Рэцэнзія: FATUM – Неприкаянный

Год: 2008 / 2025 (гэтае выданьне)
Выдаўца: Metal Race Records
Рэйтынг: 5,8 / 10

Зноў Metal Race выступае ў рэдкім для сябе жанры, выдаўшы мэлядычны Doom Death Metal. FATUM паходзіць зь Екатэрынбурга; гэты гурт існуе з 1993-га, але выдаў усяго два альбомы. “Неприкаянный” ёсьць другім. У арыгінале ён выйшаў у 2008-м і быў выданы самастойна. Metal Race прапануе перавыданьне з абноўленым дызайнам и рэмастыраваным гукам.

Скажу шчыра, з гэтым прома-пачкам рэлізаў Metal Race у мяне неяк не пайшло. Што AUTUMNAL DISCORD, што PROCESSOR, што FATUM мяне не зачапілі. Зноў жа, “Неприкаянный” ёсьць зусім нядрэнным альбомам. У яго добры гук, роўныя песьні, цэльная атмасфэра. Але ён банальна састарэў. Нават такі аднастайны жанр, як Doom Metal, зрабіў некалькі вялікіх крокаў наперад пасьля таго, як мэтал вярнуў сабе папулярнасьць напрыканцы першага дзесяцігодьдзя 2000-х. А “Неприкаянный” спыніўся менавіта ў той кропцы, дзе дум знаходзіўся ў момант запісу гэтага альбома (у 2006-м). Я ўжо даўно не зьдзіўляюся таму, што чарговы новы гурт зь якой-небудзь Мэксікі здольны выдаць дэбютную плытку, дзе знойдзецца гучаньне глыбінёй зь Ціхі акіян, багацейшыя аранжыроўкі, 80 хвілін матэрыялу і выбітны артворк. Іначай кажучы, сучасны Doom Metal (ды й мэтал увогуле) можа заставацца нудным, як і раней, але прапануе матэрыял высокага прафэсійнага ўзроўню. “Неприкаянный” гэткага ўзроўню не дэманструе. Гэта даволі просьценькі дум з аднамернымі аранжыроўкамі, дзе няма нічога лішняга. Вось гітара нумар раз, вось гітара нумар два, вось бас, вось бубны. Час ад часу сустракаюцца клявішы і сола, ну і вакаліст сьпявае і рычыць на розныя лады (дарэчы, ня надта прыемна для вуха). Аднак усё гэта занадта строга адмерана. Альбом мае відавочныя амбіцыі – адтуль добры студыйны гук і якаснае выкананьне. Але для таго, каб стаць чымсьці значным, яму бракуе маштабу.

У падобных выпадках становішча часта ратуюць выдатныя песьні. На жаль, і з гэтым бяда. Не хачу ўжываць больш моцныя тэрміны, таму скажу, што “Неприкаянный” падаўся мне пустым. Шчырыя тэксты пра душэўныя пакуты – гэта добра, але ніхто ня будзе іх чытаць і слухаць, калі музыка ім не адпавядае. На альбоме ёсьць прыкладна тузін выбітных адрэзкаў (збольшага гэта сольныя партыі і высокадынамічныя “гатычныя” фрагмэнты), паміж якімі гучыць музыка, што выклікае толькі абыякавасьць. Я ведаю, што ў 2008-м знайшоў бы гэты альбом вельмі прывабным. У 2025-м я знайшоў яго непатрэбным. “Неприкаянный” не вытрымаў праверкі часам, таму сёньня можа служыць толькі адным з дакумэнтаў уральскага Doom Metal.

Выданьне ад Metal Race надрукаванае на таўсьценнае глянцавае паперы. У буклеце знаходзяцца ўсе тэксты (надрукаваныя стылёвым “рукапісным” шрыфтам), фота гурта і тэматычныя арты. Тут усё выдатна і на 100% па тэме, сумневаў няма. Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *