128-ы выпуск кароткіх аглядаў.
DECIMATION – Between 2 Worlds
Год: 1992
Выдаўца: La Caverna Records
Рэйтынг: 6 / 10
Добры калюмбійскі выдавец La Caverna Records нарыў дзесьці старажытнае дэма штатаўскага гурта DECIMATION (у адных толькі ЗША іх існавала штук 12, і аніводная не дасягнула поспеху). Нічога прыкметнага, акрамя таго, што гэты гурт стары, у ім няма. Дэма засталося адзіным яго запісам, і ўдзельнікі гурта кар’еры ў музыцы не зрабілі (калі не ўлічваць вакаліста \ гітарыста Стывена Крэйна, што заслужыў пэўную славу з Doom / Death Metal-гуртом DUSK). У музыцы DECIMATION таксама нічога арыгінальнага я не знайшоў. Стандартны для тых часоў Death Metal з даволі высокім вакалам і адгалоскамі трэша. Дэма запісвалася ў студыі, таму гук на ім даволі добры. Ёсьць адчуваньне, што з большым бюджэтам і прафэсійным гучаньнем з гэтага матэрыялу мог бы атрымацца моцны альбом, але мы ўжо ніколі не даведаемся напэўна.
MASTER’S HAMMER – Maldorör Disco
Год: 2025
Выдаўца: Darkness Shall Rise Records
Рэйтынг: 5,7 / 10
Чэхі MASTER’S HAMMER, якія некалькі гадоў таму рашуча заяўлялі, што больш не зацікаўленыя ў перавыданьнях свайго матэрыялу і не жадаюць граць музыку (у тым ліку майму выдавецтву асабіста), зразумела, павярнуліся да музыкі і арганізавалі перавыданьні празь Darkness Shall Rise. Новы альбом атрымаўся… нудным. Ён ня надта эксперыментальны ў параўнаньні з 4-5 папярэднімі (што і добра, бо ён прынамсі лёгка слухаецца), але нічога па-сапраўднаму вартага ўвагі тут няма. То-бок, гэта чарговы выпадак, калі ў наіўных гаўнароў у чарговы раз бамбяць пуканы, бо чэхі не запісалі Black Metal, а людзі больш дасьведчаныя толькі машуць рукой і ідуць слухаць нешта іншае. Ну запісалі яны ў чарговы раз нейкую камедыйную хуйню, кліп сьмешны зьнялі, і што? Першыя 2-3 разы гэта яшчэ было цікава (ды й то ня надта). “Maldorör Disco” увогуле гучыць як індустрыяльны мэтал-рок канца 90-х, а гэта музыка, па якой наўрад ці хтосьці сумуе. “Take It Or Leave It” – кажуць чэхі. Я, бадай, пакіну гэта побач з тымі самымі палівайкамі 14-гадовай даўніны.
THY WORSHIPER – Demony Wschodu
Год: 2026
Выдаўца: Pirahna Music
Рэйтынг: 7,1 / 10
Вымушаны канстатаваць, што геніяльны “Czarna dzika czerwień”, які і праз 12 гадоў застаецца адным з найарыгінальнейшых альбомаў у сьвеце, ня “стрэліў”, таму старыя палякі THY WORSHIPER засталіся прыкладна там, дзе былі ў 2005-м. Папрацаваўшы з трайблавым фолк-мэталам, THY WORSHIPER павярнуліся да больш канцэнтраванага мэталічнага гучаньня на новым “Demony wschodu”. Трэба сказаць, што адметны мэлядычны характар гітарных партый, які быў уласьцівы для гэтага гурта яшчэ на дэмках 30-гадовай даўніны, жыве па сёньня. “Demony wschodu” – сумесь старых альбомаў THY WORSHIPER з элементамі новага стылю і багатымі дадатковымі партыямі ад чарговай вакалісткі (ужо ці не пятай за гісторыю гурта). Альбом прысьвечаны розным праявам ліха, якія прыходзяць з Усходу, таму не зьдзіўляйцеся, пачуўшы ў першым трэку “только мы с конём по полю идём”. Агулам альбом атрымаўся моцным, але бывала і лепей. Прынамсі, я не знайшоў у ім выбітных момантаў, якіх у THY WORSHIPER зазвычай хоць дупай еш.
АРИЯ – Когда настанет завтра
Год: 2025
Выдаўца: M2BA
Рэйтынг: 5,5 / 10
Пачну гэты міні-агляд з феерычнай гісторыі пра “навошта зарабляць трыльёны, калі можна зарабляць… мільярды”. Мэнеджмэнт гурта АРИЯ геніяльным рашэньнем, на якое не адважыўся б нават Дональд Трамп, зачыніў вэб-шоп на рэканструкцыю адразу ж пасьля выпуску новага альбома. Улічваючы, што фізічным выданьнем запісаў гурта займаецца гэты самы мэнеджмэнт, атрымалася, што новы альбом было папросту немагчыма купіць на дыску або плытцы… 7 месяцаў. Увесь гэты час піраты гандлявалі на Ozon і Avito памыйнымі CD-R па 70 беларускіх рублёў за штуку. Афіцыйная “фізіка” зьявілася ў продажы літаральна сёньня, у дзень, калі я пішу гэты тэкст. То-бок, АРИЯ больш за паўгады гастралявала ў падтрымку новага альбома, не прадаваўшы яго. Фантастыка. Акулы бізнэсу! Дарэчы, двайны вініл “Когда настанет завтра” каштуе 140$. Ну а чаму не? Згарэў сарай, гары і хата!
Што датычыцца самога альбома, то гэта чаканая чарговая азнака таго, што пенсія ўсё бліжэй. Не выключаю, што яшчэ расслухаю яго, як папярэдні “Проклятье морей”, але шанцаў на гэта мала. Гэта стомленая, банальная плытка, запісаная папросту таму, што мінула ўжо 8 гадоў, і трэба нешта даць слухачу. Як звычайна, пачынаецца яна бадзёра, але хутка выдыхаецца. Большая частка матэрыялу – тройчы перавараны самаплагіят. Сола доўгія і тэхнічныя, але пустыя. Даўно мінулі тыя часы, калі пара гітарыстаў геніяльна абыгрывала галоўны матыў песьні, цэментаваўшы яго ў сьвядомасьці. Цяпер гэта папросту сола, бо яно мае тут быць. Жытнякоў сьпявае ўсё больш упэўнена, але гэта не дапамагае, бо ягоны дыяпазон нот ды інтанацый застаецца вельмі абмежаваным. Тэксты гэтым разам атрымаліся поўным гаўном; такога бессэнсоўнага набору словаў ад АРИИ я не чакаў нават пасьля папярэдніх двух альбомаў. Яны натуральна шкодзяць песьням, бо я ня ўяўляю, хто ўвогуле захоча раскрыць рот, каб прасьпяваць гэтую хуйню разам з Жытняковым. Зрэшты, тут і сьпяваць дужа няма чаго, бо з усіх трэкаў трохі разганяюць кроў у венах толькі “Последний бой” и “Обгоняя время”. Загалоўны трэк ёсьць катастрафічнай дрысьнёй, а на яго нават дадумаліся зьняць кліп. Яшчэ горш тое, альбом доўжыцца ажно гадзіну (ці болей, калі ўлічваць бонус-трэк). Вось, напрыклад, IRON MAIDEN таксама ўжо стомленыя дзяды, якія пішуць трэкі даўжынёй у 10 кілометраў, каб паглядзець, куды гэта іх завядзе. І не заўсёды гэта атрымліваецца ўдала, але брытанцы па-ранейшаму здольныя напісаць хіт, а іхныя прагрэсіўныя тэмы цікава слухаць прынамсі з акадэмічных меркаваньняў. АРИЯ, на жаль, спынілася ў разьвіцьці гадоў 15 таму. Марнаваць гадзіну жыцьця на прэсны прадукт, які наўрад ці выклікае энтузіязм нават у ягоных стваральнікаў? Бадай, я знайду сабе іншы занятак.
PSY-WAR – From Deep Depresions to the Borders of Suicide
Год: 1992
Выдаўца: La Caverna Records
Рэйтынг: 6 / 10
Яшчэ адзін турбаандэграўндны рэліз ад La Caverna. PSY-WAR былі Death / Grind-гуртом з Коста-Рыкі і запісалі два дэма ў 1991-м і 1992-м адпаведна. Другое зь іх вы можаце паслухаць зараз, дзякуючы калюмбійскаму выдавецтву. Ці трэба гэта рабіць? Калі вы любіце паўднёваамерыканскае шалёнства і гатовыя трываць ягоная крывоцьце, то слухайце!



