Год: 2019 / 2023 (гэты варыянт)
Выдаўца: Заиндевевшая Рябина
Рэйтынг: 5 / 10
Нарэшце я дабраўся да апошняга рэлізу з прома-пакета лэйбла Заиндевевшая Рябина. І так супала, што “Curse of the Ancient Abyss” ёсьць бадай што горшым з усіх, у агульным сэнсе горшым нават за SLAVIC FRONT, нягледзячы на трошкі больш высокі рэйтынг. Пра гэта распавяду далей.
Пачаць варта з таго, што NIGHT ABYSS існуе (з перапынкам) ажно з 2003-га году, але выпускаць першыя сінглы гурт пачаў толькі ў 2018-м (хоць у 2007-м нібыта было нейкае дэма). На арыгінальны варыянт прома ў 2019-м уваходзілі тры песьні. Касэтнае выданьне атрымалася ў два разы больш насычаным. Але гэта ня надта дапамагае. Амаль што адразу для мяне стала відавочна, што NIGHT ABYSS ёсьць тыповым расейскім гуртом узору часоў свайго заснаваньня. Ствараючы музыку, яе аўтары намагаліся спалучыць усё, што ім падабалася, таму тут можна пачуць уплыў MARDUK і BEHEMOTH пачатку 2000-х, але ў той жа самы час убачыць найтрадыцыйнейшы Black Metal-імідж і спасылкі на нардычную міталёгію. І, як гэта заўжды было ў тыя часы, NIGHT ABYSS зрабілі гэта (і шмат што іншае) без малейшага намёку на добры густ і разуменьне.
Патлумачу. Першая палова касэты (тое самае арыгінальнае прома 2019-га году) ёсьць зборам даволі злоснага, але жудасна нуднага матэрыялу. Гэта ліхая малацьба з пэўнай колькасьцю “морбідаўскіх” (ці “бегемотаўскіх”) цяжкіх рыфаў і чаргаваньнем мярзотнага сярэднетанальнага і вельмі мярзотнага высокатанальнага вакалаў. Сур’ёзна, я б пасаромеўся вось гэтак сьціснута вішчаць. Якасьць запісу, шчыра кажучы, гаўно, бо паўсюль шум і ляск – у негатыўным сэнсе. Граюць хлопцы таксама не тое каб дужа роўна. Але ўсё адно, іхная манера граньня – адное, за што трэба пахваліць. Бо NIGHT ABYSS імкнуцца граць амбітна і разнастайна, выдумляць нейкія рыфы замест таго, каб ісьці лёгкім шляхам і расчэсваць у кроў бясконцыя “квадраты”. Майстэрства ім бракуе – прынамсі на гэтых запісах – але яны кампэнсуюць гэта напорам. Што датычыцца сэнсавага напаўненьня… пра лірыку я нават гаварыць не хачу. Досыць будзе працытаваць афіцыйны прэс-рэліз гурта: “Культ Тёмного Искусства ожил и продолжает нести хаос лживым общественным догмам”. Шаноўныя, ну які з вас культ? Якія “грамадскія догмы”, і якое дачыненьне гэта мае да Black Metal (а NIGHT ABYSS прэтэндуе на Black Metal)? З усім гэтым наборам мяне не зьдзіўляе, што прома ня мела поспеху, а гурт толькі праз 5 гадоў апынуўся на… Sound Age. Культавей проста няма куды. Калі гурт, які заяўляецца як Black Metal, хоча назаўжды зьнішчыць сваю scenic credibility, то няхай падпісваецца на Sound Age. Пасьля гэтага аніводны ідэйны слухач ужо не паглядзіць у яго бок.
Другая палова касэты больш цікавая. На яе ўваходзіць яшчэ адзін самастойны трэк і два кавэры. Сінгл “Demonic Lunar Spell” ёсьць вельмі простай злоснай мардукаўшчынай, і гэта ідзе яму на карысьць. Калі б не паскудныя вакалы, то было б зусім цудоўна. Кавэр на “Through the Forest of Dol-Guldur” SUMMONING мяне прыемна ўразіў. Я не люблю SUMMONING, аднак у выкананьні NIGHT ABYSS кавэр гучыць выдатна, з усімі патрэбнымі акцэнтамі. Ці то NIGHT ABYSS удала падабралі песьню, ці насамрэч гэткі стыль ім бліжэй. Апошнім трэкам ідзе недарэчнасьць пад назвай “Смерть”, і гэта кавэр на лапатна-чарназёмны гурт СМУТА. З пункту гледжаньня гучаньня да кавэру пытаньняў няма. Але які ў гэтым сэнс? Яго наяўнасьць ёсьць дадатковым доказам таму, што намаганьні NIGHT ABYSS на Black Metal немагчыма ўспрымаць сур’ёзна. Вы можаце сабе ўявіць, каб BLACKDEATH запісалі кавэр на PAGAN REIGN? Пытаньне рытарычнае. Менавіта таму BLACKDEATH – гэта культ, а ў NIGHT ABYSS няма і не будзе шанцу ім стаць.
Касэтнае выданьне “Curse of the Ancient Abyss” кідаецца ў вочы чорна-белай маналітнасьцю візуальнага стылю і кашмарам з мінуўшчыны ў выглядзе назвы рэліза, надрукаванай “рунічным шрыфтам”. Унутры можна знайсьці склад гурта і кароткую інфармацыю па кожным трэку. Лірыку дадаваць ня сталі, і гэта, бадай што, на добрае. Падрабязнасьці на відэа.