Бліц-рэцэнзіі 100: FROM THE DEPTHS, WINDARK, KVAD, OBSCENE, ANHAGUAMA

100-ы – падумаць толькі! – выпуск кароткіх аглядаў.

FROM THE DEPTHS – From the Depths
Год: 1996
Выдаўца: Dismal Records (арыгінал) / Hells Headbangers Records (перавыданьне)
Рэйтынг: 6 / 10

Калі ў 90-х увесь сьвет сьмяяўся з амерыканскага Black Metal, на ўвазе меліся, вядома, не HAVOHEJ або ABSU, а вось гэткія гурты. Нават у першай палове 2000-х, калі ты чуў “Black Metal з США”, можна было, не слухаючы, закладацца на тое, што гэта Death Metal з вадкім гукам, таннымі, але бясконца пафаснымі клявішамі, і абавязкова з гаўняным вакалам. FROM THE DEPTHS – гэта менавіта яно. Нельга сказаць, што альбом (насамрэч зборнік з двух дэма-запісаў) зусім безнадзейны; тут, у прыватнасьці, выдатныя рыфы, а ня звыклая трэмольная драчыльня, і ў лепшыя моманты музыка нагадвае VITAL REMAINS. Тым ня меней, усё гэта цяжка ўспрымаць як нешта большае за артэфакт зь мінуўшчыны. Сэнс перавыданьня альбома на Hells Headbangers даволі лёгка зразумець: на гэтых запісах сьпявае Джым Sadist (NUNSLAUGHTER), які быў блізкім сябрам уладальнікаў лэйбла і якраз тады заўчасна памёр. З дапамогай перавыданьня “From the Depths” былі сабраныя грошы на годныя хаўтуры.

 

WINDARK – Lore
Год: 2018
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 7,7 / 10

Штатаўскі пражэкт WINDARK, які пачаў свой творчы шлях з разьвіцьця ідэй WALKNUT, на другім альбоме ссунуўся трошкі бліжэй да сваёй культурнай спадчыны, бо тут ён моцна нагадвае WOLVES IN THE THRONE ROOM узору вялікага “Black Cascade” (гэта камплімэнт, нягледзячы на соевую натуру WITTR). У той жа час у альбоме ёсьць нешта адчужана-эўрапейскае, характэрнае для гуртоў, афіліяваных да The Pagan Front. Паўтару тое, што сказаў у аглядзе на дэбют: няхай бы музыка тут зусім не дасканалая, для аматарскага твору, які задарма раздаецца на Bandcamp, гэта папросту золата. Абавязкова слухаць.

 

KVAD – So Old
Год: 2023
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 4 / 10

Новы трафарэтны нарвэскі Black Metal з мільён, мільярд разоў чутымі рыфамі і засраным гучаньнем з эфэктам “bathroom”; напэўна, аўтары ўяўляюць сабе, што гэта раўназначная альтэрнатыва старому аналягаваму сырому гуку. Зрэшты, па ебанутай назве ўжо было зразумела, чаго варты гэты альбом. Нарвэгія, колькі ж можна?

 

OBSCENE – …from Dead Horizon to Dead Horizon
Год: 2022
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 7 / 10

Амерыканцы OBSCENE мала чым адрозьніваюцца ад іншых гуртоў сучаснага Death Metal у пляне гуку, але іхны альбом здольны прапанаваць трохі цікавостак. Па-першае, гэтыя хлопцы дужа энергічныя і злосныя, у лепшых традыцыях нават не ЗША, а Нідэрландаў. Па-другое, тут нечакана высокі вакал, які гучыць амаль па-жаночы – або, як варыянт, у стылі NECROWRETCH. Усё гэтае надае альбому неблагі прысмак і не дае засумаваць, што ўжо нямала па цяперашніх часах.

 

ANHAGUAMA – Formula of Zos Vel Thanatos
Год: 2022
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 6 / 10

Гэты бразільскі акультны гурт даволі цікава зьмешвае старажытнае шумнае лацінаамерыканскае барбарства з – нечакана – элементамі грэцкага Black Metal і нават нейкага хэві. Да вялікага жалю, справу моцна псуе нікчэмны мікс, празь які ўсе партыі здаюцца абмазанымі халодным тлушчам. Калі б ня гэтая праблема, рэліз меў бы значна большы патэнцыял, бо музыка тут сапраўды незвычайная.

Anhaguama - Formula of Zos Vel Thanatos - (Full EP) (2022)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *