Год: 2020
Выдаўца: Заиндевевшая Рябина (гэтае выданьне)
Рэйтынг: 7 / 10
Незадоўга да таго, як праявілася мая хвароба рук, я атрымаў вялікі пакунак з касэтамі ад расейскага выдавецтва Заиндевевшая Рябина. Гаспадар выдавецтва прайшоў мой ідэйны фільтр, і я пагадзіўся агледзець актуальныя рэлізы. Пачну з ужо знаёмага пражэкта NOTHING, які мы нядаўна слухалі на спліце Ural Megalith. Яго трэці альбом “The Perfection of Nothingness” выйшаў на CD яшчэ ў 2020-м, але касэтнае перавыданьне мае бонус у выглядзе двух рэпетыцыйных трэкаў.
Альбом, несумненна, агулам гучыць лепей за спліт, нягледзячы на тое, што матэрыял тут больш раньні. Бадай што ўсе мэталічныя рэлізы ЗР, якія я атрымаў, так ці інакш нагадваюць Blaze Birth Hall, і “The Perfection of Nothingness” таксама. Паралелі можна правесьці і ў лірыцы, і ў пабудове музыкі. Зразумела, ў NOTHING няма таго самага магічнага гучаньня – альбом бліжэй да “Nagelreid” NITBERG, бо гучыць звонка і моцна. Мінус, зноў жа, у тым, што гэта стандартнае сучаснае расейскае гучаньне, дзе ўсё выдатна чуваць, але няма асабістага характару. Іншыя гурты ратуюць сітуацыю аранжыроўкамі або высокай дынамікай кампазыцый, аднак NOTHING грае вельмі просты, мэтанакіраваны мэтал, дзе ўсё-ўсё-ўсё пабудавана на квадратах з трэмольных рыфаў, а дадатковая аранжыроўка або сэмпл сустракаюцца радзей за вярблюдаў на Урале. Дзеля справядлівасьці хачу адзначыць, што гэта вельмі якасныя, таленавітыя трэмольныя рыфы. Толькі ў фінальных трэках тэмп падае, а галоўная гітара зьмяняецца на паўакустычную, аднак у структурах усё адно пануюць квадратныя формы.
Музыка NOTHING даволі сумная, як быццам восеньская. Інтэрнэтчыкі, зразумела, адразу запісалі NOTHING у НС-мэтал празь свастыку ў старым лёгатыпе і асабістыя погляды аўтара, але я пацікавіўся лірыкай NOTHING з самога пачатку дзейнасьці пражэкта і высьвятліў, што НС там няма ані на каліва. Канкрэтна “The Perfection of Nothingness” месцамі намагаецца сказаць нешта важнае высокім “кальдрадаўскім” стылем, аднак, шчыра кажучы, атрымліваецца прыкладна як і ва ўсіх іншых гуртоў, якія не ўваходілі ў BBH. То-бок выходзіць непасьлядоўная каша, у якой цяжка знайсьці сэнс за ўсімі гэтымі “рвущимися душами” ды “потоками безвременья”. Там, дзе Яраслаў крытыкуе рэлігію або піша пра ўласныя душэўныя перажываньні, атрымліваецца лепей. Цікава, што на слых лепей за ўсё кладзецца адзіны англамоўны трэк, хоць звычайна бывае наадварот.
Выданне на касэце, на жаль, тэкстаў не зьмяшчае, затое мае ілюстрацыі, у якіх раскрыецца агульны сэнс кожнага трэку. Акрамя таго, на касэту ўвайшлі два бонусныя рэпетыцыйныя трэкі. Падрабязнасьці на відэа.