Год: 2024
Выдаўца: Ural Megalith
Рэйтынг: 8,6 / 10
Уральцы ВСПОЛОХ нарэшце пачалі атрымліваць плён сваёй доўгай і руплівай працы. Пасьля моцнага альбому “Помре” 2020-га году гурт пачаў езьдзіць на гастролі, абрастаць сувязямі й імкліва набіраць папулярнасьць. Я ўжо не раз бачыў, як замежнікі казалі, што ВСПОЛОХ – найбольш выбітны з сучасных расейскіх экстрэмальных мэтал-гуртоў. З гэтым можна пагадзіцца. Я трошкі паўтараюся, але не магу зноў не адзначыць, што ВСПОЛОХ прайшлі даўжэнны шлях, зрабілі неймаверны якасны скачок і парушылі мноства правілаў. Пачаўшы як сьціплыя пасьлядоўнікі харкаўскай атмасфэрнай сцэны, на другім альбоме яны ўжо напрацавалі сваё асабістае гучаньне з характэрным уральскім калярытам, вядомым нам па творчасьці КОБЬ. Але дзіўна ня гэта, а фантастычна высокая якасьць ВСПОЛОХ як гурта. Гучаньне, выкананьне, імідж і глыбіня творчай думкі – на сёньняшні дзень усё гэта знаходзіцца, не пабаюся заявіць, на сусьветным узроўні. Ані на Candlelight, ані на Wolfspell, ані на тым жа Purity Through Fire, ані нават на Season of Mist (калі не ўлічваць DRUDKH ды іншыя пражэкты Рамана Саенка) няма гурта, які мог бы хоць трохі паспаборнічаць з ВСПОЛОХ. І тут застаецца толькі нагадаць, што ВСПОЛОХ па-ранейшаму застаецца ў ПГТ Тулугум, які налічвае 5000 з гакам жыхароў, і выдаецца на лэйбле Ural Megalith, да якога мае непасрэднае дачыненьне, у той час як безумоўна таленавітыя хіпстэры GRIMA падпісваюцца на Napalm Records і ганяюць па Эўропе з канцэртамі, хоць іхны новы альбом і напалову не настолькі добры, як “Мрьтвоземъ”.
Пісаць пра музыку ВСПОЛОХ падрабязна мне заўсёды было цяжкавата. Атмасфэрны мэтал ўсё ж-такі грунтуецца перш за ўсё на пачуцьцях, а мой слоўнікавы запас на гэтую тэму вычарпаўся яшчэ за часамі рэцэнзій на DRUDKH для Metallibrary. Магу сказаць, што “Мрьтвоземъ”, як звычайна, словам і гукам расказвае пра розныя містычныя уральскія мясьціны, таму тут варта адначасова чытаць і слухаць. І хоць музыка ВСПОЛОХ надзвычай рыфавая як для атмасфэрнага мэталу, я не магу вызначыць для вас нейкія асобныя фрагмэнты. Кампазыцыі ВСПОЛОХ вельмі плаўныя, з моцнай унутранай сувязьзю ўсіх партый. Калі хочаш зьвярнуць увагу, напрыклад, на гітару, адразу ж разумееш, што пад ёй ня меней важную ролю адыгрывае бас, а ў момант пераходу раптам чуеш, што і клявішы ўвесь гэты час рабілі нешта цікавае, і гэтак далей. Нават калі гучаць сола, гэта не азначае, што ўсё астатняе адыходзіць назад. Дзякуючы гэтай інтэнсіўнасьці збольшага павольная музыка ВСПОЛОХ усё адно авалодвае ўсёй тваёй увагай. Альбом доўжыцца толькі 44 хвіліны, але пакідае адчуваньне, што ты паслухаў не адну, а дзьве кружэлкі. Усе песьні цудоўныя; хіба што фінальная атрымалая трохі няроўнай, слабаватай у першай палове. Дзьве зь іх мы ўжо чулі на спліце каля двух гадоў таму.
Выданьне ад Ural Megalith атрымалася вартым гурта: гэта дыджыбук з 16-старонкавым буклетам і Pit Art. Унутры знаходзяцца ўсе тэксты і тэматычныя фотаздымкі для іх. Дызайн мне ня надта спадабаўся, бо ўсе фота перанасычаныя візуальнымі эфектамі настолькі, што на іх цяжка нешта разгледзець. Мяркую, арыгінальныя, “чыстыя” фотаздымкі выглядалі б лепей. Падрабязнасьці на відэа.