115-ы выпуск кароткіх аглядаў.
WRAITHSABBATH – Glory in Finality
Год: 2022
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 6 / 10
Аднаразовы пражэкт маднейшай гёрлы з Тэхаса, якая грае на гітары ў гурце CHURCHACIDE, а таксама ў MORBOSIDAD. Гарло яна дзярэ так, што толькі трымайся, ну і ўсё астатняе, ад музыкі да гуку, тут зусім не жаночае: сьмярдзючае, брутальнае і хамскае. Як мае быць! Відавочна, што “Glory in Finality” рабіўся збольшага дзеля забавы – усяго тры песьні, вельмі просьценькі лічбавы “production”, драм-машына з кашмарнымі талеркамі, ды і кампазыцыі зусім непрэтэнцыйныя. Аднак ім не бракуе лютасьці ды энергіі. Як для рэліза, што доўжыцца ўсяго 15 хвілін і раздаецца задарма на Bandcamp, гэта вельмі годная штука.
NORDEIN – Reisa
Год: 2024
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 7,5 / 10
Нардычны фолк ад Ёрна Эйхюса – былога гітарыста NORDJEVEL і ачольцы гурта VARDE. “Reisa” ёсьць прыемным для вуха EP, які зьмяшчае тры добра асэнсаваных і прыгожых трэка. “Spring” вытрыманы ў клясычным інструмэнтальным стылі з акустыкай і жалейкай. “Kampen Är Evig” – цудоўная паўнавартасная песьня з трывалым рытмам. Як высьвятлілася, гэта перапеўка хэві-мэталічнага хіта швэдзкага гурта UTMARKEN. Апошнім ідзе загалоўны трэк, выкананы ў стылі фолк-эмбіента. Такім чынам, усе тры трэкі дэманструюць розныя падыходы да жанру і робяць гэта аднолькава пасьпяхова. Дадамо, што ў NORDEIN вельмі якаснае і прафэсійнае гучаньне. Цікава, чаму гэтая музыка пакуль не выйшла ў фізічным варыянце. Напэўна, плянуецца нейкі зборнік.
VALDRIN – Throne of the Lunar Soul
Год: 2023
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 9 / 10
Усё, што зьвязана з гэтым гуртом на гэтым альбоме, на першы погляд здаецца вельмі італьянскім: мыльнае фота ўдзельнікаў у нядбайна падабранай вопратцы і зь мечамі ў руках, пафасная падача, крываватая аматарская вокладка, вельмі багатае гучаньне з прэтэнзіяй на сымфанічнасьць. Але VALDRIN насамрэч паходзіць з ЗША і арыентуецца, хутчэй за ўсё, на скандынаўскую Black Metal-сцэну. Таму замест таго, каб намаляваць нешта грандыёзнае, а потым засраць гэта вадкім недамэталічным гучком, як робяць італьянцы, VALDRIN сэрвіруюць свае ідэі ў моцным і шчыльным саўндзе. Бубны і вакал маюць вельмі знаёмы прысмак DISSECTION і NECROPHOBIC, а музыка замахваецца на EMPEROR узору 2-3 альбомаў. Толькі замест клявішаў тут часта працуюць гітары. Чаго-чаго, а граць VALDRIN умеюць выбітна. Іхны стыль музыкі не зусім супадае з маімі густамі, але я не магу не захапляцца тым, колькі працы ў яе ўкладзена. 10+1 у добрым сэнсе вельмі складаных і насычаных трэкаў і размашыстая лірыка, па матывах якой хоць кнігу пішы. Усё гэта займае ажно 73 хвіліны, і я ўпэўнена скажу, што гэтыя хвіліны не былі змарнаваныя.
CACHOT D’EFFROI – Demo
Год: 2023
Выдаўца: Misantropia Discos
Рэйтынг: 6 / 10
Рэлізы Misantropia Discos, якія не маюць дачыненьня да MOONBLOOD ды іншых гуртоў з удзелам Gaalmazagoth’а, пакуль што ня надта мяне ўражваюць. Вось, напрыклад, дэма CACHOT D’EFFROI. Гэта французскі one-man band, які грае найчарнейшы мэтал у лепшых французскіх традыцыях one-man band’аў: густы замагільны гук, няўцямны вакал, калічная драм-машына і магутная атмасфэра халоднага ліха. Не тое каб гэта дрэнна, але такіх гуртоў я чуў мора. Усе яны носяць вычварныя франкмоўныя назвы, што імгненна выпадаюць з галавы, і прапануюць музыку, якая нічым не адрозьніваецца ад запісаў іншых падобны гуртоў. Чаму Мірка падпісаў менавіта CACHOT D’EFFROI, мне зразумець не дадзена. Бо тут няма нічога адметнага.
WINTER ETERNAL – Echoes of Primordial Gnosis
Год: 2024
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 6,7 / 10
WINTER ETERNAL ёсьць пражэктам грэцкага музыкі Soulreaper’а, які зараз жыве ў Шатляндыі. Адпаведна пафаснай назве, ён грае вельмі эпічны і мэлядычны цёмны мэтал у скандынаўскім стылі, замешаны, што цікава, не з грэцкім гучаньнем, а з SAOR. Але яйцы ў яго менншыя, ніж, напрыклад, у DISSECTION ці UNANIMATED. Швэды хоць бы час ад часу нагадвалі, што іхныя карані ляжаць у цемры BATHORY, а ў WINTER ETERNAL нічога падобнага няма – спрэс эмоцыі ды надрыў. Не спрачаюся з тым, што Soulreaper грае прыгожа й рупліва, ды і гасьцявыя вакалы ад Александраса з MACABRE OMEN і пані Hildr Valkyrie паслухаць цікава. Аднак усё гэта хутка стамляе. Бо гэта такі альбом, дзе што ні трэк, то кульмінацыя. Слухаць 33 хвіліны кульмінацый значна менш цікава, ніж 40 хвілін роўнага матэрыялу з адной кульмінацыяй. У мільярдны раз нагадваю: кантраст ёсьць найважнейшым інструмэнтам у арсенале будзь якога артыста.
Самае незразумелае ў гэтым рэлізе тое, што ён выйшаў на Hells Headbangers. Бо гэта зусім, ну ні на каліва ня іхны стыль. Спадзяюся, HHB падпісалі WINTER ETERNAL на п’яную галаву. Дарэчы, прэс-рэліз да альбома атрымаўся настолькі агідным, што ў гэта нават цяжка паверыць. Я ўжо даўно стараюся не чытаць прэс-рэлізы менавіта з той прычыны, што хуйню, якую там пішуць, немагчыма трываць, але ж вось патрапілася на вочы… У фінале аўтар радасна заяўляе, што WINTER ETERNAL цяпер “No longer the black metal underground’s best-kept-secret”. Нэйтан Бёрк, я цябе паважаю – але ІДЗІ ТЫ НАХУЙ!