Рэцэнзія: GOUGE – Pure Deathfuck

Год: 2026
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8 / 10

Чаго я не чакаў, дык гэта вяртаньня гурта GOUGE пасьля 11 гадоў маўчаньня. У 2012-м і 2015-м GOUGE (за якім стаяць удзельнікі такіх цудоўных нарвэскіх актаў, як AVMAKT, FLIGHT, BLACK VIPER, BLACK MAGIC) выкінулі на сцэну два шматка сьмярдзючага, бруднага, ванітнага дэт-грайнда ў першабытных традыцыях REPULSION ды IMPETIGO. Хоць я невялікі фанат грайндавага падыходу, але я люблю па-грайндаваму мярзотны і шалёны мэталічны саўнд, асабліва калі пад яго рыгаюць у мікрафон. GOUGE былі якраз пра гэта, і я па-ўсякаму прасоўваў іх для сваіх чытачоў і сяброў. На жаль, вытанчаная натура GOUGE мала каму прыйшлася да спадобы. Памятаю, што іхны альбом увесь час ляжаў на Hells Headbangers у секцыі “распродаж” за 3$, і не выключаю, што нейкія залішкі накладу захаваліся нават па сёньня. Гэткі лёс у геніяльных твораў!

Але па вясне 2026-га я наторкнуўся на прома новага міні-альбома. І я вам скажу, што гэта амаль тыя ж самыя старыя GOUGE. Яны цяпер трошкі больш мэталічныя, бо саўнд стаў лепей, а ў партыях зьявілася нейкая дынаміка. Толькі па сутнасьці гэта ўсё адно грайндкор, перамешаны з лютым прымітыўным трэшам кшталту раньніх SLAUGHTER. Некалькі павольных фрагмэнтаў, зразумела, псуюць агульнае ўражаньне, але хіба што зьлёгку. Для параўнаньня на CD-вэрсію дадалі міні-альбом “Doomed to Death”, што раней выходзіў толькі на вініле і касэтах, таму вы можаце праверыць праўдзівасьць маіх словаў, не адыходзячы, як гаворыцца, ад касы. Ну і пагадзіцеся, два міні-альбомы GOUGE на адным дыску – гэта як атрымаць два вядра гарачых памыяў замест аднаго! Выгадна і сытна! Спадзяюся, з другога заходу ў нарвэжцаў атрымаецца выбіцца трохі вышэй і прыцягнуць больш увагі да сябе.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *