Бліц-рэцэнзіі 79: NECROMANTICAL INVOCATION, PHRENELITH, NEKROVOMIT, LAMENT IN WINTER’S NIGHT, KERASFÓRA

79-ы выпуск вашай улюбёнай рубрыкі кароткіх аглядаў. Папярэднія выпускі паступова будуць дадавацца ў архіў, як і ўсё астатняе.

NECROMANTICAL INVOCATION – Dogme et rituel de la haute magie
Год: 2021
Выдаўца: Helter Skelter Productions
Рэйтынг: 6 / 10

Новае стварэньне басіста KAWIR і ўдзельніка яшчэ тузіна грэцкіх бандаў. Апроч таго, у якасьці гасьцей у запісу паўдзельнічалі ажно 7 чалавек, сярод якіх раптоўна знайшоўся гітарыст IN UTERO CANNIBALISM. Па сутнасьці, рэліз складаецца з аднаго выдатнага мэтал-трэка ў старажытным грэцкім стылі і трох выёбістых “сімфоній”, дзьве з якіх спісаныя з ” Tristesses de la Lune”. Што паспрабаваў зрабіць аўтар, зразумець лёгка, але выкананьне не-мэталічных кампазіцый выклікае цяжкавытлумачальнае раздражненьне. Мабыць, я папросту гаўнар, няздольны ацаніць выкшталцоную задумку.

 

PHRENELITH – Chimaera
Год: 2021
Выдаўца: Nuclear Winter Records
Рэйтынг: 7,5 / 10

Магутны, змрочны, вельмі інтэнсіўны Death Metal у стылі DEAD CONGREGATION, INCANTATION, TAPHOS і гэтак далей. Пры ўсёй сваёй правільнасьці, гэткія банды амаль нічым адна ад адной не адрозніваюцца, і таму іх музыка, праехаўшыся тракавым танкам па вушах, адразу ж зьнікае з памяці. Але слухаць яе, канешне, захапляльна.

 

NEKROVOMIT – Demonic Possession
Год: 2021
Выдаўца: Helldprod Records
Рэйтынг: 8 / 10

Інданэзійскі пякельны трэш зь вельмі старажытным аналагавым гукам. Сьмярдзючы, бязлітасны і дурны – ўсё па-наску. Поўны, як кажуць, AAAAAAAAAAAAAAARRRRRRRRRRRRRGH!!!!!!! Апроч таго, на гэтым дэма вельмі жудаснае intro, што ў нашыя дні рэдкасьць. Халера ведае, што тут яшчэ сказаць – слухаць усім!

 

LAMENT IN WINTER’S NIGHT – At the Gates of the Eternal Storm
Год: 2020
Выдаўца: Dark Adversary Productions
Рэйтынг: 6,5 / 10

Цёмны мэтал з характэрным “прывідным” гучаньнем у стылі старога DROWNING THE LIGHT, дзе гітара і вакал запхнутыя ў самы аддалены кут, а наперадзе талеркі з бубнавай кашай. Нічога дзўнага, што выйшаў ён на лэйбле Azgorh’a. Мне такі гук не падабаецца; маім меркаваньнем, слабенькія гітары сьведчыць аб праблемах з патэнцыяй. А тут яшчэ трэмола нейкія задужа салодкія, хоць свае выдатныя моманты, канешне, ёсьць. Таму рэліз строга на аматара.

 

KERASFÓRA – Denn die Todten reiten schnell
Год: 2021
Выдаўца: Qalmana
Рэйтынг: 7,8 / 10

Цёмны мэтал з Чылі. Мае вельмі дэпрэсіўны, але разам з тым напружаны настрой; нядобрыя гітарныя рыфы і багацейшыя сінтовыя аранжыроўкі моцна ціснуць на галаву. Чымсьці нагадвае наш PA VESH EN, толькі з разборлівым гукам і невялічкім рэтра-каларытам. Музыцы бракуе разнастайнасьці, бо ўсе тры песьні прыгатаваныя па амаль што аднолькавым рэцэпце, але для першага дэма гэта вельмі-вельмі добра. Калі ў вашым жыцці чамусьці мала негатыўных эмоцый, абавязкова паспытайце. Традыцыйна дадамо, што ў Чылі гаўна не робяць.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *