Год: 2025
Выдаўца: La Caverna Records
Рэйтынг: 7,6 / 10
Восем гадоў таму альбом калюмбійскага гурта CÓNDOR зрабіў на мяне вельмі прыемнае і нечаканае ўражаньне, а летась яны нарэшце выдалі працяг. “Aurë Entuluva”, калі не лічыць апошняга трэку, заснаваны на паэме Ўільяма Ейтса “The Hosting of the Sidhe”, але выкананы на роднай мове калюмбійцаў. Гэта ўжо даволі моцны распачатак для інтэлектуальнага альбому, і можна ўпэўнена сказаць, што CÓNDOR не расчаравалі.
Асноўныя параметры “Aurë Entuluva” супадаюць з тымі, што я апісаў у аглядзе на папярэдні альбом. Гэта таксама мультыжанравы мэтал з думавай асновай і вельмі цёплым старамодным саўндам у стылі альбомаў ROTTING CHRIST сярэдзіны 90-х. Карыстальнікі Metal Archives вывелі наверх у разьдзеле “падобныя гурты” штатаўскі CEREMONIUM; я азнаёміўся і заўважыў пэўнае падабенства, але толькі ў пляне прыёмаў граньня. У тым, што датычыцца пачуцьцяў і атмасфэры, CÓNDOR зусім іншыя. Іхная музыка не бязьлітасная і халодная, а задуменная, ўзвышаная, прыкладна як у аргентынцаў GENUFLEXIÓN, і хіба што трошачкі трывожная. CÓNDOR нікуды не сьпяшаюцца і не намагаюцца анікога ўразіць цяжкасьцю. На старанна награныя марудныя і сярэднятэмпавыя рыффы намазваюцца прыгажэнныя ліды і сола. Вакал імкнецца займаць як мага менш часу, каб не адцягваць увагу ад музыкі. Нягледзячы на нетаропкасьць, CÓNDOR не дазваляюць слухачу занудзіцца, бо іхныя музычныя рашэньні далёкія ад стандартаў Doom Metal. Гэта хутчэй Heavy Metal, выкананы ў Doom’авых формах, бо ён вельмі разнастайны. Трэба заўважыць, што на высокай хуткасьці музыка CÓNDOR не працуе. Трэк “La muerte de José María Córdova” адсоткаў на 70% складаецца зь нейкага Speed Metal; гучыць гэта жудасна недарэчна і нават сьмяхотна. За гэты трэк я адразу ж зьнізіў рэйтынг усёй плыткі. Дадумаліся! Але няхай гэта не засьціць вам вочы; “Aurë Entuluva” трэба слухаць абавязкова, бо гэта душэўны альбом з вельмі цікавым гучаньнем.



