Год: 2026
Выдаўца: Skon
Рэйтынг: 7 / 10
ABRASIV RUBEDO ёсьць чарговым ананімным пражэктам з Крыўі, але не ад тых ананімаў, якія звычайна ствараюць нешта падобнае. Наколькі мне вядома, ABRASIV RUBEDO ствараўся ужо даволі даўно – гадоў 8 таму – з мэтай граць максімальна злосны й хуткі Black Metal. Празь перфекцыянізм стваральніка пражэкта ўся гэтая справа моцна зацягнулася. Запіс матэрыяла пачаўся ў 2020-м, скончыўся ў 2022-м, і толькі цяпер яго пераканалі выдаць запісаны альбом на касэтах празь Skon.
Сказаць, што “Naležyła…” ёсьць найхутчэйшым і найлюцейшым Black Metal, я не магу. Але праўдзіва тое, што ён бязьлітасна цісьне на слухача і не дазваляе расслабіцца ані на імгненьне. Усе 8 трэкаў нязьменна інтэнсіўныя і зьмяшчаюць усяго некалькі мізэрных фрагмэнтаў з прэтэнзіяй на мэлядычнасьць ці зьніжаны тэмп. У апошнім трэку можна заўважыць гітарнае сола. Празь наўмысна глухаваты саўнд з высунутым наперад вакалам альбом спачатку здаецца даволі аднастайным і спрошчаным, але насамрэч тут усё больш цікава. Як на мае вушы, ABRASIV RUBEDO спалучаюць тры падыходы. Першы – сапраўды крайне спрошчаны stripped-down-Black Metal, залішаны нейкага выразнага калярыту. Нешта падобнае гралі на пачатку XXI стагодьдзя новыя гурты па ўсім сьвеце, якія ня мелі магчымасьці запісвацца ў дарагіх студыях і да ўсяго даходзілі самі. Мне адразу ўзгадаліся DEOFEL і “Budučynja njaviečna”. Другі – спадчына KRUK. Я ня ведаю, ці слухаў HST (аўтар музыкі) першыя альбомы KRUK, працаваўшы над ABRASIV RUBEDO, але часта я чую тут характэрныя “няправільныя” пасьлядоўнасьці акордаў, пераходы і вакальныя схемы, якія лёгка маглі б выйсьці з-пад рук / з рота Ryks Asirg’а і Twilight One’а. Трэці – атанальны гвалт а-ля LEPROUS VORTEX SUN. Я называю менавіта гомельскі гурт таму, што ABRASIV RUBEDO разьдзяляе зь ім адмысловае халоднае адчуваньне чыстага музычнага нігілізму. У іншых падобных гуртоў, вядомых мне, музыка можа мець падобную форму, але не пачуцьцё.
Такім чынам, альбом складаецца з аднаго стандартнага і двух вельмі нестандартных стыляў. Атрымліваецца невыразна, недабразычліва, арыгінальна. Невыразна не ў адмоўным сэнсе, а ў тым, што “Naležyła…” не сыпе бісер перад абы кім. Ён неяркі, кляўстрафабічны і не намагаецца ўразіць шырокую аўдыторыю. Ён не брыдкі, як запісы тых жа самых LEPROUS VORTEX SUN, але дапусьціць “да цела” толькі слухачоў, гатовых аддаць яму ўсю належную ўвагу.
Альбом выйшаў на pro-tape на Skon. Усе тэксты ў наяўнасьці. Традыцыйна для лэйбла, лёгатып намаляваў Ваюг (дарэчы, калісьці ён займаў пасаду бубнача ABRASIV RUBEDO), а дызайн выканаў Грэк. Падрабязнасьці на відэа.



