Год: 2025
Выдаўца: Doomentia Records / Armageddon Label
Рэйтынг: 8,5 / 10
Гурт HIRAX я ведаю вельмі даўно, і амаль гэтак жа даўно нічога ад яго не чакаю. На працягу сваёй дыскаграфіі HIRAX запісалі некалькі хітоў, але іхны стыль заўжды быў для мяне вялікай перашкодай. Зашмат кросовэру, залішне спід-мэталічнага мякішу. “Immortal Legacy” 2014-га году неяк мяне абмінуў; я памятаю, што слухаў яго, і толькі. Таму я ўвогуле выкінуў HIRAX з галавы.
Надоечы, наторкнуўшыся на прома новай плыткі, я падумаў: чаму б і не? І мяне чакала неспадзяванка. HIRAX раптам запісалі адзін з найлепшых трэшавых альбомаў году! Ад кросовэру тут засталася хіба што ляканічнасьць: 9 кароткіх трэкаў усяго толькі на 22 няпоўныя хвіліны. Спідоўшчыны няма зусім. Затое кожны трэк, адпаведна назве плыткі, намагаецца быць хутчэйшым за саму Сьмерць. У гэтых сьціслых, палкіх баявіках агулам набярэцца, мабыць, 100-120 секунд сярэдніх тэмпаў. Усё астатняе – шалёны чэс, неўміручыя slayer beats, маланкавыя сола. Я называю гэта эфектам маладога гітарыста, бо ўжо не ўпершыню назіраю, як дабрадзейна ўплываюць гэтыя поўныя адрэналіну хлопцы на старыя гурты. Нілу Мэткалфу, які напісаў амаль усю музыку для “Faster than Death”, усяго 29. На жаль, ён пакінуў гурт, бо, паводле ягоных словаў, нязьменны ачольца HIRAX Катон дэ Пенья выявіўся рэдкім гандонам і нават паспрабаваў даць яму пізды (гл. першы камэнт пад відэа). Таму наўрад ці HIRAX зноў скінуць на слухача яшчэ адну гэткую напалмавую бомбу.
У альбома таксама выдатны звук і выдатны артворк. Ды й Катон трымаецца малайцом. Дзеду, нагадаю, ужо 62, але гучыць ён гэтак жа пранікліва, як у сярэдзіне 80-х, а мо й лепей. Гэткі трэш мы любім і шануем.



