Рэцэнзія: MOONLIGHT PROWLER – Weird Town

Год: 2024
Выдаўца: Заржавевшая Рябина
Рэйтынг: 7,8 / 10

Пражэкт MOONLIGHT PROWLER выбіваецца з агульнай масы пасьлядоўнікаў Кальдрада, якія складаюць пераважную частку ростэра лэйбла Заиндевевшая Рябина, ды й для Bagnik Zine гэта даволі незвычайны госьць, але нічога благога ў гэтым няма.

Вокладка “Weird Town”, выкананая збольшага ў густых ружова-фіялетавых колерах, адразу дае разумець, што перад намі рэтрасінт. Гэтую справу я люблю, хоць і слухаю рэдка, і мае густы тут вельмі простыя – давайце мне пальмы, рамантыку, Маямі і бадзёрыя “гоначныя” рытмы. Цудоўны першы трэк наводзіць якраз на гэтыя эмоцыі. Аднак, як высьвятляецца далей, гэта толькі некалькі апошніх хвілін цёплага летуценьня, за якімі распачынаюцца змрочныя справы. Гуляка ў скураным плашчы з каптурам, які любіць сьвятло месяца, выходзіць на двор, каб убачыць апошнія промні дзённага сонца і сустрэць агеньчыкі зор, што загараюцца на нябёсах побач зь ягонай каханай – поўняй. Ён садзіцца ў свой маднейшы футурыстычны аўтамабіль з абавязковымі высоўнымі фарамі і едзе ў Дзіўнае Мястэчка, дзе заўсёды адбываецца нешта жудаснае…

“Weird Town” (да майго асабістага жалю) ідзе сьцежкай гэтак званага horror synth. То-бок, гэтая музыка натхняецца перш за ўсё фільмамі жахаў пра маньякаў і дамы з прывідамі. І, вядома, Карпентэрам (які Джон, а ня Брут). Таму рамантыка першага трэка даволі хутка саступае месца больш жорсткім, цёмным гукам і пачуцьцям, выдатна знаёмым кожнаму, хто ў сваім жыцьці хоць трошкі глядзеў кіно. Кожны трэк з дапамогай сэмплаў з фільмаў і праз свае наводныя назвы ўвасабляе тыя ці іншыя сцэны: вось тут у нас пагоня забойцы за ахвярай, тут малады афіцэр паліцыі сівее на вачах, разглядаючы трупы ў морзе, а вунь там, наперадзе, ужо чакае шпацыр па цёмных завулках, дзе хаваецца хтосьці ці штосьці вельмі нядобрае. І над усім гэтым лунае Гуляка, чыя рука, што сьціскае доўгі востры нож, абавязкова мае пэўнае дачыненьне да кожнага трагічнага і загадкавага выпадку, што здараецца ў Дзіўным Мястэчку.

У тым, што датычыцца адчуваньняў і гучаньня, MOONLIGHT PROWLER даў рады на ўсе 100%. У сваёй змрочнасьці музыка не звальваецца ў dark ambient, а гукавая палітра застаецца ў межах дазволенага, без пераходаў на тэрыторыю якога-небудзь суседняга электроннага жанру. Што датычыцца саміх кампазыцый, то большасьць зь іх вельмі добрая. Аднак ёсьць і спрэчныя моманты, дзе музыцы бракуе вызначанага накірунку і, напэўна, нейкай вытанчанасьці. MOONLIGHT PROWLER – ананімны пражэкт, але ў мяне зьявілася моцнае адчуваньне, што за ім стаіць мэталіст. Бо чалавек, які прыйшоў з электроннае музыкі, абыйшоўся б з гэтымі момантамі па-іншаму.

Касэтнае выданьне выглядае цікава: замест стандартнага кейсу ў ім кардонны карабок, падобны да тых, куды складаюцца гульнявыя карты. Замест укладкі, у якой тут патрэбы няма (бо гэта чыстая музыка бяз тэкстаў), унутры, акрамя касэты, ляжаць два стыкеры. Дадатковы стылёвы штрых – на задніку крывавым шрыфтам надрукавана “Directed by ZARZHAVEVSHAYA RYABINA”. Падрабязнасьці на відэа.

Дарэчы, альбом можна задарма сьцягнуць з Bandcamp.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *