Бліц-рэцэнзіі 125: THE INFERNAL DECEIT, SUNSTRIKE, TRIVAX, TUHKA, IKU-TURSO

125-ы выпуск кароткіх аглядаў.

THE INFERNAL DECEIT – The True Harmful Black
Год: 2025
Выдаўца: Personal Records
Рэйтынг: 6 / 10

Нямецкі мэлядычны Black / Death Metal, які моцна нагадвае позьніх NECROPHOBIC ды іншых прадстаўнікоў швэдзкае сцэны. Хоць прэс-рэліз капсам крычыць пра моц іхных рыфаў, якраз з рыфамі тут усё ня надта добра. Як прынята ў Германіі, гэта цалкавіта стандартны, спакладаны, бясьпечны з усіх бакоў матэрыял, у якім няма ані грамулькі арыгінальнасьці. Прадукт індустрыі. Выдатнае сола ў “In Death I Am Eternal” – адзінае, што мне запомнілася з усяго альбому.

 

SUNSTRIKE – Moira
Год: 2024
Выдаўца: Gladivs Records
Рэйтынг: 7 / 10

Дэбютны рэліз пражэкта, дзе граюць два ўдзельнікі KRAJINY HMLY. Прысьвячаецца старажытным элінам. Тут даволі цікавым чынам спалучаюцца традыцыйны ўсходне-паўднёваэўрапэйскі цёмны экстрэмальны мэтал і відавочны ўплыў клясычных CELTIC FROST. Выглядае гэта прыкладна так: спачатку гурт грае штосьці бадзёра-дынамічнае з адгалоскамі ўмоўных BOMBARDER, а потым раптам выдае скрыготкі цэльнамэталічны рыфішча ў стылі Тома Фішэра. Каб вы не падумалі, што гэта супадзеньне, фінальным трэкам ідзе кавэр на CELTIC FROST. Як і ўся знаёмая мне творчасьць удзельнікаў KRAJINY HMLY, гэта вельмі якасная па андэграўндных мерках музыка, якой чагосьці бракуе, каб сказаць: вось, нарэшце сапраўдны прарыў.

 

TRIVAX – The Great Satan
Год: 2025
Выдаўца: Osmose Productions
Рэйтынг: 8,2 / 10

Раптоўна актуальны Blackened Death Metal іранскага паходжаньня (гурт зараз жыве ў Велікабрытаніі): пра бунт супраць рэлігійнай дыктатуры, супраць шыіцкага іслама і гэтак далей. Альбом папросту выдатны. Іранцы без усякага сораму абдзіраюць BEHEMOTH, але ж робяць гэта крайне таленавіта. Скажу шчыра: вось гэтак мелі гучаць BEHEMOTH пасьля “The Satanist”, ці, прынамсі, пасьля “I Loved You At Your Darkest”. У TRIVAX ёсьць агонь, смеласьць, тэхнічнасьць, правільная мэлядычнасьць і натуральная, а не разлічаная прадюсэрамі, дынаміка. Таксама цікава, што ў TRIVAX “усходніх” матываў у музыцы няма зусім, у адрозьненьні ад BEHEMOTH. Не адразу здагадаешся, хто тут іранец.

 

TUHKA – Havuportaali
Год: 2024
Выдаўца: Nordvis Produktion
Рэйтынг: 6 / 10

Фінскі цёмны мэтал зь вельмі сырым саўндам і драм-машынай. Гучыць вельмі падобна да BURZUM, якім ён мог бы быць, калі б Варг ня сеў у турму і пачаў запісваць новыя альбомы на мяжы стагодьдзяў у хатніх умовах. Вельмі спецыфічная і гіпнатычная штука, якая існуе па-за вызначэньнямі “добрага” і “дрэннага”. Нават ня ведаю, як гэта апынулася на Nordvis. Здаецца, гэтая музыка магла б раскрыцца ў студыйным фармаце, але аўтар чамусьці вырашыў пакінуць яе ў форме дэма і закрыў пражэкт.

 

IKU-TURSO – Wolfheart
Год: 2025
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 6,7 / 10

“Wolfheart” пачынаецца з тыпова ISENGARD’аўскага рыфа. Я адразу палез глядзець дыскаграфію гурта на MA і знайшоў, што сваіх крыніц натхненьня фіны IKU-TURSO не хаваюць. У іх нават ёсьць EP з назвай “Storm over Isengard”, куды ўвайшоў кавэр на SATYRICON. Але дужа радавацца ня сьпяшайцеся. Як звычайна, гэта ў першую чаргу традыцыйная фіншчына, а потым ужо ўсё астатняе. Асноўны вакал – стандартны крык, то-бок гэта ўжо ня тое, чаго ўсе чакаюць ад спадкаемцаў ISENGARD. Ад STORM у “Wolfheart” трохі больш, ну а ад SATYRICON па-сапраўднаму багата, бо клявішныя партыі сапраўды гучаць так, быццам прыйшлі з “Dark Medieval Times” і “The Shadowthrone”. Слухаецца ўсё гэта няблага, пакуль не пачынаецца трэк “Grizzled Skies”, які ёсьць поўнай і безнадзейнай хуйнёй. Ня ведаю, навошта такое запісваць. У фінале ідзе якасны кавэр на “Beyond the Great Vast Forest” EMPEROR. У выніку атрымліваецца фінскі цёмны мэтал з усімі яго станоўчымі і адмоўнымі бакамі. Таксама нешта.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *