Бліц-рэцэнзіі 123: KAEVUM, HEXELLA, DRAUGASKOGUR, CAUSTIC PHLEGM, СМРТ

123-і выпуск кароткіх аглядаў.

KAEVUM – Ultra
Год: 2025
Выдаўца: Darker Than Black Records
Рэйтынг: 7,5 / 10

Нарвэскі гурт KAEVUM быў (бо ён распаўся на пачатку 2026-га) даволі рэдкай цікавосткай для сваёй краіны. KAEVUM гралі адкрыта нацыянал-сацыялістычны мэтал, што ў Скандынавіі амаль ніхто ня робіць. “Ultra” мае даволі добрае эпічнае і мэлядычнае гучаньне, у якім зьмешваюцца традыцыйная Нарвэгія, французкі ўплыў і штосьці кшталту позьняга ARCKANUM. Багата крыкаў, сьпеваў, гвалту і прасторы. Гук, напэўна, можна было б зрабіць і лепей. Але ў цэлым – моцны альбом.

Kaevum - Ultra ( Full album ), 2025

HEXELLA – The Ancient Gaping Mouth
Год: 2024
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 6 / 10

Дэбютны альбом штатаўскага гурта. Яго рухавіком ёсьць гарачая мілфа (вядома, мэксіканскага паходжаньня, бо белыя амерыканскія жанчыны цяпер не граюць мэтал, а займаюцца абаронай злачынцаў ад дэпартацый) Наэлія Гарза. HEXELLA даволі ўдала зьмешвае Black Metal з панкаўскімі прыёмамі і D-Beat. Атрымліваецца вельмі злосна, без усёй гэтай непрымальнай весялосьці і прыдуркаватасьці. На жаль, акрамя той злоснасьці (і нечакана сур’ёзных тэкстаў), тут больш нічога няма. Музыка, заснаваная на панку, амаль заўсёды застаёцца вельмі павярхоўнай; для цела, але не для духу.

 

DRAUGASKÓGUR – Fullmoon Hypnotic Ritual
Год: 2025
Выдаўца: Astral Nightmare Productions
Рэйтынг: 7,8 / 10

Вельмі атмасфэрны і цёмны мэтал з Сербіі. Дэбютны EP. Гучаньнем нагадвае ўсемагчымыя “вампірскія” пражэкты (нездарма на касэтах яго выдаваў Inferna Profundus), але музыка тут хутчэй традыцыйная фінская зь перыядычнымі заходамі на тэрыторыю BURZUM. Таксама мне прыгадаўся мала каму вядомы польскі гурт FALL. Акрамя таленавітых гітарных партый з прыгожымі лідамі, вельмі важную ролю тут выконваюць клявішныя, якія ствараюць належнае халоднае адчуваньне.

 

CAUSTIC PHLEGM – Purulent Apocalypse
Год: 2025
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,2 / 10

Максімальна мярзотны брутальны Death Metal зь Велікабрытаніі. Прынамсі па форме гэта Death Metal раньняга швэдзкага ўзору, а ва ўсіх астатніх аспектах ужо татальны горграйнд. Струны гітары вісяць дзесьці на ўзроўні калена, глуха стукаюць рондалі, а вакал аўтар гэтай цудоўнай музыкі, здаецца, запісваў, залезшы ў яму з калавымі ванітамі па самы нос. Бо іначай я ня ведаю, якім чынам ён здолеў стварыць усе гэтыя гідотныя гукі. Каб давесьці эстэтыку да дасканаласьці, ён таксама дадаў да музыкі трохі атанальных клявішных партый. Вынік вельмі цікавы. Калі вам бракуе нэрваў і часу, каб слухаць ультражорсткую дрысьню кшталту PARACOCCIDIOIDOMICOSISPROCTITISSARCOMUCOSIS або OXIDISED RAZOR, але хочацца чагосьці сьмярдзючага і гніласнага, ды бяз сэмплаў з кіно, трымайцеся за CAUSTIC PHLEGM.

 

СМРТ – Na utrini
Год: 2024
Выдаўца: Osmose Productions
Рэйтынг: 7 / 10

Другі альбом сербскага гурта (на бубнах тут грае былы ўдзельнік PYRE). Слова “utrina” абазначае занядбаную, недагледжаную зямлю, дзе раней хтосьці жыў, і яно добра перадае адчуваньне ад альбому. У ім пануе холад, змрок і заняпад. Гучаньне СМРТ часта параўноўваюць з квэбэкскім, але іхная мэлядычнасьць зусім не такая цукровая, як у канадцаў. Тут усё прасякнута пачуцьцём безнадзейнасьці. Калі вы перажывяцё пахмурны першы трэк, далей вас чакаюць больш прыгожыя, рухомыя і балючыя рэчы. Як і амаль усім балканскім плыткам, “Na Utrini” бракуе нейкага важнага складніку (магчыма, самастойнасьці?), але гэта моцная штука. Фізічныя выданьні альбома зьмяшчаюць кавэр на “Transilvanian Hunger” DARKTHRONE, перароблены пад стыль гурта настолькі старанна, што песьню можна нават не пазнаць, калі ня ведаць загадзя.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *