Рэцэнзія: ДО СКОНУ – Ritual of Transition

Год: 2025
Выдаўца: Crypt of Black Fog
Рэйтынг: 8,4 / 10

Летась, сказаўшы ў межах ДО СКОНУ ўсё, што хацелася сказаць, Максім “Varagian” зачыніў пражэкт. Відавочна, гэта не назаўжды, але ў дадзены момант ДО СКОНУ не існуе. Перад гэтым Максім запісаў вялікую колькасьць новых трэкаў, зь якіх у выніку склаўся “Ritual of Transition”. Усе партыі ён выканаў самастойна, без выкарыстаньня студыі, і толькі бубны запісаў Джыяната Патэнці (гіперактыўны бубнач з Італіі, удзельнік DARVAZA, FROSTMOON ECLIPSE, DEATHROW, MOLOCH, SHADOWS GROUND і яшчэ купы гуртоў).

Нагадаю чытачу, што папярэдні альбом ДО СКОНУ (“…and Darkness Was over the Surface of the Deep”) мяне трохі расчараваў. То быў якасны, вельмі злосны і хуткі Black Metal, але на сто адсоткаў тыповы. А гэта апошняе, чаго чакаеш ад Максіма, бо ў ягоных рэлізах заўсёды прысутнічае “разынка”. “Ritual of Transition” адразу ж паказвае, што гэта не паўторыцца. Ужо па першых трэках разумееш, што гэта вельмі разнастайны, музычна багаты альбом. З легкасьцю дасьведчанага кампазытара (як-ніяк, стаж больш за 20 гадоў!) Максім плыўна пераходзіць ад кулямётнай злоснасьці да драматычна лідаў, а потым да размашыстага сярэдняга тэмпу, а потым да знаёмай сярэднятэмпавай атруты, а потым да ледзь не французкай мэлядычнай грандыёзнасьці, а потым да адгалоскаў традыйнага Heavy Metal, а потым распасьцірае крылы магутнай цемры а-ля DISSECTION… і гэтак далей.

Дзякуючы цікаваму (і вельмі добраму!) гучаньню, усе песьні, нягледзячы на разнастайнасьць, адчуваюцца як часткі суцэльнага твору. Напрыклад, рухомы хіт “A Mystical Understanding of the Shadows Cave” (страшна люблю песьні, дзе вось гэтак сьпявае гітара!) кардынальна адрозьніваецца па стылі ад суседняй “Valley of Emerald Crystals”, але ж гэта не гучыць як зборнік трэкаў з розных эпох. Хоць цалкам магчыма, што яны сапраўды былі напісаныя ў розныя часы.

Адзінае, чаго (ў чарговы раз) бракуе на альбоме – тых працяжных “рытуальных” фрагмэнтаў з скрыготкім вакалам і падарожжамі па мікракосмасу, якія фактычна былі асновай плытак ДО СКОНУ да “Великое пробуждение среди великого сна” ўключна. Маім меркаваньнем, было б неблагім ходам разьмясьціць на ўмоўна апошнім альбоме ДО СКОНУ трэк у гэткім стылі. Але й бязь гэтага тут больш чым досыць цікавостак. Альбом доўжыцца амаль 54 хвіліны, і кожны трэк, уключна з апошнім, варты пільнай увагі. Гэта ня той стандартны для сучаснай сцэны выпадак, калі пасьля бадзёрага пачатку ідзе пяць “затычак” і фінальны нудны “эпік”. Максім сапраўды пастараўся падабраць для фінальнай плыткі ўсё найлепшае. Апошні трэк – украінамоўная вэрсія песьні “Тёмное небо карпат” з міні-альбома “Змеиный круг”. Не ўпэўнены на 100%, але, здаецца, гэта першы ў гісторыі ДО СКОНУ трэк на украінскай мове. Так ці так, вельмі рэдкі выпадак.

Толькі зараз прыйшло да галавы, што, магчыма, разнастайнасьць альбома выкліканая якраз жаданьнем паказаць ДО СКОНУ ва ўсіх праявах. Таму гэта “Рытуал пераходу”. Магу з упэўненасьцю заявіць, што цяпер гэта мой улюбёны альбом гурта.

На дысках альбом выдаў Heidens Hart, ну а я ёсьць адным з сотні ўладальнікаў касэты ад маіх сяброў з Crypt of Black Fog. Гэтае выданьне адрозьніваецца класнай альтэрнатыўнай вокладкай ад Vaiug Art. Як звычайна, хлопцы з CoBF не пашкадавалі высілкаў і грошай на якасную ўкладку, дзе можна знайсьці ўсе тэксты (акрамя апошняга). Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *