацее ад “Clandestine” ENTOMBED. На самой справе, аўтар зрабіў усё самастойна, і гэта яшчэ больш уражвае. Альбом дужа напорысты, прапануе гару рыфаў, не дае прадыхнуць, ды яшчэ й гучыць цудоўна (з драм-машынай!!!). Нічога выбітнага ў ім няма, гэта тупы сучасны Death Metal, але зроблены майстрам мясной справы.

 

TEMPESTOUS zine #8, #9
Год: 2024
Tempestous (Maga)zine – гэта даволі своеасабовы фэнзін з Чылі, які нагадае вам пра змрочную эпоху, калі экстрэмальны мэтал-фэнзін рабіўся сапраўднымі маньякамі і фанатыкамі. Зрэшты, тут няма чаму дзівіцца, бо гаворка ідзе пра Чылі – самую мэталічную краіну ў сьвеце! Восьмы выпуск фэнзіна зьмяшчае збольшага матэрыялы, якія выходзілі ў папярэдніх выпусках, пачынаючы зь першага, што быў выданы ў 2009-м годзе. Многія зь іх першапачаткова былі на гішпанскай мове, а цяпер іх можна прачытаць на ангельскай. Першае, што кінецца ў вочы – гэта якасная, прафэсійная вёрстка, выбітны дызайн, і ў той жа час багацьце парнаграфічных выяў на кожны, гэтак бы мовіць, густ. Паміж усяго гэтага хаваюцца вельмі глыбокія, інтэлектуальныя інтэрвію з музыкамі, пісьменьнікамі ды іншымі андэграўнднымі дзеячамі цёмнай культуры, якія тым ці іншым чынам робяць справу Шатана на Зямлі. Большасьць зь іх мае даволі моцныя псіхічныя адхіленьні: хтосьці любіць назіраць за пакутамі дзяцей, іншыя мараць каго-небудзь замардаваць уласнаручна, многія сядзяць на наркотыках… нябожчык Руміт, несумненна, чытаў бы гэты фэнзін з захапленьнем! Імёны большасьці ўдзельнікаў вам мала пра што скажуць, бо яны так ці інакш маюць дачыненьне да паўднёваамерыканскае сцэны, але, мяркую, усе чытачы Bagnik Zine прынамсі чулі пра BEWITCHED. Таксама ў 8-ы нумар увайшло мноства неблагіх рэцэнзій на музыку і часопісы. Поўны варыянт можна паглядзець або сьцягнуць на Archive.org.
9-ы нумар амаль ва ўсім падобны да 8-га, толькі інтэрвію тут актуальныя, а парнаграфічных выявак амаль што няма. Больш пра зьмесьціва гэтага ды іншых выпускаў можна даведацца на сайце фэнзіна, а таксама набыць там лічбавую або фізічную вэрсію.
https://tempestous.gumroad.com/
https://www.facebook.com/tempestous.zine

POUNDER – Thunderforged
Год: 2024
Выдаўца: Sewer Rot Records
Рэйтынг: 5,4 / 10

Зноў стэрыльны і максімальна “бясьпечны” альбом ад POUNDER. Трошкі лепей за папярэдні, але ўсё адно не.

 

SEID – Hymns to the Norse
Год: 2024
Выдаўца: Aeternitas Tenebrarum Musicae Fundamentum
Рэйтынг: 6 / 10

Паглядзеўшы на фотаздымак гурта, што прыкладаўся да гэтага прома, я падумаў, што мяне чакае рокерскі хэві-мэтал у стылі позьніх 70-х, але памыліўся: швэды граюць вельмі змрочны вікінгаўскі мэтал з трэмола, бласт-бітамі ды іншымі экстрэмальнымі радасьцямі. У найбольш эпічных момантах, дзе гучаць сьціплыя сымфанічныя партыі, музыка трохі нагадвае BATHORY, а ў спакойных – позьніх ENSLAVED, аднак у астатнім SEID даволі самастойныя. Гэта не тое каб вельмі добра, бо іхная музыка трохі занадта шумная, а часам і занадта безгустоўная (напрыклад, у “My Kingdom Rise” настолькі агідныя пасьлядоўнасьці акордаў з павышэньнем танальнасьці, што хочацца адразу гэта прапусьціць). “Hymns to the Norse” ёсьць ужо даволі звыклым для мяне прыкладам рэлізу ад ATMF: італьянскае выдавецтва заўсёды шукае арыгінальных артыстаў, якім ёсьць што сказаць сваёй музыкай і лірыкай, але ў гэтых намаганьнях быць арыгінальнымі яны даволі часта забываюцца на тое, што робіць музыку цікавай для слухача.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *