Год: 2025
Выдаўца: Season of Mist
Рэйтынг: 8,4 / 10
Новы альбом DRUDKH у пэўным сэнсе застаў мяне неспадзеўкі. DRUDKH, вядома, не DARKTHRONE, чые фанаты кожныя два гады чамусьці спадзяюцца зноў пачуць ад нарвэжцаў Black Metal, але большасьць іхных слухачоў таксама кожны раз чакае чагосьці ў стылі першых 5-6 альбомаў. Асабіста я даўно пакінуў усе надзеі на гэта. І тут украінцы выдалі “Гра тіней” – альбом, які ўвесь час хочацца назваць тым самым “вяртаньнем да каранёў”.
Ужо ў працяглым уступным трэку пачынаюць гучаць знаёмыя “восеньскія” сінты, якія мы чулі на “Autumn Aurora” і “Відчуженість”. Пакуль другі трэк паступова набірае абароты, усё больш выразна вымалёўваецца падыход, які Раман Саенка і Thurios абралі на гэтым альбоме. Гэта сумесь старых гіпнатычных рыфаў з больш тэхнічнай падачай у стылі матэрыялу, што пайшоў з 2015-га году. Тут няма геніяльнай цёплай аднастайнасьці майго ўлюбёнага “Forgotten Legends”, але багата рэверансаў у бок “Microcosmos”, “Кров у наших криницях” ды іншых запісаў другой паловы 2000-х.
Песьні “Квітень” і “Вигнання” атрымаліся бадай што наймацнейшымі на альбоме. У іх няма літаральна аніводнага месца, якое б не выклікала захапленьне. “Опале цвітіння”, ва ўсіх сэнсах самая хуткая рэч, мае некалькі пасрэдных момантаў, і на ёй для мяне выявілася яшчэ адна характэрная рыса альбома: агромністая ўнутраная дынаміка. DRUDKH усю сваю кар’еру паступова рухаліся ад трэкаў, дзе было 2-3 рыфы, да больш мудрагелістага матэрыялу, і ў выніку дайшлі да “Гра тіней”, дзе рыфаў сапраўды шмат. Кожная песьня тут складаецца з мноства фрагмэнтаў, і час ад часу на сярэдзіне можна забыцца, з чаго ўсё пачыналася. Зразумела, пры наяўнасьці гэткага багатага плёну творчай думкі тыя ці іншыя ідэі будуць мець горшую якасьць за суседнія. У дадзеным выпадку гэта хуткія адрэзкі з бласт-бітамі. Аднамерная калатнеча ў стылі першага WINDSWEPT слаба пасуе DRUDKH, бо гэты гурт заўсёды ўмеў надаць насычанасьці нават самым простым у пляне гучаньня задумкам. Затое сярэднетэмпавыя кавалкі, як заўсёды, атрымаліся больш чым дасканалымі. DRUDKH прасякнулі іх такім магутным пачуцьцём мэлянхоліі і трагічнасьці, што хоць кашулю на грудзях дзяры.
Лірыку да “Гра тіней”, калі я не памыляюся, упершыню з 2006-га году напісаў сам гурт. У адрозьненьні ад некалькіх папярэдніх альбомаў, яна не закранае рэальныя падзеі – відавочна, Раман вырашыў выказвацца на гэтую тэму ў межах HATE FOREST. Тэксты на “Гра тіней” больш адчужаныя, пра прыроду і нялёгкае жыцьцё. Але ў іх адчуваецца напружанасьць, як і ў музыцы. Пры ўсёй сваёй восеньскай атмасферы, “Гра тіней” наўрад ці падорыць вам магчымасьць музычнага сузіраньня даляглядаў або духоўнага адкрыцьця, як “Microcosmos” ці “Відчуженість”. Але гэта ўсё адно выдатны сплаў старога і сучаснага DRUDKH, які нават можна слухаць і ацэньваць па-за лірычным кантэкстам. Лепшы іхны альбом за 10 гадоў.
Гук “Гра тіней” гэтым разам майстэрыў слынны Хайме Гомес Арэльяна, а вось месца запісу чамусьці не напісалі. Але прынцыповых адрозьненьняў у гучаньні ў параўнаньні з папярэднімі плыткамі не маецца, таму рызыкну ўгадаць, што гэта была ўсё тая ж студыя Viter Music. Альбом выйшаў на CD у дыджыпаку з 16-старонкавым буклетам на шурпатае паперы. Падрабязнасьці на відэа.



