Рэцэнзія: BELGRADO – Intra Apogeum

Год: 2023
Выдаўца: Bat-Cave Productions
Рэйтынг: 7,9 / 10

На гурт BELGRADO я наторкнуўся падчас сёрфінгу па Discogs, і ён адразу ж мяне зачапіў. Гэта вельмі адметная фармацыя: BELGRADO жывуць у Каталёніі, але ў складзе ёсьць хлопцы з брытанскімі імёнамі, а таксама дзяўчына-вакалістка (плюс), якая сьпявае па-польску (велізарны плюс!).

На працягу сваёй дыскаграфіі, якая распачалася ў 2011-м годзе, BELGRADO пакрокава дрыфтавалі ад трывожнага і эмацыйнага гучаньня з дыстаршаванымі гітарамі і элементамі панк-року да музыкі больш дарослай. Трэба адзначыць, што гурт заўсёды гучаў неймаверна аўтэнтычна, бо захоўваў усе асаблівасьці гучаньня стылю, абранага для таго ці іншага альбому. Кажучы прасьцей, запісы BELGRADO гучалі хрустка, як стары вініл.

Belgrado - Nie Zapomnę (Videoclip)

На “Intra Apogeum” BELGRADO, не пабаюся гэтай заявы, зрабілі скачок наперад, паказаўшы сваю сталасьць і хіба што не элітарнасьць. У мінулым засталіся ўвесь шум, лямант і забаўныя сацыял(істыч)ныя тэксты пра Палац Культуры. “Intra Apogeum” – гэта халодны, дакладны, летуценны пост-панк, якім ён і мае быць у сваёй дасканалай форме. Адзначу, што гэтая варыяцыя стыля больш пра рамантыку і старую эстэтыку, а не пра маўклівыя дамы і шэрасьць быцьця ў (пост)саўковай апраметнай. У параўнаньні з папярэднімі запісамі музыка заўважна спрасьцілася на кампазыцыйным узроўні – у тым сэнсе, што зь яе прыбралі ўсё неабавязковае. Тыя элементы умыслу, што засталіся, з хірургічнай трапнасьцю расстаўленыя па сваіх месцах. Кожны ўдар па бубне, кожны дотык да струны бас-гітары, кожнае націсканьне на клявіш сінтэзатара – ўсё гучыць акцэнтавана і асэнсавана.

Belgrado - Boixar (Videoclip)

Гэткім чынам BELGRADO ўдалося стварыць некалькі супэрхітоў. Найбольш моцныя зь іх можна ацаніць з дапамогай відэакліпаў, прыведзеных вышэй. Ёсьць два ці тры не самых выбітных трэка, якія заносіць у незразумелым накірунку ад цьвёрда вызначанага цэнтра. Гэта даволі моцна псуе агульнае ўражаньне, бо лепшыя песьні на альбоме настолькі цудоўныя, што ўсё, што атрымалася слабей, успрымаецца як недарэчнасьць. Хоць я не выключаю, што з часам маё ўражаньне згладзіцца, як гэта адбылося з HÄNDE. Усё адно, “Intra Apogeum” атрымаўся выдатным альбомам, у якім адчуваецца глянс і высокі творчы ўзровень. Учорашнія панкі канчаткова пазбавіліся абасцаных камізэлек і пачалі піць латэ макіята замест моцнага “Karpackiego”. Бо культура – гэта вам не хуй сабачы!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *