Рэцэнзія: SAVAGE MASTER – Dark & Dangerous

Год: 2025
Выдаўца: Shadow Kingdom Records
Рэйтынг: 8 / 10

Штатаўскі SAVAGE MASTER альбом за альбомам здолеў заваяваць маё сэрца і стаць адным з маіх улюбёных сучасных Heavy Metal-гуртоў. Драпежная і сакавітая вакалістка Стэйсі, жорсткія квадратныя рытмы пад ACCEPT і JUDAS PRIEST (Hunt at night!), неахайна-разухабістае гучаньне – што яшчэ трэба для шчасьця?

Аднак нават у мегакансэрватыўным жанры Heavy Metal немагчыма заўсёды стаяць на месцы, і пад пяты альбом SAVAGE MASTER вырашыліся на невялічкія перамены. Гурт з самога пачатку працаваў у галіне д’ябальскай эстэтыкі, а цяпер да яе падцягнулася адпаведнае гучаньне. У тым, што датычыцца “прадакшна”, новы альбом зрабіў адразу некалькі крокаў наперад. У гуку і кампазыцыях зьявіліся аб’ём і глыбіня, характэрныя ўжо не для дубовага мотарокерскага хэві, а для больш сур’ёзнага і амбітнага. У песьнях стала менш вострых кутоў і нахабства, затое дадаліся вельмі прасунутыя сола і нават пэўная грацыя. У тэкстах, адпаведна, закутыя ў скуру і сталь вершнікі Шатана зьлезьлі з сваіх коней і аддаліся цёмнае рамантыцы. Цяпер SAVAGE MASTER, верыце ці не, можна параўноўваць з MERFCYFUL FATE, хоць пакуль што яны значна бліжэй да сваіх малавядомых землякоў SATAN’S HALLOW / MIDNIGHT DICE.

Savage Master - Devil Rock (Official Video)

З песьнямі на “Dark & Dangerous” становішча даволі прыстойнае. Галоўны “сінгл” вы можаце бачыць вышэй, і я б не назваў яго супэрхітом. Аднак матэрыял агулам вельмі моцны – у кожнай песьні ёсьць нешта такое, што абавязкова зачэпіцца за вуха ці прыстане да сэрца. Страшна сказаць, альбом завяршаецца мэтал-балядай, дзе Стэйсі па-сапраўднаму сьпявае. Калі я ні на што не забыўся, раней баляды ў выкананьні SAVAGE MASTER гучалі як клышаногі дум пра гвалт над нявінніцамі на ахвярніку ці штосьці падобнае. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што гурт намагаецца падняць планку сваёй творчасьці. Застаецца толькі пазычыць ім поспехаў у гэтай нялёгкай справе!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *