Год: 2025
Выдаўца: Metal Race Records / Satanath Records
Рэйтынг: 7 / 10
Зноў на старонках Bagnik Zine лаўкрафтаўскі Death Metal, але гэтым разам ад больш старога гурта. Я ведаю DIG ME NO GRAVE яшчэ з часоў іх дэбюта, і адразу скажу, што ані сам гурт, ані маё ўражаньне ад яго за гэтыя 11 гадоў не зьмяніліся ані на каліва.
Прыкладна з 2011-га на расейскай экстрэмальнай мэтал-сцэне пачаўся якасны рост, у тым ліку ў жанры Death Metal. Пачалі выдаваць першыя рэлізы такія гурты, як PYRE і GROND, што дэманстравалі сусьветны ўзровень і ва ўсіх аспектах апярэджвалі нудоціну кшталту TRIGGER на сьветлавыя гады. DIG ME NO GRAVE з сваім “Cosmic Cult” гулялі на адну лігу ніжэй, але ўсё адно выдаваліся на расейскае сцэне. Было дастаткова ўжо таго, што яны мелі дарослае эўрапейскае гучаньне, прыстойны артворк і сур’ёзную лаўкрафтаўскую тэматыку замест спробаў зрабіць “вельмі цікавыя” заявы. Апошняе – велічэзнае праблема ўсяго расейскага (ды і большай часткі постсаўковага) мэтала. Замест таго, каб рабіць правільную музыку, уся гэтая піздабрація пачынае сыпаць мэтафарамі, іранізіраваць, гумарыць, выдумляць “незвычайны імідж” і гэтак далей. Алё, усім пахую на вашу ЖЭКаўскую самадзейнасьць!
Дык вось, пра што гэта я? DIG ME NO GRAVE з самога пачатку выставілі для сябе даволі высокую планку. І спыніліся. Я нават параўнаў “Cosmic Cult” і “Necrocosmic Ceremony” падчас напісаньня гэтага агляду. Той жа самы гук. Тая ж самая тэматыка. Тая ж самая музыка. Нават выдавец той жа самы! Выданьне на Satanath, дарэчы, наўрад ці пайшло гурту на карысьць, бо DIG ME NO GRAVE адразу згубіліся ў купе пасрэдных рэлізаў. PYRE адразу ж супрацоўнічалі з Blood Harvest і Soulseller, і цяпер яны на Osmose. А DIG ME NO GRAVE за мяжой мала хто ведае.
Так ці так, у матэрыял DIG ME NO GRAVE адразу ж было закладзена досыць магутнасьці, каб і ў 2025-м гурт гучаў годна. Што ні кажы, а Death Metal граць яны ўмеюць. Я б сказаў, што яны натхняліся фінскай школай, а таксама вялікімі CANNIBAL CORPSE. Бо рыфы ў DIG ME NO GRAVE дужа амерыканскія, некаторыя нават знаёмыя (як у “Desecrated Heavens”, напрыклад), але бульдозерная дынаміка і стыль выкананьня фінскія, ці агульнаэўрапейскія. У песьнях мала хуткіх фрагмэнтаў і зусім няма трэшу. Асноўная частка рухаецца ва ўпэўненым сярэднем тэмпе і, як зараз модна казаць, навальвае. Ёсьць мінімальны груў, які не дратуе. “Прадакшн”, зноў жа, прыносіць моцнае задавальненьне. Гэта сучасны Death Metal-гук, а не чарговая безаблічная залупа на стандартных наладах. І вакаліст не расчароўвае. Карацей, з “Necrocosmic Ceremony” DIG ME NO GRAVE ужо ў які раз пасьпяхова выйшлі на біс і зрабілі тое, што ўмеюць. І гэта, кажучы аб’ектыўна, вельмі добра. Ані болей, ані меней.
Дызайн фізічнага выданьня вельмі ўдалы, асабліва як для джэвэла. Вокладка ад Алекса Шадрына, тэматычныя ілюстрацыі да песьняў у аматарскім, але вельмі насычаным і олдскульным стылі ад Amy Mor, прыстойныя шрыфты і колеры. Тэксты таксама ў наяўнасьці. Падрабязнасьці на відэа.



