Рэцэнзія: BRAS D’HONNEUR – Hate Speech

Год: 2026
Выдаўца: Primitive Reaction
Рэйтынг: 7 / 10

Да вашай увагі чарговы пражэкт Рамана Саенка і Ўлада з DRUDKH, WINDSWEPT etc. Хоць тэкстаў для гэтага альбому ў маім лічбавым прома няма (і яны, хутчэй за ўсё, не апублікаваныя ўвогуле), ягоны сэнс больш чым зразумелы. Гэта нянавісьць. І не лясная, як у іншым гурце, а больш просталінейная і нічым не стрыманая.

Музыка BRAS D’HONNEUR (“Жэст пагарды”) ня надта далёка адыходзіць ад ILDJARN або VON. Яна не настолькі прымітыўная, бо ўсё ж мае па 2-3 рыфы на песьню і граецца больш хутка, але сутнасна тут збольшага тое ж самае. Злосны трэмольны рыф, бласт-біт, Раман шляхам падвоенай вакальнай дарожкі выплёўвае некалькі радкоў – вось вам і трэк. Паўтарыць 13 разоў. Асноўная частка матэрыялу хуткая, але ёсьць трохі сярэдняга тэмпу.

Найбольш адметнай рысай альбома ёсьць тое, што ён ня дужа падобны да іншых пражэктаў Рамана. Месцамі чуецца раньні HATE FOREST зь ягонымі навальнічнымі хмарамі, але я ведаю гурты, якія гучаць больш падобна да HATE FOREST, ніж BRAS D’HONNEUR, таму гэта ня лічыцца. Гэта ня той выпадак, калі незразумела, навошта была ствараць чарговую існасьць. Але я б не сказаў, што альбом робіць магутнае ўражаньне. Гэта струмень нянавісьці на 34 хвіліны, ані болей, ані меней. Раман выказваецца пра розныя, гм, катэгорыі людзей, робіць гэта вельмі агрэсіўна (асабліва ў фінальнай траціне, дзе зьмяшчаецца найлепшы матэрыял)… ну і ўсё. Глыбіні тут няма. Мяркую, у гэтым і быў сэнс. Таму “Hate Speech” наўрад ці прыдатны для частага слуханьня. Але гэта добры, моцны альбом, які выконвае сваю задачу.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *