Год: 2026
Выдаўца: Handful of Hate
Рэйтынг: 8 / 10
Наш шматпакутны сьвет нарэшце дачакаўся трэцяга альбому ŁATANU, які пачынаў рабіцца яшчэ ледзь не да выпуску другога, але з розных аб’ектыўных прычын адкладаўся. Чым старэйшы я станаўлюся, тым менш люблю паўтарацца, таму за дэталёвым апісаньнем музычнага стылю ŁATANU (калі вы чамусьці раней ня чулі гэты гурт) зьвяртайцеся да маіх папярэдніх аглядаў, а я адразу перайду да канкрэтыкі па “U imia Chaosu”.
Першае, што заўважаеш на гэтым альбоме – гук. Розьніца асабліва выразная, калі перад гэтым паслухаць першыя дзьве плыткі. Гучаньне “Eon Hora” ў мяне заўсёды выклікала зьмешаныя пачуцьці, але ў параўнаньні з навінкай і ён, і нават “Čorny manalit” выглядаюць ня надта дужа. “U imia Chaosu” запісваўся на студыі Sanctum Sound, нядаўна заснаванай беларусамі ў Польшчы, і за гукаінжэнера там Aahros – удзельнік гуртоў FLAMMAE і PETIT NUAGE NOIR. На гэтым альбоме ён адказваў ня толькі за запіс і мікс, але таксама выканаў ролю другога гітарыста і басіста. Sanctum Sound відавочна здатная на тое, каб даваць сваім гуртам моцны, якасны і жывы гук, а “U imia Chaosu” ёсьць гэтаму найлепшым доказам. Некаторым бандам больш пасуе сырое і дрыготкае гучаньне, але ŁATANU, як і NIEZGAL, найбольш эфектыўна працуе менавіта ў гэткім гуку. Дарэчы, тут варта нагадаць чытачам пра прома-відэакліп студыі, дзе якраз удзельнікі ŁATANU выконваюць кавэр на MARDUK:
З музычнага гледзішча гэта альбом ŁATANU. Ані болей, ані меней. Як і на папярэдніх плытках, тут маецца пара забойчых трэкаў (у дадзеным выпадку першы й апошні), а ўсё астатняе ёсьць традыцыйным і нязменна моцным крыўскім Black Metal з усімі характэрнымі ўласьцівасьцямі. Як і раней, P.Z. напісаў песьні, на 90% заснаваныя на выкручастых, зьмяістых партыях, што сьплятаюцца адна вакол адной. Гэта моц Латану! Амаль увесь альбом награны на вельмі высокай хуткасьці, што ідзе яму толькі на карысьць, бо ŁATANU і хуткасьць неразьдзельныя, як пюрэ і катлеты. Яшчэ кінулася ў вушы, што “альбомны” падыход P.Z. да кампазыцый адрозьніваецца ад “сплітавага”. Для”Sixfold Kryvian Blasphemy” ён прапанаваў трэкі-гімны, што хоць зараз бяры ды вынось на сцэну, каб выконваць іх жыўцом. Але на альбоме песьні імкнуцца да суцэльнасьці і пэўнай аднастайнасьці.
На мой погляд, гэтым разам з усіх удзельнікаў найбольш выбітна паказаў сябе Nihilation. Па-першае, ён пасьля доўгага перапынку вярнуўся да ролі бубнача (бо Plague666 ня змог узяць удзел у запісе з лягістычных прычын). Па-другое, выконваючы вакал, ён выдаў усё, што назапасілася за мінулыя 7 гадоў. Традыцыйны Black Metal-вакал даволі лёгка выконваць “па вярхах”, але Nihilation пайшоў углыб, уклаўшы ў сьпеў усю моц сваіх галасавых вязаў і атруту сваёй душы. Тут вам і напор, і лютасьць, і, не пабаюся гэтага слова, мадуляцыі.
У лірыцы ŁATANU выходзяць на міжгаляктычны ўзровень. На мінулым альбоме яны штурмам ішлі супраць Сонца, а гэтым разам ганарліва заяўляюць: “Космас павінен быць нашым!”. Цікава, як яны будуць дзяліць яго з INQUISITION… Аздабленьне альбома заслугоўвае асобнага апісаньня. Над ім рупліва працаваў цэлы кансіліюм. Было праліта багата крыві і поту, сказана яшчэ больш брудных словаў, але ў выніку ўсё атрымалася. Усе малюнкі і словы ў дыджыбуку фармата А5 стылізаваныя пад парэзы на чалавечае скуры. І настолькі рэалістычна, што вакол іх нават ёсьць характэрная прыпухласьць! Была ідэя даць усяму гэтаму аб’ём, але я нават не хачу ўяўляць, колькі б гэта каштавала. Адзін толькі перанос малюнкаў Ваюга, што заўсёды складаюцца з тысяч рысачак, у гэты фармат сам па сабе быў тытанічнай працай. Падрабязнасьці на відэа.



