Год: 2024
Выдаўца: Заиндевевшая Рябина (касэта) / Der Schwarze Tod (CD)
Рэйтынг: 7,4 / 10
Сёньня разглядаем спліт новага і старога імёнаў расейскага паганска-паўночнага цёмнага мэталу. Перспектыўны квартэт (?) ALTWALD зьявіўся на сцэне зусім нядаўна, і на дадзены момант, акрамя гэтага спліту, мае ў дыскаграфіі толькі дэма і жывы запіс. Гурт ананімны, але выглядае на то, што граюць у ім дарослыя хлопцы з пэўным досьведам. Ад абодвух трэкаў, прэзэнтаваных на спліце, зразумела, на ўсё навакольле тхне ідэйным ўплывам BBH – другі трэк нават называецца “Кальдрад” і прысьвячаецца зразумела каму. Аднак, на шчасьце, музыка ALTWALD даволі самастойная. Песьня “Корнями Духа” мае вельмі дрэнны тэкст (“Но конец лишь не тот / Что у ублюдках в сердцах” – гэта бяда, шаноўныя), затое прапануе натхняльнае і насычанае музычнае падарожжа з трывожнымі трэмольнымі партыямі і цудоўнымі пераходамі на марудныя рыфы і атмасфэрныя клявішы ў стылі, напрыклад, уральцаў ВСПОЛОХ. Гэта, безумоўна, лепшы трэк на ўсім рэлізе. У “Кальдрад” тэкст даволі ляканічны і вельмі трапны, а музыка працуе па падобнай схеме, але мае слабейшую дынаміку. У гэтай песьні стандартная форма кампазыцыі, якая не зьмяняецца з часоў спліта NITBERG / ВОЛКОТЕНЬ. Што, зрэшты, таксама ня ёсьць блага.
Вяртаньне DJUR ёсьць справай больш цікавай і гучнай. У 2010-м гурт выдаў свой адзіны – вельмі моцны! – альбом, які хоць і не дасягнуў культавага статусу, але, скрыжаваўшы ўплыў KRISTALLNACHT і BEKHIRA з скандынаўскімі матывамі, зрабіў вельмі сур’ёзны ўнёсак у фармаваньне сучаснага музычнага і лірычнага стылю расейскага (а можа й трошкі украінскага – гл. першыя запісы ULVEGR) радыкальнага паганскага мэталу. Удзел Кальдрада, які напісаў лірыку для трох трэкаў, таксама быў свайго кшталту знакам якасьці. Амаль адразу ж зайшла размова пра другі альбом, і, калі не памыляюся, у Сеціва патрапіла дэма новага трэку, але ў выніку нічога не атрымалася. З прэс-рэліза да “Rooted to Death” вынікае, што, матэрыял DJUR быў запісаны раней, ніж ALTWALD. Магчыма, гэтыя песьні сапраўды прызначаліся для другога альбому. Па музыцы гэта той жа самы стары DJUR: халодны, магутны, шпаркі, кусачы і зрэдчас велічны, нібы паўночны акіян, які пеніцца і б’ецца аб скалы пад крыламі лютай завірухі. Адзінае, што мяне расчаравала – гэта вакал. Ён гучыць стомлена і безэмацыйна, і ніякое падваеньне дарожкі яго не ратуе. У параўнаньні з тым, што пан Zorn дэманстраваў на “В потоках хаоса кровей” ці ў складзе KRAHNHOLM, гэта лабуда. Лірыка DJUR атрымалася больш-менш адэкватнай, калі не ўлічваць граматычных памылак (але спішам гэта на крывыя рукі тых, хто дадаваў тэксты ў Інтэрнэт).
Касэтнае выданьне “Rooted to Death” даволі сьціплае, як па мерках выдавецтва Заиндевевшая Рябина. Толькі 37 копій, дабы з стыкерамі, на 3-панэльнай укладцы, на жаль, няма тэкстаў ды інфармацыі – толькі фотаздымкі ды ілюстрацыі. Цікава, што DJUR выкарыстоўвае арт за аўтарствам геніяльнага харкаўскага мастака Tern’а – хутчэй за ўсё, ён застаўся яшчэ з пачатку 2010-х. Падрабязнасьці на відэа.