Год: 2024
Выдаўца: Metal Race Records
Рэйтынг: 6,8 / 10
З гэтым рэлізам Metal Race зьвяртаецца да жанру, які Анатоль выдае даволі рэдка: Doom Metal. Гурт AUTUMNAL DISCORD быў заснаваны яшчэ ў 1995-м, але, выдаўшы ўсяго адзін альбом, залёг у спаньне ажно да 2022-га. EP “Episodes” ёсьць першым паўнавартасным рэлізам AUTUMNAL DISCORD за 27 (!) гадоў.
На “Episodes” гурт выконвае рамантычна-гатычны дум, які перагукаецца з TRISTANIA, THEATRE OF TRAGEDY і падобнымі бандамі. Сярэднятэмпавая музыка, багатыя і ўчэпістыя партыі лід-гітары, выразны бас, чаргаваньне чыстага жаночага і грубага мужчынскага вакалаў. Поруч з усім гэтым ідуць добрыя аранжыроўкі, акустычныя партыі і гэтак далей. У апошніх двух трэках гурт раскручваецца напоўніцу – пачынаюцца выбітныя сола і нават нейкая агрэсія. Клявішных зусім няма, і я б сказаў, што гэта цудоўна, бо іх прысутнасьць у гэткім стылі часьцей за ўсё пераўтварае музыку на папсу з электрагітарамі.
Асабіста для мяне бяда з “Episodes” складаецца менавіта з стылёвай прыналежнасьці рэліза. Маім меркаваньнем, гэткі вось дум ёсьць адным з найбольш стэрыльных і “дзядоўскіх” (у адмоўным сэнсе) стыляў мэтала. Патлумачу на прыкладзе гурта DIATHRA з слаўнага месца Магілёва. Мае землякі таксама граюць з 1995-га году, маюць той жа самы стыль музыкі, зрэдку выдаюць альбомы, яшчэ радзей граюць жыўцом. І ўвесь гэты час яны існуюць дзесьці ў сваім маленькім сьвеце, па-за “сцэнай”. Нягледзячы на тое, што фармальна яны граюць мэтал, удзельнікі гурта ў публічнай дзейнасьці выглядаюць як найзвычайнейшыя месьцічы: жанчыны ў вячэрніх сукенках, мужчыны ў выпрасаваных кашулях і строгіх нагавіцах. У крайнім выпадку яны апранаюцца ў джынсы і пустыя чорныя цішоткі. Кажучы простай мовай, гэта не мэталісты, а людзі ў раёне 50, якіх у свой час зачапіла цяжкая музыка, пасьля чаго яны некалькі гадоў слухалі PARADISE LOST узору “Draconian Times”, THEATRE OF TRAGEDY, найтвішы і швэдзкія мэлядычныя “death” мэталы, а потым яшчэ чыталі часопісы “M”, “Легион” і “Dark City”. Іхная музыка больш пасуе для культурных рэстаранаў і маленькіх рок-клюбаў, дзе публіка падымае ў паветра запальніцы, калі стартуе чарговы акустычны фрагмэнт.
Ад AUTUMNAL DISCORD у мяне застаюцца такія ж самыя ўражаньні. З той розьніцай, што яны трошкі больш мэталічныя. Гэта ня тое каб дрэнна; гэта папросту музыка іншага асяродьдзя, зь якім у мяне няма амаль нічога агульнага. Таму фінальны рэйтынг альбома адлюстроўвае выключна маё ўражаньне: ўсё добра, але не мой стыль. Бо з фармальнага гледзішча тут усё добра. Музыка ня нудная, прыгожая, без заскокаў і заносаў у абы-што. Людзі ўмеюць граць і сьпяваць (нават акцэнт практычна адсутнічае). Адчуваецца, што перад запісам было мноства рэпетыцый і цяжкай працы. Гучаньне вельмі якаснае, хоць і не дасканалае; тое-сёе магло б быць лепей. Мяркую, аматарам стыля вельмі спадабаецца.
CD-выданьне ад Metal Race мае раскладны буклет на 6 старонак, дзе вы знойдзеце ўсе тэксты і кароткую інфармацыю пра рэліз. Дызайн мяне не ўразіў: калі вокладка ад (былой?) вакалісткі гурта ЛЕТАЛЬНЫЙ ИСХОД добра адпавядае музычнаму зьмесьціву, то ўсё астатняе патыхае несамавітымі графічнымі аздабленьнямі сярэдзіны 2000-х. Падрабязнасьці на відэа.



