117-ы выпуск кароткіх аглядаў.
INFAMIS TENEBRE – Widma
Год: 2024
Выдаўца: Fluttering Dragon
Рэйтынг: цікавостка
Гэты пражэкт належыць Войцэху Зембе, старому ўдзельніку польскай эксперымэнтальнай музычнай сцэны. Хтосьці можа ведаць яго па пражэкту INFAMIS, які існаваў з сярэдзіне 90-х, а хтосьці як кіраўніка лэйбла Beast of Prey. “Widma”, як заяўляе прэс-рэліз, ёсьць інавацыйным музычным доследам, укаранёным у стылістыцы “dungeon synth”, і гэта праўда. Музыка INFAMIS TENEBRE вітае слухачоў знаёмымі яшчэ па MORTIIS эпічнымі обэртонамі – з папраўкай на тое, што яна выкарыстоўвае багацьце сучаснага лічбавага і несучасных аналёгавага рыштунку. Але за межы “пячорнага сінта” гэты альбом імгненна выносіць вакал Пятра Гузара, які без перабольшаньня можна назваць прафэсійным. Я кепска знаюся на немэталічных стылях вакалу, таму, каб не памыліцца з вызначэньнем, проста скажу, што ён сьпявае ў стылі ўсіх гэтых дарагіх і модных поп-артыстаў, якія прэтэндуюць на пэўны інтэлектуальны зьмест сваіх песьняў. З эмоцыяй, варыяцыямі ды іншымі вібрацыямі. З мэталічных вакалаў бліжэй за ўсё да гэтага стаіць, напэўна, чысты голас Алан Аверыла з PRIMORDIAL. Карацей, вакальная частка “Widma” ёсьць адначасова і найбольш выбітным, і найбольш спрэчным элементам альбома. Камусьці гэта спадабаецца, а хтосьці адразу скажа “не”. Я так і не вызначыўся, ці да спадобы мне такі падыход, але магу сказаць, што вакальных партый тут трохі залішне. Яны часта заглушаюць музыку, у якой таксама ёсьць што паслухаць. Тым ня меней, досьлед атрымаўся цікавы.
HÄXENZIJRKELL – Portal
Год: 2024
Выдаўца: Amor Fati Productions
Рэйтынг: 5,7 / 10
Гэты рэліз таксама ня надта просты для ўспрыманьня. Немцы HÄXENZIJRKELL граюць Black Metal у стылі CULTES DES GHOULES (марудныя “рытуальныя” песьні з шматлікімі паўзамі на дэклямацыі), але з шумным і адначасова прыдушаным гукам накшталт умоўнага MÚSPELLZHEIMR, толькі ў тры разы гучней. Напачатку гэта нават цікава, аднак пасьля трэцяй песьні становіцца невыносна нудна. У CDG нават на горшых запісах дынамікі ў адным трэку больш, ніж у HÄXENZIJRKELL на ўсім альбоме.
MERCYLESS – Those Who Reign Below
Год: 2024
Выдаўца: Osmose Productions
Рэйтынг: 7 / 10
Гурт MERCYLESS быў заснаваны ажно ў 1987-м годзе, потым на мяжы тысячагодьдзяў распаўся (ўдзельнікі “страцілі цікавасьць да Death Metal” і, вядома, пачалі граць нейкае невыразнае прадажнае рыгальле), але павярнуўся на сцэну разам з новай хваляй папулярнасьці экстрэмальнага мэталу. На “Those Who Reign Below” MERCYLESS прапануюць вельмі добры стары Death Metal з лёгкай чарнацінкай – злосны, змрочны, хуткі і інтэнсіўны. Рэкамэндуецца фанатам MORBID ANGEL, PESTILENCE, SINISTER, а таксама першага альбому ці двух ад NECROWRETCH.
PROFANATICA – Wreathed in Dead Angels
Год: 2025
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8 / 10
У апошнія гады ў PROFANATICA склалася выразная схема працы над рэлізамі: паўнафарматныя альбомы з стоадсоткава “фірмовым” гучаньнем выходзяць на Season of Mist, а больш адвольныя міні-альбомы аддаюцца на Hells Headbangers. Нейкім чынам атрымалася, што ўсе гэтыя нядаўнія міні-альбомы гучаць больш як CIANIDE, ніж як PROFANATICA. “Wreathed in Dead Angels” робіць крок назад да больш звыклага стылю, але крок даволі невялікі. На “The Sixth Hour” літаральна зь першых удараў па бубнах хочацца завесьці: “Time… is now… to rage… WAR!!!”. Тым ня меней, цыянідаўшчыны агулам паменела (асабіста я супраць яе нічога не маю), аднак жорсткасьць і цяжкасьць Death Metal у гуку нікуды ня зьнікла. Ну й добра. Трымайце чарговую порцыю чорнай канчы!
ALTAR Zine #1
Год: 2025
Першы нумар андэграўнднага ідэйнага фэнзіну з РФ. ALTAR перадае дух старажытнага фэнзіну літаральна ва ўсім – гэта радыкальнае выданьне, створанае пакуль што не самым дасьведчаным, але *фанатычным* аўтарам, які знаецца на правільным мэтале і ня дбае пра “шырокую аўдыторыю”. Ну хіба што якасьць друку тут лепей, ніж на пачатку 90-х. Сьпіс гуртоў ўражвае: SARCÓFAGO, POISON, HOLOCAUSTO, GOAT SEMEN, VULCANO, NECROSOUND, WITCHCRAFT, SADOGOAT / SADOMATOR. І няхай бы размова ў інтэрвію з SARCÓFAGO ідзе не з ачольцай калектыву, а самі інтэрвію маглі быць лепей, гэта ўсё адно вельмі моцны зачын, варты падтрымкі. А калі, цытуючы аўтара, “ты любитель гейских журналов по типу “atmospheric cocks” (ой, drugs) и всяких хипстерских групп, то пошёл на хуй отсюда!”. Наклад ALTAR Zine склаў 50 копій, і пакуль што яго яшчэ можна набыць (напрыклад, на Possession).




