Год: 2024
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,3 / 10
Заслужанаму штатаўскаму гурту DECEASED у мінулым годзе стукнула ажно 40! Калі не браць на ўвагу іхныя шалёныя, агрэсіўныя дэма з 80-х, DECEASED заўсёды вельмі моцна мяне расчароўвалі. Ужо зь першага альбома іх панесла ў вельмі мэлядычны Death / Thrash Metal, які яны граюць па сёньняшні дзень. Для тэматыкі жахаў, якую DECEASED абралі ў якасьці асновы, ён гучыць ня надта дарэчна. З налётам экстрэмальнасьці, гэтак бы мовіць. Адчуваецца, што мужыкам больш па сэрцы панк, хардкор ды хэві. Быў яшчэ вельмі падобны да DECEASED сайд-пражэкт OCTOBER 31 зь яшчэ больш лёгкім гучаньнем, і там усё зусім сумна. На шчасьце, ён распаўся.
Зразумела, слухаць “Children of the Morgue” я нават не плянаваў, але нейкім чынам да маіх вушэй дайшоў загалоўны трэк з гэтага альбому… і ён выявіўся заебацельскім!!! Купіць дыск варта дзеля яго аднаго, і я не перабольшваю. Калі ў нашыя часы яшчэ можна напісаць прабіўны мэтал-супэрхіт (ды не радыёфарматны, а на паўнаважныя 7 з паловай хвілін), то гэта ён. Але й астатнія трэкі даюць прасрацца і ўражваюць сваёй энергіяй і гучаньнем. Я адмыслова параўнаў яго з папярэдняй парай альбомаў: акрамя гуку, нічога кардынальна не зьмянілася. Але DECEASED зрабілі з сваім стылем штосьці такое, ад чаго ён нарэшце “клікнуў”. Магчыма, ім нарэшце ўдалося ўраўнаважыць майстэрскія гітарныя запілы з сапраўдным трэшам старой школы, а ня тым “кампрамісным” варыянтам, які яны гралі раней.
Так ці так, цяпер усё працуе. З гэтым дапрацаваным гучаньнем па-новаму раскрыецца ўменьне DECEASED рабіць з сваіх песьняў міні-спэктаклі. Калі ў песьні, скажам, здараецца пераход ад злавеснага гойсаньня да хуткіх гітарных гонак, гэта ня толькі дзеля дынамікі, а перш за ўсё таму, што ў тэкстах зараз адбываецца нешта адпаведнае. Напрыклад, сьвежавырыты труп раптам ачуняў і пагнаўся за героямі песьні, ці нешта падобнае. Гэта вельмі ўдалы творчы прыём з традыцыйнага мэтала, пра які сёньня, на жаль, мала хто памятае. Памятаеце, як геніяльна ён працаваў, напрыклад, у “Раскачаем этот мир”? DECEASED даюць свой адказ у выглядзе песьні “The Grave Digger”. Таму я рэкамэндую альбом перш за ўсё аматарам правільнага, дынамічнага Heavy Metal з палымянымі гітарамі!



