Агляд Terminator: Resistance

А зараз прапаную вашай увазе першы нефарматны матэрыял. Гэта будзе агляд шутэра Terminator: Resistance 2019-га году выданьня. Калі камусьці цікава, агляды гульняў я пачаў пісаць яшчэ ў тыя часы, калі наогул ня ведаў пра існаваньне экстрэмальнага мэталу, а потым нават зарабляў грошы гульнявой журналістыкай, пяць гадоў адпрацаваўшы на легендарную газету “Віртуальныя Радасьці” і яе сястру “Кампутарную газету”. Перагарэўшы, я на нейкі час страціў жаданьне гэтым займацца, а потым яно зьявілася зноў, але ўжо толькі на сваіх умовах, бязь тэрмінаў. Таму няхай мая пісаніна ляжыць на Багніку разам з усёй астатняй, мо каму спатрэбіцца.

Да справы. TR – гэта польскі шутэр (яшчэ гадоў 15 таму гэтае словазлучэньне было лаянкай, але цяпер усяляе надзею) ад студыі Teyon, аўтараў жахлівата тыру па Rambo, на які я шмат гадоў таму пісаў агляд для ВР. Зроблены збольшага на грант ад Еўразьвязу, і не тое каб вялікі (а гэта ўжо ўсяляе падазрэньні). Па абмежаванай ліцэнзіі (аўтарам далі правы на галоўную музычную тэму і агульны сэтынг, але не на зьнешнасьць актараў, таму мы не сустрэнем старых знаёмых, акрамя дарослага Джона Конара). На бясплатным рухавічку Unreal Engine 4 (які можа выдаваць прыгажосьць, але ня гэтым разам). І, ведаеце, у гэтых умовах у палякаў атрымалася найлепшая ў гісторыі гульня пра тэрмінатараў. Не тое каб папярэднія  спробы былі вельмі добрымі, але ўсё адно гэта вялікае дасягненье.

TR пачынаецца як тыповы бюджэтны шутэр. Наш герой, баец Супраціву, апрытомнеўшы ў нейкай лужыне, уцякае з разбуранага горада разам з купкай цывільных, адстрэльваючы з аўтамата механічных павучкоў і хаваючыся ад лятучых HK. Усё гэта моцна нагадвае ўспаміны Кайла Рыза ў першым “Тэрмінатары”, але адразу заўважаеш тое, што візуальная частка гульні састарэла гадоў на 8, а шутэрная – удвая больш; балістыка адсутнічае, а аддача толькі фармальная. Сам узровень цалкам лінейны.

Пакінуўшы горад і апынуўшыся ў бясьпечным месцы разам з выжыўшымі, мы пачынаем з імі знаёміцца. Тут высьвятляецца, што ў гульні ёсьць сістэма дыялёгаў і даверу, а таксама дадатковыя заданьні, і ўсё гэта раптоўна ўплывае на фінальную частку, хоць і ня надта моцна. Далей – больш; першае заданьне праходзіць на вялікай тэрыторыі з пэўнай колькасьцю цікавых месцаў, і тое, як вы будзеце прасоўвацца наперад, залежыць толькі ад вас. І літаральна з кожным заданьнем TR выклікае ўсё большую і большую цікавасьць. Высьвятляецца, што ў гульні ёсьць RPG-складнік, дзе кожны пункт кожнай галіны навыкаў мае вялікае значэньне. Што праходзіць узроўні можна па-рознаму, як ціха, так і па-барбарску, ці нават з прымяненьнем дробных подласьцяў – такіх як перапраграмаваньне варожых турэляў. Што тут ёсьць збор рознага рагоцьця і крафтынг зь яго, а таксама сістэма апгрэйдаў зброі. Такім чынам, бюджэтны польскі шутэр пасьпяхова дзейнічае на адным полі з гігантамі кшталту Deus Ex, Metro ці Bioshock, няхай і зь меншай выкшталцонасьцю.

У ролі ворагаў у гульні выступаюць толькі робаты і кібаргі. У пачатку ёсьць намёкі на тое, што распрацоўнікі думалі даць нам паваяваць таксама з марадзёрамі, але адмовіліся ад гэтай ідэі. Штучны інтэлект ворагаў не самы кемлівы, але ў кожнага тыпу ёсьць свае асаблівасьці: дроны і браніраваныя павукі ўмеюць прыкрываць уразьлівыя мейсцы і ўхіляцца ад стрэлаў, навейшыя мадэлі тэрмінатараў кідаюцца бомбамі, і гэтак далей. Я гуляў на Hard, і пад канец гульні ворагі пачынаюць несьці рэальную небясьпеку. Нават калі ты ўзброены плазменнай вінтоўкай, два тэрмінатары – гэта ўжо бяда, бо яны вельмі трывалыя і здольныя забіць цябе за 2-3 секунды, калі ты стаіш на месцы.

Пры ўсім гэтым бюджэтнасьць гульні не дае на сябе забыцца. З тэхнічнага пункту гледжаньня яна выглядае дрэнна, тэкстуры і мадэлі вельмі мыльныя, анімацыі твараў амаль што няма, актары на агучваньні далёка ня лепшыя. Апроч таго, мы па некалькі разоў вяртаемся на тыя ж самыя лакацыі з рознымі заданьнямі. Месцаў, пры поглядзе на якія хацелася б сказаць “ого”, бадай што няма. Паўсюль руіны, косткі і жалезьзе – ну, вы самі бачылі кіно. Таму, калі ты вяртаешся ў сховішча, дзе байцы Супраціву сядзяць зь свечкамі і п’юць кіпень з бляшанак, гэта ўжо здаецца прыгожым.

Але апошняе таксама няблага. Бо палякі маюць глыбокае пачуцьцё стылю, і не толькі візуальнага. TR ажно сочыцца той самай атмасферай постапакаліпсічнага сьвету, які мы бачылі ва ўрыўках з першага і другога фільмаў. Дызайн, спецыяльныя эфекты, канон, агульны настрой – да ўсяго гэтага распрацоўнікі паставіліся з велічэзнай павагай. Сюжэт атрымаўся вельмі цікавым, у ім ёсьць месца і для інтрыгі, і для драмы, і для каханьня. Пры гэтым ён вельмі добра звязаны з сюжэтнай лініяй першых двух фільмаў (значна лепей, чым астатнія фільмы, напрыклад). Саўндтрэк цудоўны: падчас блуканьняў па развалінах грае ціхі рэтра-эмбіент, а ў найбольш драматычных момантах выкарыстоўваюцца розныя рэміксы галоўнай тэмы. Калі мы ў фінале штурмуем галоўную базу Skynet у суправаджэнні ўзламанага ВЕЛІЗАРНАГА танка HK, і ўсё гэта пад музыку Брэда Фідэля – адчуваньні не перадаць словамі.

Апроч галоўнай кампаніі, гульня прапануе дармавы рэжым “Infiltrator” (гуляем за Тэрмінатара зь чалавечай зьнешнасьцю, мардуем людзей і шукаем даныя выведкі) і платны DLC “Annihilation Line”, дзе галоўны герой асноўнай кампаніі разам з атрадам пад камандаваньнем Кайла Рыза (зьнешнасьць і голас, на жаль, не ад Майкла Біна) праводзіць росшук на занядбанай базе і знаходзіць цікавыя рэчы, таксама зьвязаныя з арыгінальнай дылёгіяй фільмаў. Усю гэтую радасьць можна купіць у Steam у Беларусі. Фанатам Terminator татальна рэкамендую. Гэта яшчэ ня ўзровень вялікай Alien: Isolation, але таксама гульня, якую рабілі старанна, з любоўю і разуменьнем.

P.S. Зараз студыя Teyon займаецца гульнёй па Robocop, і гэта вельмі добрая навіна, скажу вам – цалкам відавочна, што яны здольныя зрабіць усё верна.

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *