Рэцэнзія: MORDSTORM – …as the Pyre Devours the Black Sky

Год: 2025
Выдаўца: Handful of Hate
Рэйтынг: 7 / 10

Сустракайце чарговае папаўненьне крыўскае сцэны сьвежай маладой крывёй: MORDSTORM. Гэтыя хлопцы старанна ўшаноўваюць несьвятыя традыцыі Black Metal і не саромеюцца старамоднага пафасу ў эстэтыцы, падачы і ідэях. Выпусьціўшы гэтае дэма, яны нават зладзілі містыфікацыю з магіяй лічбаў, заявіўшы яго як рэліз 1999-га году запісу, але цяпер ужо вызнаюць, што насамрэч год быў 2025-ы. Я б назваў “…as the Pyre Devours the Black Sky” дэма-альбомам, дзе ўсё пакуль што даволі сырое. Гучаньне можна параўнаць з дзесяткам-другім запісаў DROWNING THE LIGHT або гуртоў LLN, альбо нават з старымі польскімі бандамі другога і трэцяга эшалёнаў. Яно дрыготкае, высокатанальнае, аддаленае і шумнае. Песьні таксама сыраватыя: дзесьці ў іх ё сапраўдная музыка, а дзесьці чуханьне двух нотаў пад сумятлівы бласт-біт. Дурная ідэя пусьціць інструмэнтальны трэк адразу пасьля ўступу… гэтак ніхто не робіць, і нават ня трэба тлумачыць, чаму.

Але “…as the Pyre…” працуе. Прымітыўны саўнд ня ёсьць чарговым узорам “live in bedroom”; у ім прысутнічаюць нейкія зародкі свайго характару або “прадакшну”. Музыка ўвесь час мяняе форму: то яна зь клявішамі і атмасфэрай, то па-мардукаўску прэ строга наперад па вузкім калідоры, то падае ў чорную рытуальную яму, то гайдае слухача на сярэднятэмпавых “арэлях”. Архаічны гук стварае дадатковую заслону, якая зь першай спробы не прапускае ня толькі пазёраў і турыстаў, але й дасьведчаную аўдыторы. Хто захоча – той паслухае зноў і зноў, каб зразумець, што дзеецца ў музыцы MORDSTORM. Я такія альбомы люблю больш за ўсё, бо яны маюць уласьцівасьць паўторнага праслухоўваньня. Кожны раз знаходзіш у іх нешта новае (але й хутка забываеш большую частку матэрыяла, бо саўнд не спрыяе запамінаньню). Але я б сказаў, што найбольш моцным асьпектам “…as the Pyre…” ёсьць такая невымяральная рэч, як дух сапраўднага Black Metal. Ён увасабляе ў сабе тыя рэчы, якія прыходзяць на розум, калі гаворыш пра гэты жанр: экстрэмальныя ідэі служэньня Вышэйшаму Ліху, непранікальнасьць для масавага слухача, элітарнасьць, містыку. Адчуваецца, што мэты MORDSTORM ня ў тым, каб граць канцэрты і ладзіць Q&A для фанатаў у Instagram, а ў старамодным музычным экстрэмізме. Прынамсі, на дадзеным этапе. Як будзе далей – пакажа час.

Дыск ад Handful of Hate мае каляровы буклет на 8 старонак з усімі тэкстамі і мільёнам фотак гурта ва ўсемагчымых позах. Я разумею, што ўдалыя фотасэсіі любяць усе, але трэба мець больш сьціпласьці, грамадзяне! Зрэшты, выглядае ўсё вельмі добра і стылёва. Да тэкстаў ёсьць пэўныя прэтэнзіі, бо ангельская мова ў хлопцаў не дасканалая, але навучаным ніхто не нараджаецца. Адно што, як на мяне, лясная эстэтыка зусім не пасуе гэтаму запісу. Нішто ў лірыцы да яе не прывязана, а музыка, асабліва ў тых частках, дзе гучаць клявішы, прымушае думаць ніяк не пра гушчар, а хутчэй пра мора ці нават акіян. Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *