Рэцэнзія: DODEN GROTTE / SMAUG – Southern Lords

Год: 2025
Выдаўца: Metal Race Records
Рэйтынг: 6,66 / 10

Адным з новых рэлізаў Metal Race у гэтым годзе стаў спліт былых астраханцаў, а цяпер Петэрбуржцаў DODEN GROTTE і стаўрапольцаў SMAUG. З гэтым рэлізам Metal Race працягвае занурацца ў Black Metal, якога раней у сваёй дзейнасьці імкнуўся ўнікаць.

Пра DODEN GROTTE я ведаю даўно, але ніколі іх ня слухаў, бо назва ў гэтага гурта нейкая недарэчная, ды й не давяраю я Black-мэталістам, якія выдаюцца на Sound Age і Dark East. Але амаль усе іншыя пражэкты ўдзельнікаў гэтага гурта няёмкіх пытаньняў не выклікаюць, і ў межах DODEN GROTTE фармальна ўсё добра. Хлопцы стараюцца быць ідэйнымі і сур’ёзнымі, імкнуцца да правільнай эстэтыкі і традыцыйнага гучаньня. У іх годныя рыфы і нават сціплыя аранжыроўкі з прэтэнзіяй на эпічнасьць. Моцна псуюць усё гэта дзьве рэчы: 1) стандартны і набрыдлы расейскі гук, залішаны характару; 2) няправільны з эстэтычнага гледзішча вакал (крыкі маюць быць нечалавечымі і апантанымі, а ня проста нейкім панк-хардкорным злосным віскам, і ўжо тым болей у гэткую музыку нельга падпускаць чыстага голасу). І яшчэ бок DODEN GROTTE на гэтым спліце апаганены ідыёцкім кавэрам на ГрОб, які гучаў бы дарэчна хіба што ў якасьці B-side гурта IMPALED NAZARENE ці чагосьці падобнага.

SMAUG ёсьць пражэктам Sauron’а, былога вакаліста BAAL ZEBUTH. Чытачы Bagnik Zine могуць памятаць яго па дэбютным альбоме. На спліце ўсе інструмэнтальныя і тэхнічныя аспекты для яго закрылі Helge Gabriel і нейкі Юрый. Плюсы і мінусы матэрыяла SMAUG практычна тыя ж самыя, што ў DODEN GROTTE, але ўсё тут трошачкі лепей. Гук больш глыбокі і своеасабовы, музыка больш грандыёзная і старамодная, вакал няхай бы на каліўца, але больш дэманічны. Традыцыйныя клявішныя партыі, зноў жа. Калі DODEN GROTTE натхняліся, хутчэй за ўсё, швэдамі, то SMAUG глядзелі на нарвэжцаў і фінаў. Тут таксама ёсьць кавэр, але на ENTHRONED, і ён зусім не выбіваецца. Калі ня ведаць, што гэта кавэр, то яго можна прыняць за чарговы трэк расейцаў.

У выніку маем ладны Black Metal-спліт, які не заслугоўвае дыфірамбаў, але й лаяць яго няма за што. Маім меркаваньнем, DODEN GROTTE ёсьць сэнс засяродзіцца на пошуку свайго гучаньня перш за ўсё ў тэхнічным сэнсе, а SMAUG – навучыцца пісаць лепшыя песьні. Як і на першым альбоме, яны ўвесь час нібы топчуцца перад рысай, якая аддзяляе “моцна” ад “выдатна”. Дарэчы, гук на альбоме таксама быў шмат у чым лепей.

CD-выданьне ад Metal Race выкананае ў строгім бела-чорным колеры і мае мінімалістычны буклет на 4 старонкі, дзе, на жаль, няма тэкстаў. Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *