Год: 2024
Выдаўца: Decadence Within Records
Рэйтынг: 7 / 10
Да вашай увагі першы запіс гурта COSMIC STORM і апошні гурта SMOŬŽ . За імі, апроч іншых, стаяць чалавекі і паравозы A.B. і Somber; Decadence Within Records, Crypt of Black Fog, Black Curse Zine, гурт FALLEN HORIZON – гэта ўсё яны.
COSMIC STORM падаецца слухачу як “брудны стоўнэр” у стылі “Dopethrone” ELECTRIC WIZARD. Маім абмежаванным разуменьнем, стоўнэр – гэта трошкі больш легкадумная музыка, і альтэрнатыўнае вызначэньне “Апакаліпсічны Касмічны Злавесны Дум” мне падабаецца больш. Але ў гэтай музыцы я не эксперт і не фанат, таму спрачацца пра дэфініцыі ня стану. COSMIC STORM даволі моцна нагадвае FALLEN HORIZON эстэтыкай выкананьня: тут таксама складаецца ўражаньне, што хлопцы прадзіраюцца скрозь уласныя партыі. Аднак ужо не настолькі неймавернымі намаганьнямі – мабыць, матэрыял запісваўся трохі пазьней. Тут нават ёсьць вельмі крывое і расплывістае, але гітарнае сола! Тэмп усіх трох кампазыцый вельмі марудны і паламаны, а клімат у іх дужа змрочны. Саунд сапраўды стоўнэрны, з абавязковымі вібрацыямі і згладжанымі кутамі. FALLEN HORIZON мне спадабаўся больш, але ў COSMIC STORM ёсьць, гэтак бы мовіць, другое дно, нешта невыразна-патаемнае, дзеля чаго варта вяртацца да гэтага запісу, каб зразумець, што ж гэта было.
EP SMOŬŽ “Vypramieńvańnie” быў запісаны на культавай”Яме” яшчэ ў 2021-м. У параўнаньні з дэбютным “Rotting”, гэты EP зрабіў адразу некалькі крокаў наперад ва ўсіх аспектах. Па-першае, гэта ўжо не зусім традыцыйны сладж, што вельмі добра. Трэк “Jadzierny Fakieł”, страшна сказаць, даволі хуткі і бадзёры, а “Koryjum” месцамі нагадвае бессмяротную “Gate of Nanna” BEHERIT. Гучаньне па-ранейшаму бруднае, аднак у правільным стылі, у якім зразумела, дзе гучыць гітара, дзе бас, і гэтак далей (на “Rotting” была каша, дзе мікс фактычна адсутнічаў). Абодва трэкі вельмі моцныя, адразу адчуваецца, што іх рабілі не сладжэры, а мэталісты. А вось загалоўна-фінальны ” Vypramieńvańnie” я не ацаніў. Гэта велізарная тэхна-імправізацыя ажно на 12 з паловай хвілін, і слухаць яе надакучвае ўжо пасьля 4-й.
Спліт выйшаў толькі на касэтах. Наклад – 50 копій. Укладка налічвае ажно 5 панэляў і фактычна ёсьць дзьвюма ўкладкамі, бо адзін бок адведзены пад COSMIS STORM (фіялетава-летуценны), а другі пад SMOŬŽ (змрочны чорна-барвовы). Месца навалам, таму на панэлях ёсьць усе тэксты і ўся неабходная інфармацыя, у тым ліку пра тое, што лёгатып COSMIS STORM намаляваў Vaiug. Падрабязнасьці на відэа.