Год: 2021
Выдаўца: Заиндевевшая Рябина
Рэйтынг: шаманства
Пражэкт ESCHATO LOGIC, як высьвятлілася, належыць творцы пад псеўданімам Sergius Strix; у яго ёсьць даволі своеасабовы паганскі мэтал-гурт НЕЯСЫТЬ, які пасьля першых альбомаў пераўтварыўся на нешта паміж ILDJARN і ЛЕГИОН 666, і я пісаў агляд на ягоны актуальны рэліз. У ESCHATO LOGIC пан Sergius робіць зусім іншыя справы. Пачынаючы з 2007-га году, ён прысьвяціў гэты пражэкт эксперыментальнай музыцы. Я прабегся па старых запісах і знайшоў, што там ёсьць і грубаваты электронны эмбіент, і эпічны “dungeon synth”, і дроўн, і гэтак далей.
“Таинства” я б ахарактарызаваў як спробу перадаць адчуваньне шаманскіх абрадаў і зьвязаных зь імі духоўных перамен празь музыку. Альбом разьдзелены на тры “Сакраманты” жудаснай працягласьці – два трэкі па 25 хвілін, адзін “усяго” на 16 з паловай. На касэтнае выданьне таксама ўваходзіць невялікі дадатковы трэк, блізкі па стылі да астатніх. Спачатку здаецца, што на гэтым альбоме нічога не адбываецца, бо ў яго даволі незвычайная гукавая палітра. Тут не выкарыстоўваюцца сінтэзаваныя гукі і, уласна, сінтэзатар – толькі запісаныя жыўцом сэмплы і інструмэнты. Таму тут няма клявішнага тла, якое зазвычай складае палову гучаньня ў стылі эмбіент. Замест яго ў першым трэку, напрыклад, цурчыць вада. Вельмі нясьпешна, паступова, аўтар далучае да гучаньня новыя элементы і адначасова прыбірае папярэднія. Гэта робіцца настолькі спакойным і непрыкметным чынам, што нават не заўважаеш. Нейкіх там кульмінацый або інтэнсіўных адрэзкаў папросту няма, але пустую прастору займаюць ціхі гул і звон духавых інструмэнтаў.
Галасы таксама граюць важную ролю. Яны часьцей дзейнічаюць як дадатковыя інструмэнты і крыніцы для зацыкленых сэмплаў, аднак у другім і трэцім трэку ёсьць сапраўдныя вакальныя партыі, дзе жанчыны сьпяваюць / шапочуць рытуальныя заклёны. Гэтыя трэкі трохі інтэнсіўнейшыя за кошт трайблавых рытмаў, але таксама маюць вельмі лагодную і гіптатычную натуру.
Па выніку маю заявіць, што “Таинства” пакідае ўражаньне, якое няпроста перадаць словамі. З аднаго боку, усе вядомыя мне альбомы, якія хоць у чымсьці падобныя, гучаць у некалькі разоў больш багата, амбітна і разнастайна. Зь іншага боку, калі Sergius Strix меў намер стварыць абрадавую музыку эзатэрычнага характару, то ў яго ўсё атрымалася. Гэта ў станоўчым сэнсе аўтычны эмбіент, пад які не будзеш скакаць па сцэне ў зьвярыных шкурах, паказваючы з-пад іх голую сраку. Ён больш падобны да саўндтрэку для пэўнага кшталту духоўных, то значыць рытуальных, спраў. Або, як варыянт, для кампутарнай гульні, бо месцамі “Таинства” моцна нагадвае мне пра хорар Kholat. Паглядзець бліжэй на касэтнае выданьне можна на відэа.