119-ы выпуск кароткіх аглядаў.
ÞRYMR – Saga of the North
Год: 2024
Выдаўца: Darkness Shall Rise Productions
Рэйтынг: 5 / 10
Гэта сольны пражэкт слыннага нарвэскага музыкі Трыма Торсана, бубнача EMPEROR (а раней – ZYKLON і ENSLAVED). Тут Трым грае дастаткова складаны і кінематаграфічны нардычны эмбіент. Музыка атрымалася дарагой, якаснай і разнастайнай, але гэта менавіта што музыка пад кіно; саўндтрэк для фільма, які не існуе. Яна не стварае падзеі, а толькі агучвае іх. Камусьці гэткі падыход, несумненна, падабаецца, аднак я знаходжу яго нудным. Прэс-рэліз параўновае ÞRYMR з MORTIIS, але нават у першым дэма MORTIIS у некалькі разоў больш сэнсу і глыбіні, нягледзячы на прымітыўнасьць выкананьня. Тут усё наадварот – вялікая колькасьць ідэй, а за імі пустота.
SIN OF GOD – Blood Bound
Год: 2025
Выдаўца: Pest Records
Рэйтынг: 7,6 / 10
Другі альбом SIN OF GOD у свой час стаў для мяне адным з найлепшых рэлізаў Satanath Records за ўсю гісторыю. Мала каму вядомы венгерскі тэхнадэтавы гурт раптам прадэманстраваў, што амаль нічым не саступае грандам з мажорных лэйблаў. Тое, што за наступныя 9 гадоў SIN OF GOD не апынуліся на ўмоўным Willowtip, мяне моцна зьдзіўляе. На сьвежым “Blood Bound” гурт зноў даказвае, што ідзе нос у нос з мажорнай сцэнай. Высокая інтэнсіўнасьць, майстэрскае выкананьне, добрыя песьні – моц! Але на самой справе мяне больш за ўсё ўзрадаваў pdf з прэс-рэлізам, атрыманы ад лэйбла. Замест ненавіснай хуйні пра “undergrounds most well-kept secret” (НАХУЙ!!!!!!!!!!) і хлусьні пра “stellar musicianship” тут прапануецца: 1) дэталёвая інфармацыя пра альбом; 2) тлумачэньне сэнсу кожнай песьні і канцэпцыі ўсяго альбома агулам; 3) тлумачэньне сэнсу вокладкі (за яе стаўлю мінус – гэта ёбаны ШІ); 4) біяграфія гурта; 5) тры сьмешныя байкі зь яго гісторыі. Ну не сьвятыя людзі? Вось як трэба рабіць прэс-рэлізы!
ZMIJ – Zmij
Год: 2024
Выдаўца: Gladivs Records
Рэйтынг: 6,5 / 10
А зараз перад вамі пражэкт славакаў з KRAJINY HMLY. Пісаць пра яго даволі цяжка. Гэта такі сучасны містычны мэтал, які намагаецца замаскавацца пад стары, а ў выніку захрасае дзесьці пасярэдзіне. Тут можна знайсьці паралелі з усім, што прыходзіць да галавы – ад старажытных палякаў й іншых цяперашніх славакаў да MAYHEM і TRIUMPH, GENUS. У музыкі прыемны архаічны гук, але выразнасьці ў ёй небагата. Песьні зусім не западаюць у памяць. Адно, што выбіваецца – дужа незвычайны асноўны вакал. Ён увесь “чысты”, але глыбока апантаны. І не, гэта не Атыла, а, хутчэй, нейкі стары разьюўшаны дзед, поўны рэлігійнага шалу. Кажу гэта як камплімент. Але ўвесь міні-альбом пакідае дваякае ўражаньне. Як быццам усё працуе, а эфект не тое каб надта моцны.
KRAJINY HMLY – Cez ostrie skál
Год: 2022
Выдаўца: Werewolf Promotion
Рэйтынг: 7,4 / 10
Апошні на дадзены момант альбом KRAJINY HMLY, добра вядомы слухачам з Беларусі празь тое, што рэлізы Werewolf Promotion заўсёды былі ў наяўнасьці перш за ўсё ў дыстра Possession. У адрозьненьні ад больш цёмнага і таямнічага ZMIJ, у KRAJINY HMLY гэтыя хлопцы граюць даволі тыповы для цэнтральнай і ўсходняй Эўропы паганскі мэтал. І тут не магу не правесьці паралель з STWORZ (зь якім, дарэчы, KRAJINY HMLY зрабілі спліт у 2023-м). У той час як большасьць паганскіх мэтал-гуртоў паталягічна няздольная на хоць нейкае разьвіцьцё і працягвае граць тыя ж самыя прыпеўкі ды дрындушкі з альбома ў альбом, STWORZ і KRAJINY HMLY выціскаюць з гэтага стыля ўсё магчымае. Музыка славакаў простая для ўспрыманьня, мэлядычная і маштабная. У ёй пануюць багатыя партыі лід-гітары, што амаль ніколі не спыняюцца. Знаёмы “славянска-народны” рыффінг у выкананьні KRAJINY HMLY гучыць вельмі стала. Як і ў выпадку з STWORZ, музыка KRAJINY HMLY актыўная, насычаная. Адзінае, чаго б хацелася – больш разнастайнасьці ў канструкцыях трэкаў і вакале. Нават агрэсіўны бэк-вакал мог бы надаць гэтай музыцы велізарную прабіўную моц. Зьвяртайцеся да SALTUS за прыкладамі.
GOATS OF DOOM – INRI
Год: 2025
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 6,5 / 10
Стандартны фінскі Black Metal з усімі стандартнымі элементамі: рытмы, пад якія ахвота выкідваць каленцы, злосныя вакалы, вельмі высокая мэлядычнасьць (ажно на ўзроўні ўсякіх там CHILDREN OF BODOM’аў ды KALMAH’аў, калі ўвогуле не металкору) і зданьнёвая разнастайнасьць (гэта калі кожны трэк увесь такі дынамічны, бо бярэ трошкі ад DARKTHRONE, трошкі ад BATHORY, трошкі ад DISSECTION, і яшчэ па жменьцы ад 15-20 гуртоў, а ў выніку атрымліваецца, што ты ўсё гэта ўжо чуў сто разоў у ідэнтычных камбінацыях). Дзякуючы сваёй выбуховай энергетыцы, “INRI” не дае засумаваць, але будзьма шчырымі: ён забудзецца, як толькі прагучыць апошняя нота апошняй песьні. А яшчэ тут дужа паскудны гук з гаўняным “прадакшнам”. І ўсё гэта моцна супярэчыць грознае назве “GOATS OF DOOM”. Несур’ёзныя нейкія гэтыя хлопцы.



