Рэцэнзія: УВОДЬ – Ритуал XXVI

Год: 2024
Выдаўца: Заиндевевшая Рябина
Рэйтынг: 7,2 / 10

Расейскі гурт, названы ў гонар рэчкі, грае вельмі немудрагелісты мэтал з моцным пачуцьцём мэлянхоліі і добрай атмасфэрай. “Ритуал XXVI”, як я зразумеў, ёсьць аніто альтэрнатыўным, аніто рэпетыцыйным варыянтам аднаімённага дэма 2023-га году. Калі дэма было ўмоўна “студыйным” запісам, то “Ритуал XXVI” ёсьць цалкам жывым і натуральным. Як сказана на ўкладцы, “записано одним дублем” (шаноўныя, немагчыма зрабіць штосьці “адным дублем”, бо дубль – гэта паўторная спроба).

Па першым трэку здаецца, што УВОДЬ нічым дужа не вызначаецца на тле мноства іншых расейскіх гуртоў падобнага стылю, але гэта памылковае ўражаньне. Ужо ў другім трэку музыка рэзка набірае эмоцый, а манера выкананьня зьмяняецца на трошачкі больш складаную. Зьяўляецца выразнае разьдзяленьне на рытм- і лід-гітару, потым дадаюцца невялічкія аранжыроўкі, а за імі і нешта падобнае да сола. Хоць усе кампазыцыі заснаваныя на “квадратах”, дзе танальнасьць фінальнага акорду кожнага рыфа чаргуецца ў старой, як сам сьвет, манеры (ніжэй-вышэй), слухаць іх цікава, бо гурту ўдалося насыціць музыку шчырым сумным пачуцьцем, не зваліўшыся ў бездань сьлёзаў і сусьляў. УВОДЬ нікога не капіюе – гэта ня клён гуртоў BBH або сучасных расейскіх “атмасфершчыкаў” кшталту GRIMA, але ў той жа час гэта ня нешта стандартызавана-безасабовае. Месцамі УВОДЬ нагадвае фінаў, месцамі старых палякаў, месцамі першы альбом ВИХРЬ, а ў пятым трэку раптам пачынае гучаць родны сэрцу стыль гуртоў… Niemaracz Clan. Зрэшты, я не бачу тут нічога дзіўнага, бо УВОДЬ ёсьць цьвярскім гуртом, а Цьвер – старадаўняя зямля крывічоў.

Аднак найбольш важным аспектам творчасьці УВОДЬ на дадзены момант я б назваў гук. Мая бадай што галоўная прэтэнзія да банд з РФ – тое, што яны ідуць на студыю, дзе ім падбіраюць стандартныя налады пад мітал, і запісваюцца ў гэтым гучаньні. Праз гэткае нядбайнае стаўленьне атрымліваецца, што чарговы гурт, які прэтэндуе на Black Metal, гучыць як дэткор і адразу запісваецца ў гаўнары ўсімі, хто хоць трошкі дбае пра чысьціню сцэны. Шаноўныя музыкі, па-сапраўднаму зацікаўленаму слухачу нахуй не патрэбна, каб у вашых песьнях было чуваць кожны інструмэнт. Гэта не галоўнае! На брудны / прымітыўны / старамодны гук  часьцей за ўсё скардзяцца піздункі з інтэрнэтаў, якія і капейкі не дадуць за ваш рэліз. У гучаньні кожнага гурта мае быць характар. Вось “Ритуал XXVI” якраз ёсьць адным з прыкладаў. Гэта тыповы “live in studio”, ён крывы і брудны, тут не заўсёды ўсё добра чуваць. Аднак ён гучыць у сто разоў больш харызматычна за, напрыклад, “The Perfection of Nothingness” уральскага NOTHING. Больш за тое, іншыя два запісы УВОДЬ, больш ахайныя, таксама маюць асабістае гучаньне, у якім можна адшукаць нямала хібаў. Але гэта сваё, а не унівэрсальны “сучасны якасны саўнд”.

У выніку мы маем моцны рэліз, варты ўвагі. Гэтую музыку можна і трэба паляпшаць, але гурту ўсяго толькі 3 гады, таму ўсё будзе – было б жаданьне. Касэтнае выданьне гэтым разам мінімалістычнае: на ўкладцы толькі арт і фотаздымак гурта з схаванымі тварамі. Наклад склаў 30 копій. Цікава, што на афіцыйным Bandcamp гурт апісвае сябе як дуэт, але ўдзельнікаў тут чатыры. Падрабязнасьці на відэа.

P.S. Гэты ды іншыя запісы УВОДЬ можна задарма сьцягнуць з Bandcamp.

P.P.S. Мяне, як казаў вядомы персанаж, крояць смутныя сумневы, што УВОДЬ трошкі заблыталіся ў рымскіх лічбах. Бо чаму тады рэліз 2024-га году выйшаў пад назвай “РЫТУАЛ 26”? А вось калі памяняць месцамі I ды V…

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *