Год: 2023
Выдаўца: Alkolik Holocaust Records
Рэйтынг: 7,5 / 10
Прапаную да вашай увагі малавядомы пражэкт Лусіяна Картэза, ключавога ўдзельніка такіх слынных аргентынскіх гуртоў, як VOMIT OF DOOM і ABOMINABLOOD. Адзіная прычына, якая пераканала мяне падрабязна напісаць пра яго – гучаньне. Па форме “Inherit Decay” ёсьць традыцыйным для абедзьвюх Амерык Black / Death Metal, чые карані ляжаць у творчасьці BLASPHEMY і BEHERIT. Але гук! Ён ня з гэтага сьвету, а зь нейкай глыбокай, сьмярдзючай, непрагляднай касмічнай сракі. З дапамогай даволі простых эфектаў Лусіяна стварыў адзін з найгідотнейшых альбомаў, што я чуў за шмат гадоў. У ім тагасветнае спалучаецца зь вельмі натуральным, знаёмым мярзоцьцем. Як у у гульнях серыі Dead Space зь іхнымі разумнымі месяцамі, створанымі з гнілое плоці. Яны жудасныя, магутныя і дзіўныя, але таксама галодныя і злосныя. Сутнасьць цяжка ахапіць розумам, але намеры відавочныя. Слухаць, як Лусіяна ванітуе ў мікрафон – тое ж самае, што ліць кіслату сабе ў вушы. Выбітны досьвед. Сапраўдны ядравы смурод. Я сумняваюся, што гэты альбом пакажа здольнасьць доўга падтрымліваць цікавасьць да сябе, але проста зараз я ад яго ў захапленьні. Для хуткага азнаямленьня рэкамэндую трэк “Pantocrator Lies”. А паглядзець на дыск можна на відэа. Зьвярніце асобную ўвагу на максімальна дэталёва намаляваных кашмарных павукоў на вокладцы за аўтарствам Bubonic Artworks. Гэта варта вінілавага выданьня!



