Год: 2026
Выдаўца: Archaic Sound
Рэйтынг: 7 / 10
Да вашай увагі дэбютны альбом харкаўскага гурта THE CIRCLE OF THE ELECT. Ён створаны ўжо даволі дасьведчанымі ўдзельнікамі тамтэйшае сцэны, якія на дадзеным этапе пажадалі застацца ананімнымі (але слухач, добра знаёмы з украінскае сцэнай, зможа вызначыць асобу стваральніка гурта па адрэсе электроннае пошты і характэрным сымбалі трызуба з пэнтаграмай; не, калі што, гэта не Раман Саенка).
THE CIRCLE OF THE ELECT выклікае цікавасьць нестандартнай камбінацыяй тэматыкі і гучаньня. Стваральнік гурта датрымліваецца традыцыйнага блюзьнерскага бачаньня Black Metal (што даволі рэдка сустракаецца ва Украіне), але THE CIRCLE OF THE ELECT гучыць цалкавіта па-харкаўску: атмасфэрна, эпічна, мэлядычна і прафэсійна. Гэта не трансцэндэнтнасьць DRUDKH ці прагрэсіўнасьць позьніх NOKTURNAL MORTUM, але нешта ў бок KHORS, YGG ці нават RAVENTALE. Тут няма вострых вуглоў, шалёных бласт-бітаў ці гвалтоўнага вакалу. Усё даволі гладка і нават спакойна, але гэта, несумненна, Black Metal. Таксама THE CIRCLE OF THE ELECT вельмі стрымана карыстаюцца клявішамі, што, зноў жа, рэдкая зьява для Украіны, дзе любяць заліваць імі ўсю гукавую прастору (гл. DUB BUK, ZGARD, ELDERBLOOD, тых жа самых NOKTURNAL MORTUM і гэтак далей). TCOTE ўвогуле амаль не адхіляюцца ад клясычнага набору рок-інструмэнтаў, затое кожны зь іх адпрацоўвае на поўную стаўку і грае свае ўласныя партыі, у тым ліку бас. Я таксама заўважыў, што ў першым трэку сьпявае іншы вакаліст. Гук у альбома трохі памякчэлы, але ўсё добра чуваць.
“Kaoskarma” атрымаўся даволі прыемнай для вуха плыткай з добрай музыкай і песьнямі. У кожным трэку ёсьць адметныя фрагмэнты, а ўвесь альбом цалкам аніводнага разу не дратуе. Ён роўны і якасны выключна ў станоўчым сэнсе. Працягласьць у няпоўныя 27 хвілін таксама ідзе яму на карысьць. Адчуваецца, што ў песьні патрапілі толькі адборныя рыфы і рашэньні, а забіваць гучаньне філерамі ніхто не плянаваў. Фізічнае выданьне ад Archaic Sound выйшла ў фармаце 4-панэльнага дыджыпака без буклета. На жаль, лірыку не надрукавалі, а на слых можна разабраць прыкладна 1\3 ад яе.



